Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Ельску застаюцца без гарачай вады


Казімер Яноўскі, Гомель У Ельску, забруджаным радыяцыяй палескім райцэнтры, амаль 900 кватэраў у шматпавярховых дамах у мікрараёне “50 год СССР” ня маюць гарачай вады.

Чаму так здарылася, цяперашнія кіраўнікі толкам ня ведаюць. Апавядае намесьнік старшыні Ельскага райвыканкаму Іван Казак, куратар гораду ад раённай “вертыкалі”.

(Казак: ) “Гэта было яшчэ пры савецкай уладзе, пры камуністах. Сёньня ніхто ня можа мне толкам назваць прычыну. Але факт ёсьць факт: гарачая вада па цеплавых сетках з 1991-га году не падаецца”

Людзі з большага прызвычаіліся да такіх умоваў жыцьця. Грэюць ваду ў вёдрах, каструлях альбо ладзяць у кватэрах награвальнікі:

(Жанчына:) “Хто як! Хто моцна хоча прымаць душ, той ладзіць ваданагравальнікі. А хто не – ходзіць чорным. І на поўдзень ехаць загараць ня трэба”.

Зрэшты, ня толькі адсутнасьць гарачай вады турбуе гаражанаў:

(Алена:) “Я так думаю, што камунальная служба ня выконвае свае абавязкі. Лазьня ў Ельску – гэта таксама праблема. Няма дзе памыцца людзям. Там такая лазьня, што нармальны чалавек, я думаю, туды ня пойдзе. Во тут, недалёка… Што лазьня ёсьць, што няма – аднолькава”.

Мясцовыя ўлады спрабавалі сёлета вырашыць праблему забесьпячэньня гарачаю вадою найбуйнейшага мікрараёну “50 год СССР” двума шляхамі. У большасьці дамоў меркавалася ўсталяваць газавыя калёнкі для нагрэву вады, а прыкладна ў 180 кватэраў – цэнтралізавана падаць гарачую ваду ад кацельні раённага шпіталю.

Аднак, сьцьвярджаюць у райвыканкаме, падвяла праектная арганізацыя “Белгазналадка”. Яна павінна была распрацаваць праект яшчэ ў чэрвені, але не зрабіла яго і да гэтага часу. Паўплываць на праектантаў ў Ельску ня могуць. Гаворыць намесьнік старшыні райвыканкаму Іван Казак.

(Казак: ) “Мы самі варымся ва ўласным соку, і ніхто нам не дапамагае. Выкананьне сацыяльных стандартаў – гэта ж даручэньне кіраўніка дзяржавы. Ня толькі ж павінна адказваць за іх мясцовая ўлада, але і абласныя службы і, магчыма, і рэспубліканскія”.
XS
SM
MD
LG