Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вальдэмар Калінін: “Краіна Цыганія застаецца ў марах”


Міхась Скобла, Менск (эфір 28 жніўня 2005 г.) Чарговая перадача з сэрыі “Вольная студыя”.

У розных краінах Эўропы сёньня жыве каля 5 мільёнаў цыганоў, у Беларусі іх налічваецца звыш 17 тысяч. Даўно прамінулі часы славутых конскіх кірмашоў у Зэльве, дзе раскашавалі цыганы. Яшчэ раней адышлі ў гісторыю цыганскія каралі, якіх прызначаў сам кароль Рэчы Паспалітай. І Краіна Цыганія існуе толькі ў літаратурных творах… А вясёлы вандроўны народ жыве, займаецца звыклым для сябе рамяством, сьпявае свае цыганскія песьні ды, як і паўтысячы гадоў таму, вышэй за ўсё ставіць уласную свабоду. Пра жыцьцё беларускіх рома сёньня раскажа цыганскі паэт і перакладчык Вальдэмар Калінін, які нарадзіўся ў Віцебску, але вось ужо больш за дзясятак гадоў жыве ў Лёндане.

(Міхась Скобла: ) “Спадар Вальдэмар, давайце пачнём нашую гутарку з самага заблытанага пытаньня ў гісторыі цыганоў. Прынята лічыць, што цыганы паходзяць з Індыі. Вы ў сваіх дасьледаваньнях ставіце пад сумнеў гэтую версію. Дык адкуль цыганы, дзе іхная прарадзіма?”

(Вальдэмар Калінін: ) “Большасьць цыганоў адмаўляюць сваю індыйскую айчыну. Хаця навідавоку пэўныя культурныя паралелі, падабенства моваў. Гэта — згодзен — моцны аргумэнт. Але абсалютна адрозныя цыганская й індыйская танцавальная й мэлятанічная сыстэмы. Цыганы абсалютна незнаёмы з элемэнтамі вэдычнай навукі, з асаблівасьцямі магічных дзеяньняў і рытуалаў. Але ж у 8-10 стагодзьдзях, калі — з агульнапрынятай вэрсіі — цыганы пачалі пакідаць Індыю, астраномія й астралёгія былі галоўнымі навукамі ў Індыі. Адзінае, што засталося ў цыганоў, — варажба па далані, вядомая грэкам і пэрсам.

Мне падаецца, што протацыганы паходзяць зь Пярэдняй Азіі. Што мне найперш кідаецца ў вочы? Як можна было без сваёй дзяржавы, без установаў, дзе кшталтуецца этнічная сьвядомасьць, захаваць цыганскі дух? Што аб’ядноўвае ўсіх цыганоў? Па-першае, яны не ўспрымаюць культуры гаджы (гэта значыць — нецыганоў). Па другое, у іх унівэрсальны талент да музыкі, да танцаў, і танцы цыганскія — пераважна не індыйскія. Я ў 2003 годзе супрацоўнічаў з маскоўскім цыганскім тэатрам “Рамэн”. І спытаўся ў актораў: дык адкуль мы — з Індыі? А яны адказалі: “Вальдэмар, мы таксама так думалі, пакуль не пабывалі на гастролях у Індыі. А пажылі там тры месяцы, паназіралі — і вельмі засумняваліся”. Актор, рэжысэр, сьпявак і танцор Раман Грахольскі мне так і сказаў: “У нас з індусамі абсалютна адрозныя мэнталітэт, жыцьцёвая й грамадзкая псыхалёгія. Нават калі мы гаворым пра вандроўны народ індыі банджара”. Нягледзячы на ўсё гэта, я не адмаўляю індыйскага элемэнту ў гісторыі цыганоў — ён моцны. Але канчатковага адказу на пытаньне пра паходжаньне цыганоў пакуль няма”.

(Скобла: ) “Вы гаварылі пра падабенства моваў. Але ёсьць і яшчэ адзін аргумэнт на карысьць індыйскага паходжаньня. У Індыі й да сёньня жывуць вандроўныя плямёны”.

(Калінін: ) “Ёсьць такія плямёны — гунчхара, банджара. Я сустракаўся зь іхнымі прадстаўнікамі. Яны вельмі нам блізкія, але гэта не цыганы, ня ромы. Ведаеце, і самі цыганы між сабою розьняцца. Напрыклад, нямецкія цыганы называюць сябе сінці. І толькі калі ты яму давядзеш, што ён — цыган, ён пагаджаецца. У Беларусі апошнія гады можна было заўважыць людзей цыганападобнай зьнешнасьці, якія сядзелі й жабравалі. Але гэта не цыганы. Гэта цыганападобныя. Яны паходзяць з Аўганістану й Узбэкістану. Іх называюць люлі, а самі сябе яны называюць іншымі імёнамі — джыгуд, джаім і г.д.”

(Скобла: ) “На нашай зямлі цыганы ўпершыню зьявіліся 500 гадоў таму. А ў Беларусь яны адкуль прыйшлі?”

(Калінін: ) “З Заходняй Эўропы. Але абавязкова празь Нямеччыну. Адбылося гэта недзе ў 15 стагодзьдзі. Вядомы беларускі гісторык Зьміцер Даўгяла ў часопісе “Наш Край” у 1925 годзе паведамляў, што ўжо ў 1530 годзе на Гарадзеншчыне цыганы гандлявалі коньмі. Напрыклад, нашы суседзі — цыганы з Украіны, яны прыйшлі не зь Нямеччыны (у іхнай мове няма нямецкіх словаў). А ў мове беларускіх цыганоў — цэлы нямецкамоўны пляст”.

(Скобла: ) “Стаўленьне да цыганоў у старабеларускай дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім — на жаль, не было прыхільным. Вось як трактаваў цыганоў Статут 1588 году: “Цыганы — людзі непотребныя і ворожнуючія, шкода через ніх в ошуканні простых людей”. Статут лічыцца вяршыняй тагачаснай юрыдычнай думкі, першай эўрапейскай дэмакратычнай Канстытуцыяй, а тут — яўная дыскрымінацыя. Яшчэ й амаль не пажылі разам, а ўжо — “люді непотребныя”. Чаму так?”

(Калінін: ) “Падобныя словы я чытаў і ў статутах іншых дзяржаваў. Прыканцы 15 стагодзьдзя ў Нямеччыне існавалі вельмі жорсткія антыцыганскія законы, якія й змусілі цыганоў падацца на Ўсход. А ў Польшчы ў 1553 годзе дэпутат польскага Сойму Пшэлускі публічна заклікаў “закаваць цыганоў у ланцугі й саслаць на катаргу”. У 1557 годзе кароль Жыгімонт Аўгуст выдае антыцыганскі закон. У Расейскай імпэрыі становішча цыганоў было ня лепшым — у 1799, 1812, 1839 гадох прымаліся адпаведныя заканадаўчыя акты аб забароне бадзяжніцтва й прымусовым пасяленьні цыганоў на вольных землях. У СССР у 1956 годзе выйшаў Указ Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету “Аб працаўладкаваньні цыганоў, якія займаюцца бадзяжніцтвам”. Так што ўлады ва ўсе часы стараліся загнаць цыганоў у пэўныя рамкі. Ну, а цыганы, як маглі, бараніліся”.

(Скобла: ) “Пачынальнікам цыганскай тэмы ў беларускай літаратуры па праву лічыцца Ўладзімер Караткевіч — аўтар выдатных твораў “Цыганскі кароль” і “Краіна Цыганія”. Цыганскага караля Якуба Знамяроўскага (а гэта рэальная асоба) пісьменьнік паказаў яскрава, але парадыйна, насьмешліва. Вось як абвяшчаецца выхад караля: “Міласьцю Бога кароль Якуб Першы, гаспадар эгіпцянаў беларускіх і падляскіх, уладар мацыевіцкі, абедзьвюх Украінаў і Эгіпту й усіх мясьцінаў, дзе ступаў капыт цыганскага каня”. І такое разгульнае жыцьцё ідзе ў краіне Цыганіі — уся шляхта беларуская зайздросьціць! Ці не перабраў тут меры Караткевіч?”

(Калінін: ) “Такі вялікі пісьменьнік, як Уладзімер Караткевіч, меў права на ўсё. У тым ліку, і зрамантызаваць цыганскае жыцьцё так, як ён лічыў патрэбным. Каб зацікавіць, заінтрыгаваць чытача, каб нельга было адарвацца ад кнігі. І Караткевіч з гэтым бліскуча справіўся. Пра цыганоў напісаны вялікія творы вялікімі мастакамі слова. Той жа Пушкін (памятаеце ягоную паэму “Цыганы”?). Ён таксама стварыў вельмі рамантычныя вобразы, апаэтызаваў стэрэатып пра вольнае каханьне цыганоў. Насамрэч, цыганы — людзі з Усходу, зь вельмі цьвёрдымі маральнымі прынцыпамі што да адносін між жанчынамі й мужчынамі. Як правіла, цыганы — адналюбы, рана жэняцца й выходзяць замуж, вернасьць захоўваюць усё жыцьцё”.

(Скобла: ) “Карацей кажучы, крыўды на Караткевіча за вобраз Знамяроўскага цыганы ня маюць?”

(Калінін: ) “Не. Дарэчы, Знамяроўскі быў прызначаны Станіславам Панятоўскім і кіраваў даволі працяглы час — з 1780 да 1795 году. Але ён быў не цыган — гэты факт вядомы. Увогуле, варта ўдакладніцца наконт цыганскіх каралёў. У Польшчы ёсьць цыганскі кароль. У нас у Беларусі, як і ў Расеі, ні каралёў, ні баронаў цыганскіх ніколі не было. Папросту, цыганом быў патрэбен мужны аўтарытэтны чалавек — старэйшына, але ніякіх баронаў, як пра гэта часам пішуць, не было”.

(Скобла: ) “Пачакайце: аднойчы па БТ быў сюжэт пра цыганскага барона, які жыве ў Смалявічах. Гэта хто — самазванец?”

(Калінін: ) “Ёсьць і такое. Ёсьць і самазванцы”.

(Скобла: ) “Вы пераклалі на цыганскую мову Біблію. Ваш беларускі калега Васіль Сёмуха карпеў над Сьвятым Пісьмом ажно 15 гадоў і сказаў па сканчэньні працы, што гэта быў іспыт для беларускай мовы, які яна вытрымала. А ці вытрымала падобны іспыт мова цыганская?”

(Калінін: ) “Ня мне пра гэта меркаваць. Буду чакаць водгукаў ад сваіх супляменьнікаў. Пераклад Бібліі — вядома ж, іспыт і для цыганскай мовы, бо ў ёй няма дастаткова спэцыяльнай лексыкі, неабходнай для правядзеньня набажэнстваў. Я сам склаў спэцыяльны слоўнік. І, дарэчы, таксама пятнаццаць ужо гадоў прасядзеў. Сёмуха за мяне спрытнейшы — ужо закончыў працу. А я яшчэ шліфую тэксты. Вось у мяне спробны, тэстоўны асобнік Новага Запавету па-цыганску, выдадзены ў Нямеччыне. Глядзеце: ён увесь скрэсьлены — я яго ўсё дасканалю. Але хутка пойдзе ў друк. Хачу, каб Біблія, каб слова Божае дайшло да кожнага цыгана на ягонай роднай мове”.

(Скобла: ) “А на якіх цыганоў з’арыентавана вашая Біблія? Дыялекты ж цыганскія розьняцца міжсобку”.

(Калінін: ) “Я сам паходжу зь Віцебску, у нас на цела кажуць: трупо. А ў літоўскіх і польскіх цыганоў трупо — гэта мёртвае цела. Цела ў іх — маса. Слова бузно ў нас азначае казёл, а ў іх — вожык, якога цыганы, дарэчы, любілі есьці. Па-нашаму цётка — бібі, а літоўцы выкарыстоўваюць славянскае слова цётка, а бібо ў іх — непрыгожае слова. Я арыентаваўся найперш на цыганоў беларускіх, але стараўся, каб зразумелі і польскія, і літоўскія. Дзеля гэтага ў патрэбных выпадках я выкарыстоўваў сынонімы, рабіў зноскі. Мой пераклад разьлічаны на цыганоў Беларусі, Расеі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі. І для гэтага рэгіёну мы плянуем нават частку накладу выдаць на лацініцы, бо, скажам, польскія ці эстонскія цыганы ня ведаюць кірыліцы. Ня трэба ж іх, як сірот, пакідаць”.

(Скобла: ) “Хацелася б пачуць, як гучыць Біблія па-цыганску. Але ня будзем прыгадваць імя Божае надарэмна. Давайце паслухаем верш з вашай кнігі “Сны цыганоў”, якая нядаўна пабачыла сьвет у Віцебску”.

(Калінін: ) “Ріпірібэ яцяпэ отгінэ ромэндыр, Романэс ла кхарна рома і гаджэ, Сыклён тэ ракірэн да чыб дадэндыр, Дакірэ уштэндыр романэ чхаворэ.

Мэк чорорі дая лавэнца Сароекх пхэнэса, со ісын пэ іло, Пал дава загінэ лава гаджытка, Лава дэ ракірэбэ романо шундло”.

(Скобла: ) “А вось як гучыць гэты верш па-беларуску ў перакладзе Рыгора Барадуліна:

Памяць ад цыганоў засталася, Раманэс — кожны гук яе люб, Гэтай мове бацькоў цыганяты Навучаюцца з матчыных губ.

Хай на словы яна небагата, Захавала пласты даўніны. Беларускія словы і гукі У цыганскай гаворцы чутны”.

(Скобла: ) “Беларускія словы і гукі ў цыганскай гаворцы чутны”, — пішаце вы. А наколькі вялікі ўплыў беларускай мовы на цыганскую?”

(Калінін: ) “Ён вельмі вялікі. Асабліва ў мове літоўскіх цыганоў і цыганоў з Усходняй Польшчы. Нават у мове фінляндзкіх цыганоў, якія не належаць да нашай моўнай групы, я сустракаў такія словы, як лазьня, шкода. Цыганы ж вандравалі й разносілі беларускую мову па сьвеце. У цыганоў Уралу шмат беларускіх словаў; смаленскія цыганы замест слова явір (другі) кажуць — іншо. Ад іх я пачуў і слова клёк — энэргія. Цыганы кажуць: ён зь мяне ўвесь клёк выпіў. А гэта ж старое беларускае слова. У цыганскай мове ёсьць словы аблога, ындарака, віхро, вуліца, корча, крама, крыніца, крыха, памылка, падлога”.

(Скобла: ) “Давайце пагаворым пра рамяство, якое стала цыганскай прафэсіяй, — пра варажбу. Што гэта — нейкая звышадчувальная сэнсорная здольнасьць цыганак ці звычайны падман?”

(Калінін: ) “Так, пэўная частка цыганак валодае такімі сэнсорнымі, эзатэрычнымі здольнасьцямі. Яны могуць зазірнуць у душу чалавека й сказаць, што там адбываецца. Такія цыганкі — вялікія псыхолягі”.

(Скобла: ) “А вы самі верыце ў варажбу?”

(Калінін: ) “Я ніколі не прашу мне паваражыць. Мне таксама хочацца ведаць, што са мной будзе, але я сябе стрымліваю. Аднак ня трэба думаць, што цыганкі палююць на людзей, каб ім паваражыць. Не, самі людзі ідуць да іх, добраахвотна. Варажба — рамяство, якое перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне”.

(Скобла: ) “Усе цыганы ведаюць сваю родную мову — не раўня нам, беларусам. Як ім гэта ўдаецца? Цыганскіх школ, наколькі я ведаю, у Беларусі няма”.

(Калінін: ) “Цыгансікія школы ў Беларусі былі — у пэрыяд з 1931 да 1938 году. У мяне нават тагачасныя падручнікі ёсьць. Многія прадметы выкладаліся па-цыганску: і гісторыя, і геаграфія, і матэматыка. Падчас перабудовы была спроба адрадзіць цыганскае школьніцтва. Асабліва шмат рабіў Піліп Яновіч (Ромка Леніно). Разам зь ім мы складалі цыганска-расейскі навучальны слоўнік. Некаму прыйшлася недаспадобы актыўнасьць Яновіча: ён быў жорстка зьбіты, атрымаў моцны псыхалягічны надлом, і ў 1992 годзе скончыў самагубствам. Я зьехаў у Вялікабрытанію. І справа заглухла”.

(Скобла: ) “А якая сытуацыя ў сёньняшняй Беларусі? Што маюць тыя 17 000 цыганоў, якія жывуць у нашай краіне?”

(Калінін: ) “Сытуацыя нашмат горшая, чым была на пачатку 90-х гадоў. Тады была дзяржаўная падтрымка. Цяпер я гэтага не адчуваю. Існуюць цыганскія таварыствы ў Менску, у Віцебску, у Магілеве, у Ашмянах. Але выжываць ім складана. У Беларусі апошнім часам вельмі актыўна дзейнічае Цыганская свабодная пяцідзясятніцкая місія зь Фінляндыі, ідзе абмен дэлегацыямі, дзеці беларускіх цыганоў езьдзяць у Фінляндыю, фінскія цыганы сюды прыяжджаюць. Штогод у лютым у Баранавічах, у Менску, у Калінкавічах адбываюцца міжнародныя Эвангелічныя канфэрэнцыі цыганоў. На тле традыцыйных намётаў і вогнішчаў цыганы прапаведуюць і ўслаўляюць Бога пранікнёнымі сьпевамі пад гітару. Але паўтараю: цыганом у Беларусі сёньня жывецца цяжка. У 1990 годзе ў Менску быў адчынены цыганскі рэстаран “Дрома Ромэн” са сталай цыганскай праграмай і кухняй, але праз восем гадоў яго зачынілі”.

(Скобла: ) “Вось вы пераклалі Біблію, зрабілі велізарную працу. Значыць, у вас павінна быць нейкая далёкасяжная мэта. Курды змагаюцца за сваю дзяржаву, палестынцы змагаюцца. А цыганы? Ці былі спробы стварыць сваю Краіну Цыганію?”

(Калінін: ) “Такія намаганьні былі. У 1934 годзе польскі цыганскі кароль Міхал ІІ меў плян стварэньня цыганскай дзяржавы ў Афрыцы. У 1938 годзе новы цыганскі кароль, Януш Квек, нават вёў перамовы з італьянскім дыктатарам Мусаліні пра магчымую цыганскую дзяржаву ў Эфіопіі. Але ў 1942 годзе Квек бясьсьледна зьнік, і справа спынілася. У 1937 годзе ўсіх цыганоў СССР спрабавалі зьвезьці ў паселішча Раманістан паблізу сібірскай станцыі Тайга. Як габрэяў — у Бірабіджан. А перад гэтым існавалі пляны стварыць цыганскую аўтаномію ў Смаленскай вобласьці, на Ўкраіне, на Каўказе. На жаль, я сёньня не магу сказаць, што адчуваю імкненьне цыганоў стварыць сваю дзяржаву. Цыганы розных краінаў не падтрымліваюць паміж сабой кантактаў. Цыганскае грамадзтва — клянавае. Нават у Беларусі ёсьць розныя цыганскія кляны. Так што Краіна Цыганія пакуль застаецца ў марах. Але ў будучыні — Бог ведама, што можа здарыцца”.

(Скобла: ) “Апрача цыганскай, вы дасканала валодаеце беларускай мовай. Як вас у Лёндане ўспрымаюць — як цыгана ці беларуса?”

(Калінін: ) “Я застаюся грамадзянінам Беларусі, і ганаруся гэтым. Але ўсе тамтэйшыя сябры ведаюць, што я — беларускі цыган. Сьмешна: раней, калі мае сябры хацелі мяне падражніць, то пачыналі: “Владимир — раша, балалайка, водка”. Адказваю: “Я — беларус, я зь Беларусі. Пакажыце на мапе”. І прывучыў патроху. Няхай жыве Беларусь! — мэк тэ джівэл Беларусь! Мэк тэявэл бахталы амарі Беларусь! — хай квітнее наша Беларусь! Ачэмпэ дывлэса ромалы — заставайцеся з Богам!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG