Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва хацела б быць пасярэднікам паміж Беларусяй і ЭЗ


Тацяна Поклад, Вільня У Вільні сёньня скончыла працу 14-я канфэрэнцыя Парлямэнцкай асамблеі краінаў Балтыйскага мора. У ёй браў удзел кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Элсі Гастынгс, які таксама ў часе свайго візыту ў Літву сустракаўся з кіраўнікамі дзяржавы. У ліку іншых пытаньняў, абмяркоўваліся праблемы дачыненьняў зь Беларусьсю і шляхі яе дэмакратызацыі. Старшыня парлямэнцкага камітэту замежных справаў літоўскага Сойму прапанаваў Эўразьвязу ладзіць дачыненьні зь Беларусьсю празь Літву.

Удзельнікі канфэрэнцыі – усе дзяржавы Балтыйскага мора і прадстаўнікі Эўрапарлямэнту, – у Вільні абмяркоўвалі формы эфэктыўнага супрацоўніцтва дзеля дэмакратыі і стабільнасьці і разьвіцьцё інфраструктуры ў рэгіёне. У прынятай сёньня рэзалюцыі адзначаецца неабходнасьць для ўрадаў краінаў Балтыйскага рэгіёну аддаваць “перавагу супрацоўніцтву ў рэгіёне і з суседнімі краінамі”, кіруючыся ў тым ліку дзейнымі законамі Эўразьвязу ў сфэры правоў чалавека ды іншых прынцыпаў дэмакратыі.

У рэзалюцыі пазначанае і рашэньне ўзмацніць падтрымку дэмакратыі і ролі недзяржаўных арганізацыяў ды пашырэньня дыялёгу з суседнімі краінамі, у тым ліку зь Беларусьсю, каб пашыраць дэмакратыю і разьвіваць грамадзянскую супольнасьць, рупіцца пра стабільнасьць і бясьпеку ды дабрабыт у агульных інтарэсах.

Літоўскія прадстаўнікі ўлады выказалі гатовасьць пашыраць кантакты зь Беларусьсю дзеля дэмакратызацыі сваёй найбліжэйшай суседкі і эканамічнага партнэра.

Старшыня парлямэнцкага камітэту замежных справаў Юсьцінас Каросас прапанаваў Эўразьвязу наладжваць дачыненьні зь Беларусьсю празь Літву. У сваім выступе на Віленскай канфэрэнцыі ПА краінаў Балтыі, які цытуе парлямэнцкі аддзел сувязі з грамадзкасьцю, кіраўнік Соймаўскага камітэту замежных справаў сказаў:

(Каросас: ) “Паколькі не апраўдалася палітыка ізаляцыі, трэба паспрабаваць “палітыку балянсаваньня”, для ажыцьцяўленьня якой Эўразьвяз дэлегаваў бы адну краіну, якая завязала б двухбаковыя кантакты зь Беларусьсю. Такой краінай можа быць Літва, гэтаму спрыяе і яе геаграфічнае становішча і эканамічныя сувязі”.

Старшыня літоўскага Сойму Артурас Паўласкас, які браў удзел у адкрыцьці канфэрэнцыі, заявіў у прывітальным выступе, што парлямэнт Літвы падрыхтаваны да ініцыятываў “з памкненьнем дапамагчы краінам, якія ствараюць дэмакратычнае грамадзтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG