Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэрліне будзе выстаўлены адзіны ў Нямеччыне асобнік "Бібліі" Скарыны


Міхал Стэльмак, Менск 1 верасьня ў Бэрліне Міністэрства замежных справаў Нямеччыны прадставіць грамадзкасьці пераклад Бібліі, выкананай беларускім гуманістам Францыскам Скарынам. Кніга Скарыны была нядаўна знойдзена ў гёрліцкай бібліятэцы Верхнелужыцкага навуковага таварыства.

Як паведаміла амбасада Нямеччыны ў Беларусі, надрукаваная Біблія ў Празе ў 1517-1519 гадох. У ёй 658 лістоў альбо 1316 старонак. З 1527 году гэтая Біблія зьяўляецца ўласнасьцю Гёрліца.

З усіх друкаваных выданьняў Скарыны на сёньняшні дзень вядомы 258 асобнікаў, але гэта адзіная кніга Скарыны, якая ёсьць на сёньняшні дзень у бібліятэках Нямеччыны. Паводле нямецкага боку, навуковую каштоўнасьць знаходкі нядаўна пацьвердзіў нямецкі славіст Норбэрт Рандаў, які цягам многіх гадоў кансультуе цэнтар моўнай падрыхтоўкі фэдэральнага зьнешнепалітычнага ведамства.

Меркаваньнем на гэты конт падзяліўся вядомы беларускі вучоны і літаратар Адам Мальдзіс:

(Мальдзіс: ) “Вядома, прыемна, што мае месца такая знаходка. Норбэрт Рандаў – сур’ёзны спэцыяліст, беларусіст. Я зь ім сябрую ўжо цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў. Але значэньне гэтай знаходкі нельга перабольшваць. Іншая справа, што, магчыма, там ёсьць камплект. Калі ёсьць там камплект, і ў гэты камплект уключаныя і невядомыя нам сёньня кнігі Бібліі. Таму што мы ведаем 22 кнігі. А магло быць надрукавана і больш кніг Бібліі Скарынам у 1517-1519 гадох. Ёсьць сьведчаньні, што некаторыя выданьні да нас не дайшлі. А ёсьць іх толькі пазьнейшыя рукапісныя копіі, якія ставяцца пад сумнеў: а ці сапраўды гэта Скарына пераклаў. Паколькі гэта не арыгінал, а рукапісная копія. Так што усё будзе залежаць ад таго, якія кнігі ўключаны ў гэтае выданьне. Дай Бог, каб там аказаліся невядомыя кнігі, выдадзеныя Скарынам, пра якія мы толькі падазраём, што яны існавалі”.

Прафэсар Мальдзіс падкрэсьліў, што вызначыць каштоўнасьць знаходкі можна будзе толькі зь цягам часу, калі зь ёй пазнаёмяцца іншыя вядомыя экспэрты.

(Мальдзіс: ) “У Нямеччыне ёсьць яшчэ адзін знакаміты спэцыяліст па Скарыне. Ён якраз выдаў чацьвёрты том твораў Скарыны з камэнтарыем. Там “Апостал” віленскі ўключаны ў гэта выданьне. Гэта прафэсар Ротэ з Бонскага ўнівэрсытэту. Якраз прафэсар Ротэ выдае помнікі Бібліяў, эвангельляў славянскага сьвету ў цэлай навуковай сэрыі. Вось каб яшчэ паглядзеў яе прафэсар Ротэ. Добра было б, каб гэта гёрліцкая знаходка была выдадзеная факсымільным спосабам”.
XS
SM
MD
LG