Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Эўрапарлямэнту А.Кушкіс – пра новыя мэдыі для Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск Латвійскі дэпутат Эўрапарлямэнту, намесьнік кіраўніка дэлегацыі Эўрапарлямэнту для адносін зь Беларусьсю Альдзіс Кушкіс выступіў з шэрагам прапановаў да кіраўніцтва Эўразьвязу й уладаў Латвіі з мэтай спрыяньня дэмакратызацыі Беларусі. Пра пазыцыю й сутнасьць прапановаў спадара Кушкіса зь ім гаварыў наш карэспандэнт.

Дэпутат Эўрапарлямэнту Альдзіс Кушкіс — адзін з тых, хто настойваў і настойвае на арганізацыі Эўразьвязам шырокага незалежнага радыёвяшчаньня на Беларусь. Ён мяркуе, што ў беларускай сытуацыі самае складанае й важнае пытаньне — доступ насельніцтва да незалежнай інфармацыі.

(Кушкіс: ) “Я цалкам упэўнены: калі б у беларускага народу быў вольны доступ да вольнай інфармацыі шырокага кола, то праз тры месяцы сытуацыя ў Беларусі рэзка памянялася б у бок дэмакратыі”.

Рашэньне “Нямецкай хвалі” пачаць вяшчаньне на Беларусь па-расейску спадар Кушкіс назваў спрэчным, бо “беларускамоўнае вяшчаньне было б больш правільным, а расейскамоўнае — больш эфэктыўным”.

Апрача незалежнага радыёвяшчаньня — мяркуе спадар Кушкіс, — Эўразьвяз павінен пайсьці й на іншыя канкрэтныя захады ў спрыяньні дэмакратызацыі Беларусі. У паасобку, эўрапейскія структуры могуць павялічыць адміністратыўныя й фінансавыя магчымасьці для вучобы беларускіх студэнтаў у эўрапейскіх ВНУ.

“Эўразьвяз мог бы таксама стварыць адмысловы фонд для матэрыяльнай падтрымкі сем’яў асоб, якія церпяць ад рэпрэсіяў беларускіх уладаў”, — зазначае спадар Кушкіс. І менавіта зь ягонай ініцыятывы Эўрапарлямэнт упершыню ў сваёй рэзалюцыі прызнаў рэжым А. Лукашэнкі “дыктатарскім” і даў даручэньне Эўракамісіі шукаць і замарожваць рахункі Аляксандра Лукашэнкі — калі тыя знаходзяцца на тэрыторыі Эўразьвязу. Пра вынікі гэтых пошукаў пакуль гаварыць рана — прызнаецца спадар Кушкіс. — Але, прынамсі, чыноўнікі Эўракамісіі ўжо задумаліся над тым, як гэта ажыцьцявіць.

Паводле спадара Кушкіса, вельмі востра ў Эўропе ўспрынялі апошнія дзеяньні беларускіх уладаў адносна Саюзу палякаў Беларусі.

(Кушкіс: ) “Спадар Лукашэнка зьнішчае апошнія магчымасьці для грамадзянскай супольнасьці. Гэта не канфлікт беларусаў і палякаў. Гэта канфлікт Адміністрацыі Лукашэнкі, ягоныя спробы як дыктатара закрыць ці падпарадкаваць вельмі вялікую й моцную грамадзкую арганізацыю”.

Альдзіс Кушкіс ініцыяваў таксама стварэньне адмысловай групы ў парлямэнце Латвіі для падтрымкі адносін з грамадзянскім супольніцтвам Беларусі.
XS
SM
MD
LG