Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За што пакаралі двух грамадзян Грузіі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 30 жніўня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: галоўны рэдактар газэты “Салідарнасць” Аляксандар Старыкевіч і кіраўнік аналітычных праграм кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “Сюжэт з затрыманьнем і пакараньнем двух актывістаў грузінскай арганізацыі “Кмара” Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ нагадвае дэтэктыў альбо трылер. Тут і цьмяныя, супярэчлівыя тлумачэньні прычыны іхнага затрыманьня, і абяцаньне дэпартаваць. А потым — пакараньне на 15 сутак невядома за што.

Першае пытаньне, якое хацелася б абмеркаваць: навошта ўвогуле іх затрымалі? Тыповая беларуская практыка, калі людзей спачатку арыштоўваюць, потым шукаюць прычыну альбо падставу, у гэтым выпадку знайшла клясычнае адлюстраваньне. Але цяпер, мусіць, улады пабілі рэкорд у колькасьці супярэчных няўклюдных версій, якія давалі розныя праваахоўныя органы. Якая ж сапраўдная версія гэтага затрыманьня?”

(Аляксандар Старыкевіч: ) “Па-першае, я думаю, што існуе шырэйшая праблема, чым затрыманьне двух грамадзян Грузіі. Урэшце рэшт беларускія ўлады вызначыліся, за што пакараць гэтых людзей. Яны засуджаны за, нібыта, хуліганскія паводзіны ў ізалятары, дзе сядзелі ў чаканьні дэпартацыі.

Тут варта прыгадаць, што гэта ня першы выпадак, калі ўлады скарыстоўваюць такую мэтодыку. Зусім нядаўна 15 сутак арышту прысудзілі Тадэвушу Гавіну. Ён адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе. А потым спадар Гавін, нібыта, пабіўся з сукамэрнікам. І яму накінулі яшчэ 15 сутак.

У абодвух выпадках не існуе ніякіх аб’ектыўных доказаў. Прычым, у выпадку з грузінскімі грамадзянамі сытуацыя ўвогуле жахлівая: да іх не пускаюць ні дыпляматаў, ні адвакатаў. Таму можна толькі гадаць, што там адбываецца. Але вельмі прыкра, што ў нашай краіне чалавек, здабываючы міліцэйскі рыштунак, адразу робіцца чалавекам найвышэйшага гатунку — параўнальна з астатнімі. Дастаткова, каб ён паказаў на кагосьці, заявіў, што той ці той пабіўся, ці то брыдка лаяўся, — і гэта ўжо ёсьць падставаю для суду, каб вынесьці зьвінаваўчы прысуд”.

(Карбалевіч: ) “Хачу нагадаць, што тое ж самае адбылося зь лідэрам прадпрымальніцкага руху Анатолем Шумчанкам. Адносна яго таксама ўчынілі правакацыю ў камэры за кратамі й аб’явілі, нібыта ён пабіў сукамэрніка”.

(Старыкевіч: ) “Што тычыцца сытуацыі з Георгіем Кандэлакі й Лукой Цуладзэ, то тут усё досыць проста. З чаго зыходзілі ўлады, затрымліваючы іх? Яны меркавалі, што ў любым выпадку гэтыя грузіны прыехалі сюды ня кветкі зьбіраць. Ну, дык “мы ім забясьпечым адпаведны прыём, каб іншым не хацелася тут “ружы засяваць”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Найперш хачу зазначыць, што, на мой погляд, міліцыянты ў гэтай гісторыі з боку прыпёку. Вядома, што беларуская апазыцыя й ейныя госьці, так бы мовіць, “пад каўпаком спэцслужбаў”. Што потым і вылезла, як шыла зь мяшку. Бо напачатку міліцыянты казалі, што гэтыя грузіны, нібыта, вінаваты за парушэньні візавага рэжыму. Хоць мы ведаем: увогуле не існуе між Беларусьсю й Грузіяй візавага рэжыму. А потым, у мінулы чацьвер, прадстаўнік КГБ адкрытым тэкстам сказаў, што гэтыя двух грамадзян Грузіі прыехалі з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі, кантактавалі з прадстаўнікамі “Зубру”, “Маладога фронту” й іншых незарэгістраваных рухаў.

Хоць адзін з гэтых грузінаў па адукацыі рэжысэр, а другі — палітоляг і журналіст, відавочна, што мэты іхныя былі не зусім акадэмічныя (кладучы руку на сэрца). І затрымалі іх, дарэчы, з каардынатарам руху “Зубр”. Таму кантакты з апазыцыяй мелі месца. Іншая рэч, што гэта не падстава, каб хапаць і цягнуць у пастарунак. Таму што, падобна, ніякіх законаў яны не парушылі. Думаю, надта нашкодзіць, у рэвалюцыйным сэнсе, яны таксама не маглі. Афіцыйна прагучала, што яны, нібыта, распаўсюджвалі недазволеную літаратуру. Але колькі, напрыклад, тыя хлопцы маглі прывесьці ў валізцы?

Мяркую, што, па-першае, гэта было такое прэвэнтыўнае затрыманьне. Нашыя “кампэтэнтныя органы” дзейнічаюць паводле прынцыпу “кропля камень точыць”. То бок, лепей адразу ўсё гэта перапыніць. І па-другое, гэта момант дэманстрацыі. Каб усе патэнцыйныя экспартэры “каляровай рэвалюцыі” ведалі: толькі яны сунуць нос у Беларусь, — то тут мала не падасца”.

(Карбалевіч: ) “Сам Лукашэнка неаднаразова казаў, што беларускія ўлады асьцерагаюцца імпарту рэвалюцыі з-за мяжы й будуць жорстка перапыняць любыя спробы ў гэтым кірунку. Пра гэта сьведчаць і арышт, затым пакараньне ўкраінскіх і расейскіх грамадзян, якія прыяжджалі ў Менск на “Чарнобыльскі шлях”.

Але ў выпадку з грузінскімі рэвалюцыянэрамі падзеі разьвіваліся непрадказальна. Улады ўсяляк хавалі інфармацыю пра іхны лёс, усяляк адцягвалі рашэньне — нібы, ня ведалі, што зь імі рабіць. Нарэшце было афіцыйна паведамлена, што іх дэпартуюць зь Беларусі бліжэйшымі днямі. Потым, пасьля сустрэч прэзыдэнтаў СНД у Казані, усё нечакана памянялася. Учора зьявілася інфармацыя, што грузінскіх грамадзян засудзілі на 15 сутак — нібыта, за хуліганства ў камэры. Што такога магло адбыцца ў Казані паміж кіраўнікамі Беларусі й Грузіі, каб яно паўплывала на лёс Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ?”

(Старыкевіч: ) “Я ня ўпэўнены, што нешта адбылося непасрэдна ў Казані. У такой жа ступені (калі — ня ў большай) прычыны можна шукаць непасрэдна ў Менску. Абсалютна ня выключана (асабліва — падкрэсьліваю — з улікам таго, што да арыштаваных не пускаюць ні дыпляматаў, ні адвакатаў), што акцыя запалохваньня не абмежавалася арыштам, і людзей моцна зьбілі. Таму вырашылі пратрымаць іх да таго часу, пакуль сыдуць хоць бы самыя відавочныя прыкметы ўчыненага”.

(Класкоўскі: ) “Мусіць, гэты нечаканы паварот такім падаецца шырокай публіцы. А насамрэч улады, магчыма, думалі: паводле якога артыкулу іх судзіць? А першапачатковай была звышзадача — даць урок, каб мала не здалося.

Сапраўды, гэтыя зьвінавачаньні пра бойку ў камэры выглядаюць шытымі белымі ніткамі, асабліва — у кантэксьце гісторыі з Шумчанкам і Гавіным. Дарэчы, у гісторыі з Шумчанкам пазьней высьветлілася: той чалавек, якога ён, нібыта, зьбіў, прызнаўся, што яго падбухторылі на гэтую правакацыю прадстаўнікі спэцслужбаў.

Слушная й тая версія, што грузінскіх грамадзян зьбівалі. Але, з іншага боку, з гэтай версіяй можна й спрачацца. Таму што, калі праз 15 сутак яны выйдуць на волю, і нават экспэртыза нічога не пакажа, — рот жа ўсё роўна не зашыеш гэтым хлопцам. І калі яны зробяць заявы для грузінскіх і ўсясьветных СМІ, што іх тут зьбівалі, — шуму будзе дастаткова. І ніхто ня будзе патрабаваць у іх мэдычнай даведкі.

Таму зьбіцьцё можа быць. Але як пабочны момант. Галоўная прычына палягае ў тым (паўтараю!), што беларускія ўлады хацелі даць гэтакі паказальны ўрок. І глядзеце: цяпер ужо мацяркі гэтых грузінскіх хлопцаў плачуць, просяць, каб вызвалілі. То, магчыма, у пэрспэктыве, маці іншых патэнцыйных рэвалюцыянэраў папросту ня будуць пускаць іх у Беларусь. Таму разьлік гэтай акцыі такі, каб замежнікі ня лезьлі ва ўнутраныя справы Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Хачу выказаць таксама й сваю вэрсію. Не ўпершыню Лукашэнка ператварае палітычных зьняволеных у закладнікаў у перамовах з замежнымі дзяржавамі. Можна згадаць, як у 1997 годзе ў Беларусі былі арыштаваны журналісты расейскага тэлеканалу ОРТ Шарамет і Завадзкі, і Лукашэнка вёў жорсткі гандаль з Масквою ў пытаньні іхнага вызваленьня.

Магчыма, і на гэты раз адбываецца нешта падобнае. Можна меркаваць, што калі б прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі папрасіў Лукашэнку вызваліць сваіх грамдзян, дык, магчыма, той бы й пагадзіўся. Але, мусіць, грузінскі лідэр пачаў не прасіць, а патрабаваць, спасылацца на правы чалавека й міжнародныя законы. І пасьля гэтага Лукашэнка вырашыў адпомсьціць — так бы мовіць, адыграцца на арыштаваных. Зьвяртае на сябе ўвагу ня толькі няўклюдная й груба праведзеная інсцэніроўка суду, які адбыўся, фактычна, у закрытым рэжыме, але й незвычайная жорсткасьць. Арыштаваным адмаўляюць у сустрэчы з адвакатамі, не перадаюць прадуктаў харчаваньня.

Цяпер яшчэ адно пытаньне. А ці няма тут расейскага сьледу? Вядома, што дачыненьні Расеі з Грузіяй дастаткова напружаныя. Грузінскі прэзыдэнт лічыцца галоўным апанэнтам Крамля на постсавецкай прасторы. З іншага боку, у Расеі гучыць крытыка Пуціна за слабасьць, празьмерныя саступкі Тбілісі — у паасобку, у пытаньні вываду з Грузіі расейскіх вайсковых баз. Можа, сваімі цяперашнімі дзеяньнямі Лукашэнка падае нейкі сыгнал расейскаму грамадзтву й эліце, прыклад палітыкі дачынна Грузіі?”

(Старыкевіч: ) “Мне падаецца гэтая вэрсія занадта мудрагелістай. У гэтай гісторыі мы можам шукаць хоць расейскі, хоць — уругвайскі сьлед. Але аб’ектыўных падставаў для гэтага пакуль што няма. Тым больш, што ў нашых уладаў сваёй дурноты хапае”.

(Класкоўскі: ) “Гледзячы, як разумець расейскі чыньнік. Калі у вузкім сэнсе, то натуральна, я ня думаю, што афіцыйны Менск, умоўна кажучы, атрымліваў з Крамля нейкія інструкцыі, як дзейнічаць датычна гэтых двух грузінскіх хлопцаў.

У беларускага кіраўніцтва свае рахункі з прэзыдэнтам Саакашвілі й рэвалюцыйным Тбілісі. Мы памятаем, што кіраўнік Грузіі зрабіў дастаткова рэзкіх заяваў наконт будучыні беларускага рэжыму. Думаю, у Менску гэты выклік прынялі.

Кіраўніцтва Беларусі раней зрабіла няўклюдную спробу адказаць Тбілісі ўвядзеньнем візавага рэжыму. Але тады селі ў галёшу. Таму што Грузія паабяцала зрабіць асымэтрычны адказ: заявіла, што ня будзе пускаць на сваю тэрыторыю толькі аднаго чалавека. Вядома — якога. І Менску давялося адкручваць сытуацыю назад.

Але беларуская “вэндэта” працягваецца. Гэта такая дробная не джэнтэльмэнская помста, якая зводзіцца да таго, каб непрыгожа адпомсьціць Грузіі ў любой сытуацыі.

Расейскі чыньнік можна разумець толькі ў тым сэнсе, што абодва рэжымы прыкладна аднолькава ставяцца да дэмакратыі, да спроб распаўсюдзіць гэтую дэмакратыю на постсавецкі абсяг. І ў гэтым сэнсе дзеяньні й заявы Масквы й Менску сугучныя. Таму і адносна Грузіі, і адносна спроб дэмакратызаваць Беларусь Менск і Масква дзейнічаюць супольна. І ў гэтым беларускія ўлады абапіраюцца на падтрымку Расеі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, скандал з арыштаванымі грузінскімі грамадзянамі чарговым разам ілюструе сутнасьць існуючага ў Беларусі неправавога палітычнага рэжыму — рэжыму асабістай улады, пры якім лёс людзей (у тым ліку, і замежных) залежыць ад настрою аднаго чалавека”.
XS
SM
MD
LG