Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Міколу Статкевічу забаранілі наведаць Менск?


Любоў Лунёва, Менск Міколу Статкевічу, які з 29 ліпеня адбывае пакараньне на так званай “хіміі” ў Баранавічах за арганізацыю восеньскіх вулічных дэманстрацый супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, улады забаранілі наведваць Менск. Сваё рашэньне міліцыянты абгрунтавалі складанай апэратыўнай абстаноўкай у сталіцы.

Паводле заканадаўства, калі засуджаны да абмежаваньня волі цягам месяца не парушаў унутранага распарадку, яго мусяць адпусьціць наведаць сваю сям’ю. На гэта разьлічваў і Мікола Статкевіч. Аднак яго выклікалі да дзяжурнага спэцкамэндатуры й паказалі ліст зь менскай міліцыі, зь якога вынікае, што паездка Міколы Статкевіча можа дэстабілізаваць апэратыўную абстаноўку ў сталіцы.

Намесьнік кіраўніка аддзелу міліцыі Сяргей Кеда патлумачыў Радыё Свабода, што мелася на ўвазе.

(Кеда: ) “Усё ж ён раней быў суджаны… Таму апэратыўная абстаноўка й улічвалася. Апэратыўная абстаноўка — гэта тая крымінагенная абстаноўка, якая складаецца на той ці іншай тэрыторыі. Ну, напрыклад, калі пайшлі крадзяжы сэрыйныя, то, адпаведна, мяняецца апэратыўная абстаноўка. Потым пайшлі рабаўніцтвы — тое ж самае. Улічваецца, якога кшталту злачынства зьдзяйсьняецца. Можа, тут нейкія іншыя матывы, а напісалі: “апэратыўная абстаноўка”. Я не магу нічога казаць. Бо ня ведаю, хто рыхтаваў адказ”.

Мікола Статкевіч лічыць, што міліцэйскае кіраўніцтва дзейнічала згодна з загадам.

(Статкевіч: ) “Па-першае, я вельмі рады, што кіраўніцтва спэцкамэндатуры нарэшце здагадалася прыкрывацца паперамі, нейкімі афіцыйнымі адказамі, а не парушаць закон у сувязі зь нейкімі рэкамэндацыямі зьверху. Па-другое, я вельмі зьдзіўлены, што ў такой стабільнай краіне, як наша, — са словаў спадара Лукашэнкі — дастаткова аднаго мяне на трое сутак у горад Менск, каб дэстабілізаваць сытуацыю ў нашай сталіцы. Нейкая дзіўная стабільнасьць”.

Паводле заканадаўства, калі засуджаны не парушаў правілаў унутранага распарадку, то праз тры месяцы яму дазваляюць жыць са сваёй сям’ёй (пры ўмове, што яна будзе мець нейкае жытло ў гэтай мясцовасьці). У Міколы Статкевіча ў Баранавічах жыве хворы бацька. Але апазыцыйны палітык упэўнены, што ўлады не дазволяць яму жыць па-за межамі спэцкамэндатуры.
XS
SM
MD
LG