Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У маскоўскай трупярні цела беларуса трымалі паўтара месяца


Казімер Яноўскі, Калінкавічы У ліпені Радыё Свабода распавядала, што сотні жыхароў Беларусі едуць у Расею ў пошуках лепшага заробку, але далёка ня ўсе яны вяртаюцца дамоў. Многія папросту зьнікаюць у саюзнай дзяржаве. У ліку такіх — і жыхар Калінкавіч, бацька дзьвюх дачок Васіль Кліменка. Ён прапаў у Маскве 3 чэрвеня пасьля затрыманьня расейскімі міліцыянтамі на Беларускім вакзале. Сёньня жонка Васіля — Тамара Кліменка паведаміла, што ейны муж пахаваны на могілках у Маскве як незапатрабаваная асоба.

Тамара Кліменка з Калінкавіч распавяла, што мужа Васіля таемна пахавалі на маскоўскіх могілках пад нумарам 1187 яшчэ 22 ліпеня.

(Кліменка: ) “Так яны й пахавалі яго. Нікому нічога не паведамілі. Пахавалі яшчэ 22 ліпеня. Ужо быў аб''яўлены вышук мужа. Але яго не знайшлі — ні амбасада наша ў Маскве, ні тамтэйшая міліцыя”.

Сьведкамі затрыманьня Васіля Кліменкі ў Маскве былі беларускія рабочыя, што разам вярталіся дамоў пасьля працяглай працы на нафтагазавых радовішчах Расеі.

Жонка Васіля, Тамара Кліменка, па гарачых сьлядох, спраўджвала гэту інфармацыю ў пастарунку міліцыі Беларускага вакзалу. Па тэлефоне ёй паведамілі, што спадара Кліменку сапраўды затрымлівалі: склалі пратакол (з прычыны знаходжаньня нападпітку) і праз тры гадзіны, нібыта, выпусьцілі.

Цяпер высьветлілася, што 5 чэрвеня Васіль Кліменка быў знойдзены на пляцы Цьвярской заставы непадалёк ад Беларускага вакзалу з траўмаю галавы. Брыгада хуткай мэдычнай дапамогі даставіла знойдзенага чалавека ў шпіталь імя Боткіна, дзе ў гэты ж дзень Васіль Кліменка і памёр.

У трупярні цела трымалі паўтара месяца, і пахавалі напрыканцы ліпеня як незапатрабаваную асобу. Гэта ўстанавіў інспэктар вышуку зьніклых людзей Калінкавіцкай міліцыі Ігар Дзяркач.

Не дачакаўшыся адказаў на запытаньні маскоўскіх міліцыі й пракуратуры, інспэктар Дзяркач стаў настойліва тэлефанаваць у пастарункі ды шпіталі Масквы. Падмогу ў вышуку яму аказала толькі Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў.

(Дзяркач: ) “Яшчэ нейкае ўзаемадзеяньне зь Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў ёсьць, а вось міліцэйскія аддзяленьні выпадкамі, што пахнуць крыміналам, займаюцца вельмі неахвотна. Тым больш, калі загінулы — грамадзянін іншай краіны. Я вельмі адмоўна стаўлюся да такой практыкі. Бачыце, пра сьмерць Васіля Кліменкі яны нічога не паведамілі ні ў беларускае консульства, ні жонцы. Хаця пры ім былі дакумэнты”.

Паводле некаторых зьвестак, у Расеі пасьля выезду на працу прапалі каля 60 жыхароў рэгіёну. Пошукі іх далёка не ва ўсіх выпадках даюць вынікі.
XS
SM
MD
LG