Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За тое, што слухаў Свабоду, мяне хацелі выгнаць са школы...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”

Як людзі робяцца слухачамі Свабоды? Раз-пораз у нашай рэдакцыйнай пошце сустракаюцца лісты, аўтары якіх згадваюць уласныя гісторыі на гэты конт. Сваю гісторыю распавёў і Сяргей Хмялінка зь Менску.

“Упершыню пачуў вас у 85-м годзе. Але тады я больш слухаў расейскамоўныя станцыі — Бі-Бі-Сі, Свободу, Голас Амэрыкі, Нямецкую хвалю ды іншыя. Мяне тады за гэта нават са школы хацелі пагнаць — зь дзявятае клясы.

Цяпер маю вельмі мала часу, каб рэгулярна слухаць вас: справы, справы, справы… І толькі пасьля 11-й гадзіны ўвечары тое-сёе ўдаецца пачуць. Слухаю на сярэдняй хвалі 612 кілягерцаў. Але якасьць прыёму вельмі кепская — амаль нічога не чуваць. Я й антэну зрабіў, згодна з вашымі інструкцыямі. Але дарэмна. Толькі пасьля 23-й гадзіны чутна лепей.

На кароткіх хвалях, зразумела, чуваць лепш: якасьць добрая, асабліва пасьля паловы восьмай вечара. Але кароткахвалевы прыймач — у майго бацькі, а ён зьехаў жыць у вёску.

Хачу таксама даведацца, што гэта будзе за конкурс на Свабодзе ў блізкім часе. Чуў адным вухам, але не дачуў. Калі буду ведаць умовы, дык на нейкі час забяру кароткахвалевы прыймач у бацькі. А ўвогуле, вялікі дзякуй за вашы перадачы. Аднаго разу я нават патэлефанаваў вам і потым чуў свой голас у вашым эфіры. Супэр! Свабода — амаль што легенда зь дзяцінства, і тут — бац (!!!) — я на ёй!”

Дзякуй вам, Сяргей, за добрыя словы. Конкурс, які Свабода правядзе ў верасьні, — для тых, каго цікавіць тэма радыёпрыёму й радыё наагул. Пераможцы яго атрымаюць у якасьці прызоў усехвалевыя радыёпрыймачы. Пра ўмовы конкурсу можна даведацца з абвестак, якія цяпер штодня гучаць на нашых хвалях.

Наступны ліст — ад нашага даўняга слухача й актыўнага аўтара Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

“І на вёсцы, і ў горадзе часам можна пачуць “Усё наўкол калгаснае, усё наўкол маё”. А гэта значыць, і з поля, і з фэрмы, і з заводзкага цэху можна штосьці прыхапіць дамоў — абы ніхто ня бачыў. Вось прыватных кароў у нас няма дзе пасьвіць: паша самая кепская, нічога там не расьце. Бачыць гэта чалавек, бярэ ў рукі касу, заходзіць пасярод поля ў калгасны авёс — і калі ласка: кароўка ўжо жуе сакавітую траву. А ці магчыма такое з прыватнай уласнасьцю? Вядома, не.

Ці яшчэ прыклад. Ёсьць у нас у суседнім раёне рыбгас на вадасховішчы. Дык туды па рыбу езьдзяць цэлыя кампаніі начальнікаў, іхных сяброў і сваякоў. І кожны вязе назад па мяшку (а то й па два) рыбы. Вартаўнік там, вядома, ёсьць. Але што ён зробіць, калі ва ўсіх — пасьведчаньні зь дзяржаўным гербам. Дый начальнік па тэлефоне дае яму загад іх не чапаць”.

Далей Павал Сац зьвяртае зьвяртаецца да іншае тэмы, якой мы апошнім часам надавалі ў праграмах шмат месца. Арыштаваны тры месяцы таму былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец працягвае заставацца ў няволі. У Паўла Саца на гэты конт свой пункт погляду.

“Я актыўна цікавіўся тым, за што зьвінавачваюць Скрабца. Распытваў многіх людзей (балазе, падзеі, за якія зьвінавачваюць былога дэпутата, адбываліся ў нашай мясцовасьці). І прыйшоў да наступнай высновы: калі ты палітык, — дык і заставайся палітыкам, ня лезь у розныя сумнеўныя справы. Калі ў партыі, — дык не ганьбуй яе сваімі ўчынкамі. Навошта Скрабец ублытаўся ў справу, у якой фігуруюць забойцы ды іхныя сваякі? Бандыты павінны сядзець у турме. А Скрабца, які нейкім чынам спрабаваў спрыяць таму, каб гэтым злачынцам зьмякчылі пакараньне, людзі не разумеюць. І дарэмна гэтай справе вы спрабуеце надаць палітычную афарбоўку”.

Мы, спадар Сац, не надаем гэтай справе ніякіх афарбовак — папросту канстатуем факты, падаём розныя меркаваньні. А зьвяртаем на гэтую сытуацыю мы такую пільную ўвагу таму, што Сяргей Скрабец — вядомы ў Беларусі палітык, былы дэпутат, дзеяч апазыцыі. Перад арыштам яму неаднаразова пагражалі за ягоную апазыцыйную актыўнасьць. Летась спадар Скрабец з гэтай прычыны нават прасіў палітычнага прытулку ў Расеі, але там яму адмовілі. Многія ў Беларусі й за ейнымі межамі лічаць, што ён пацярпеў якраз за сваю палітычную дзейнасьць, а не за тыя злачынствы, за якія яго зьвінавачваюць. І ў людзей, якія так цьвердзяць, маюцца важкія аргумэнты. Гэтак жа ўважліва мы сочым за лёсам іншых вядомых палітыкаў, якія апошнім часам апынуліся ў няволі, — Міхаіла Марыніча, Валер’я Леванеўскага, Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца…

Наш слухач Міхаіл Андрэйчыкаў з Магілеву ў сваім лісьце на Свабоду апісаў гісторыю васьмігадовага змаганьня з чыноўнікамі за права на льготную пэнсію (у свой час ён працаваў у шкодных умовах на хімічнай вытворчасьці). За гэты час спадар Андрэйчыкаў абышоў шмат інстанцыяў, атрымаў дзясяткі розных адказаў, судзіўся. Пабываў на прыёме ў самых розных чыноўнікаў, у тым ліку, — у такіх высокапастаўленых, як віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў і міністар працы й сацыяльнай абароны Антаніна Морава. Пісаў і прэзыдэнту. Высновы, зробленыя Міхаілам Андрэйчыкавым на падставе свайго багатага досьведу, наступныя:

“Дамагчыся справядлівага рашэньня свайго пытаньня за гэтыя восем гадоў я ня здолеў. Хацелася б, каб вы пазнаёміліся з маімі паперамі й агучылі ў эфіры тое бязладзьдзе, якое пануе ў нашых органах улады, у тым ліку, і ў тых, якія, нібыта, лічацца самастойнымі й не залежнымі ад выканаўчай “вертыкалі”. І на гэта прэзыдэнт Беларусі, які, паводле Канстытуцыі, павінен абараняць правы грамадзян, заплюшчвае вочы. Насамрэч я пераканаўся ў тым, што Канстытуцыя ў Беларусі — гэта дэкляратыўны дакумэнт, а чыноўнікі на нашы правы не зважаюць. І атрымліваецца так: у каго ўлада, — той заўсёды мае рацыю”.

Я ўважліва пазнаёміўся з дакумэнтамі, дасланымі слухачом. Працаваў спадар Андрэйчыкаў на Магілеўскім заводзе штучнага валакна, у шкодных умовах, і здавалася б, павінен мець права на адпаведную пэнсію. Шматлікія чыноўнікі, якія займаліся справай, гэтага ягонага права не адмаўляюць. Але й не пацьвярджаюць. Аказалася, на заводзе ў той час дакумэнтацыя вялася такім чынам, што ўсіх неабходных папер знайсьці цяпер немагчыма. Вінавата ж — як адзначае ў сваім адказе Міхаілу Андрэйчыкаву намесьнік міністра працы Локіс — адміністрацыя заводу.

Але высновы з гэтага робяцца дзіўныя (цытую афіцыйны адказ намесьніка міністра): “Зыходзячы з вывучаных матэрыялаў, прасочваецца наўпростая віна наймальніка ў няякасным і нясвоечасовым афармленьні дакумэнтаў, таму няма падставаў для прыняцьця рашэньня аб Вашым праве на датэрміновую пэнсію”.

Іншымі словамі, вінаваты нядбайныя чыноўнікі, а разьлічвацца за іхную віну павінен рабочы, прычым, — літаральна з уласнай кішэні, пэнсіяй, якой яму не налічылі. І ўладная “вертыкаль” на ўзроўні міністра й віцэ-прэм’ера прызнае гэтую сытуацыю за нармальную, якой чыноўнікі, нібыта, ня могуць вырашыць.

На заканчэньне — урывак зь ліста Васіля Малікава зь Беразіна Менскай вобласьці. Слухач разважае пра нядаўні скандальны выпадак, калі падчас пікету памяці зьніклага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага “амонавец” зьбіў жонку Зьмітра — Сьвятлану.

“Учынак гэты, безумоўна, ганебны. Але я хацеў бы зьвярнуць увагу на іншы аспэкт гэтага здарэньня. Калі б “амонавец” ударыў мужчыну, — ніхто б на гэта й ня зважыў. А варта ўдарыць жанчыну, — узьнімаецца вэрхал на ўвесь сьвет. Па-мойму, у нашым грамадзтве назіраецца дыскрымінацыя з палавой прыналежнасьці. Атрымліваецца, мужчын можна біць, як сабак, — нібы, ім і не баліць. Няўжо на Захадзе такое ўспрымаецца гэтак жа?

Уздымаць руку на безабаронную слабую жанчыну — амаральна, спадар Малікаў. І на Захадзе, і на Усходзе такія ўчынкі грамадзкай маральлю ацэньваюцца прыблізна аднолькава. Гэта зусім не азначае, што гвалт прадстаўніка ўлады дачынна мужчыны мусіць быць нормай. Папросту ўспрымаецца гэта ня так востра: у мужчыны ўсё ж больш магчымасьцяў пастаяць за сябе.

Што да канкрэтнай сытуацыі, то, калі б падобны інцыдэнт здарыўся ў якой-небудзь заходняй краіне й калі б яго паказалі па тэлебачаньні, — гэта выклікала б шырокі грамадзкі розгалас. Справа, безумоўна, разглядалася б у судзе, і ў паліцэйскага, які дазволіў бы сабе такое, напэўна, былі б вялікія непрыемнасьці. У Беларусі ж, як вядома, амонавец, які зьбіў Сьвятлану Завадзкую, не панёс ніякай адказнасьці: справа нават не была даведзена да суду.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду й нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG