Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія накіруе ў Беларусь спэцыяльнага прадстаўніка


RFE/RL Як паведамляе агенцтва "Ройтэрс" і іншыя сусьветныя агенцтвы навінаў, Эўракамісія вельмі занепакоеная становішчам з правамі чалавека ў Беларусі, і з гэтай прычыны Эўразьвяз накіроўвае ў Менск адмысловага прадстаўніка, які будзе сачыць за сытуацыяй на месцы.

Пра гэта заявіў сёньня старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу падчас сустрэчы ў Будапэшце з кіраўнікамі ўрадаў Вугоршчыны, Польшчы, Чэхіі й Славаччыны.

Старшыня Эўракамісіі падкрэсьліў, што прысутнасьць у Беларусі прадстаўніка Эўразьвязу будзе знакам таго, што Эўропа падтрымлівае свабоду і правы чалавека ў краіне:

(Барозу: ) "Мы таксама рыхтуемся да таго, каб накіраваць у Менск адмысловага пасланьніка, каб ён на месцы мог сачыць за сытуацыяй і запэўніць, што такая прысутнасьць Эўразьвязу азначае падтрымку дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека ў Беларусі".

Учора ў інтэрвію польскай “Газэце выбарчай” старшыня Эўракамісіі заявіў, што “свабода і салідарнасьць зьяўляюцца ў Беларусі альтэрнатывай аўтарытарнаму кіраваньню Аляксандра Лукашэнкі”.

“Тое, што адбываецца ў Беларусі, закранае нас і я цалкам разумею, чаму гэта важна для Польшчы” – сказаў Барозу ў інтэрвію папулярнай польскай газэце.

Сёньня пасьля нарады ў Будапэшце польскі прэм''ер-міністар Марэк Бэлька заявіў, што Вугоршчына, Чэхія і Славаччына падтрымалі Польшчу ў яе пазыцыі адносна падзеяў у Беларусі.
XS
SM
MD
LG