Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэпутаты мясцовых саветаў патрабуюць ад Лукашэнкі спыніць перасьлед


Ганна Соусь, Менск Шэраг дэпутатаў мясцовых саветаў зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем спыніць перасьлед кіраўнікоў Саюзу палякаў ў Беларусі, абраных сёлета ў сакавіку, а таксама актывістаў саюзу, якія іх падтрымліваюць. Сярод падпісантаў звароту – дэпутаты са Жлобіну, Смаргоні, Мазыра, Круглага, Мсьціславу ды іншых гарадоў Беларусі.

Найперш дэпутаты канстатуюць, што шэраг актывістаў Саюзу палякаў цяпер беспадстаўна знаходзяцца за кратамі, і іншыя церпяць перасьлед з боку ўладаў. Як пішуць дэпутаты мясцовых саветаў, “захоп амапаўцамі будынку Саюзу Палякаў ёсьць праявай непавагі ня толькі да сябраў арганізацыі, але і да ўсіх людзей добрай волі”. Як лічыць адзін з падпісантаў звароту дэпутат Мазырскага гарадзкога савету Леанід Арлоў, грамадзкія арганізацыі павінны самі вырашаць арганізацыйныя пытаньні, вызначаць праграму дзеяньняў, распрацоўваць стратэгію і тактыку і адпаведна прымаць канкрэтныя рашэньні, у тым ліку і ў выбары кіраўніцтва.

(Арлоў: ) “І тыя гульні, якія пачаліся вакол гэтага, сьведчаць пра тое, што ў дзейнасьць арганізацыі ўмешваюцца нейкія патаемныя сілы, які маюць адпаведныя мэты. Я думаю, што такія справы адбываюцца ня толькі з Саюзам палякаў, але і з шэрагам іншых арганізацый. Вядома, што шмат арганізацый ўжо закрыты, альбо цягнецца працэс іх закрыцьця. І таму мы вырашылі зьвярнуцца да кіраўніцтва, каб яно ўсё ж сумленна ставілася да такіх працэсаў”.

Разам зь Леанідам Арловым зварот падпісалі дэпутаты Марат Афанасьеў, Рамуальд Улан, Аляксандар Галактыёнаў, Пятро Цярэшка і Зінаіда Мялешчанка. Апошняя – дэпутатка Круглянскага раённага савету, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яна лічыць, што трэба падтрымліваць сяброўскія стасункі з усімі суседзкімі краінамі.

(Мялешчанка: ) “А то так атрымліваецца, што вакол нас усе ворагі. У адпаведнасьцю з пазыцыяй нашай палітычнай эліты мы жывем у нейкай ізаляцыі, усе хочуць нас пакрыўдзіць. А я лічу, што мы павінны самі перагледзіць, у тым ліку і кіраўнік краіны, перагледзіць сваю пазыцыю ў дачыненьні і да суседзяў, і да тых людзей, які жывуць не зь ягонага загаду, не па ягонай ідэалёгіі і маюць уласную думку. Таму я і падпісала гэты зварот”.

Мясцовыя дэпутаты патрабуюць ад Аляксандра Лукашэнкі “спыніць антызаконныя дзеяньні ў дачыненьні да актывістаў і кіраўнікоў Саюзу Палякаў і пачаць дыялёг з удзелам законнага кіраўніцтва арганізацыі на чале з Анжалікай Борыс.

Аляксандар Галактыёнаў, дэпутат Мсьціслаўскага раённага савету тлумачыць, што ён падпісаўся пад зваротам да кіраўніка Беларусі на знак салідарнасьці, на знак падтрымкі актывістаў Саюзу Палякаў.

(Галактыёнаў: ) “Я ні на што не спадзяюся. Я ня думаю, што гэта выклікае нейкую рэакцыю. Тое, што там напісана, гэта праўда. Звароты трэба пісаць, але шанцаў на тое, што яны нейкі станоўчы плён будуць мець, у мяне асабіста няма. Безумоўна, гэта салідарнасьць, ня болей”.
XS
SM
MD
LG