Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да арыштаваных грузінскіх актывістаў не пускаюць адваката


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня правааборонца з цэнтру “Вясна” Алесь Каліта пойдзе да ізалятара на вуліцы Акрэсьціна. Гэта будзе ужо трэцяя ягоная спроба перадаць харчы і рэчы асабістага карыстаньня для актывістаў грузінскай моладзевай арганізацыі “Кхмара”, якіх сёмы дзень утрымліваюць пад вартай. Адвакат зьняволеных грузінскіх актывістаў Павал Сапелка паведаміў агенцтву БелаПАН, што яго не пусцілі да іх у спэцпрыёмнік-размеркавальнік, нягледзячы на тое, што ён меў ўсе дакумэнты, якія дазваляюць яму наведваць падабаронных.

Справа Георгія Кандэлакі і Лукі Цуладзе ўчора набыла новы паварот. У Маскоўскім раённым судзе актывістаў грузінскай арганізацыі “Кхмара” асудзілі за дробнае хуліганства на 15 сутак арышта. Тады ж начальнік гарадзкой міліцыі Анатоль Куляшоў заявіў, што грамадзяне Грузіі нібыта ўчынілі ў ізалятары бойку з сукамернікамі, таму і былі пакараныя.

Праваабаронца з цэнтру “Вясна” Алесь Каліта сам не адзін дзень адсядзеў на Акрэсьціна пасьля леташняга рэфэрэндуму. Ён ведае ўмовы утрыманьня ў ізалятары і паводзіны ягоных вязьняў. Алесь ня схільны верыць таму, пра што заяўляюць ў кіраўніцтве менскай міліцыі.

(Каліта: ) ”Перакананы, што гэта цалкам немагчыма, гэта лухта. Такія прадстаўнічыя асобы сур’ёзнай арганізацыі, як “Кхмара” – ня думаю, што яны пайшлі на тое, каб учыняць бойку у ізалятары. Проста гэта звычайная правакацыя.”

Сёньня Алесь Каліта паспрабуе у трэці раз перадаць актывістам “Кхмары” харчы і рэчы гігіены. 26 жніўня ў пятніцу і ўчора такія спробы былі марныя, супрацоўнікі ізалятара не ўзялі перадачу, спаслаўшыся на тое, што няма кіраўніцтва ўстановы. Між тым цалкам невядома, як харчуюць грамадзянаў Грузіі і ці далі ім ў карыстаньне іх рэчы асабістай гігіены, якія яны пакінулі ў гатэлі. Супрацоўнікі ізалятару кажуць, што у грамадзянаў Грузіі усё добра, але Алесь Каліта ім ня верыць.

(Каліта: ) “Раніцай з дзесяці, калі прыяжджае начальства, пайду і буду там стаяць каб прынялі перадачу. Дарэчы, для “зуброў” перадачу прынялі, Анатоль Афнагель прастаяў паўтары гадзіны і ўзялі перадачу. Таму мусяць і для гэтых хлопцаў прыняць.”

Сёлета ў сакавіку за арганізацыю мітынгу прадпрымальнікаў быў арыштаваны лідэр прадпрымальніцкай арганізацыі “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка. Праз некалькі дзён ўлады заявілі, што Анатоль Шумчанка нібыта зьбіў сукамэрніка і асуджаны на месяц адміністрацыйнага арышту. Прадпрымальнік кажа, што насамрэч ніякай бойкі не было і яго асудзілі незаконна. Анатоль Шумчанка мяркуе, што гэтак сама дзейнічалі ўлады і адносна актывістаў “Кхмары”.

(Шумчанка : ) “Спачатку нас было пяць чалавек ў камэры, потым тры, у тым ліку і гэты чалавек. Потым мяне вывялі з камэры ў двор, прывялі і ён ужо быў з чырвонай плямай на лбе. Вось за гэты момант яму альбо намалявалі, альбо сапраўды ударылі па галаве. І ўсе – заява.”

Пазьней чалавек, якога нібыта зьбіў Анатоль Шумчанка прызнаўся журналістам, што яму загадалі навесьці паклёп на прадпрымальніка супрацоўнікі КГБ. Ці стане вядомая праўда пра інцыдэнт з удзелам актывістаў “Кхмары” – невядома. Між тым прадстаўнік управы КГБ па Менску і Менскай вобласьці ужо Уладзімір Свірыдаў заявіў, што “дзеяньні замежнікаў, якія прыяжджаюць ў Беларусь, каб дэстабілізаваць становішча ў краіне, будуць рашуча прыпыняцца”.

Нагадаю, Георгій Кандэлакі і Лука Цуладзе былі затрыманыя 24 жніўня нібыта для праверкі дакумэнтаў і неўзабаве абвінавачаныя КГБ ўва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Беларусі. Актывістаў “Кхмары” вырашылі дэпартаваць з краіны, аднак пакінулі ў ізалятары яшчэ на 15 сутак. За час знаходжаньня ў Менску Георгій Кандэлакі і Лука Цуладзе пасьпелі правесьці ўсяго некалькі сустрэч з прадстаўнікамі маладзёвых арганізацыяў краіны. Затрымалі іх разам з каардынатарам беларускага руху “Зубр” Уладзімерам Кобцам.
XS
SM
MD
LG