Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сьвяткуе 12-ы дзень нараджэньня на пасадзе прэзыдэнта (фота)


Ігар Карней, Менск Сёньня свой 51-ы дзень нараджэньня спраўляе Аляксандар Лукашэнка. Апошнія 11 гадоў былы дэпутат Вярхоўнага Савету, дырэктар саўгасу “Гарадзец” адлічвае ў статусе прэзыдэнта Беларусі. Праўда, як і раней, Лукашэнка ігнаруе ўсялякія з гэтай нагоды сьвяткаваньні. І калі не адбылося карэктываў у рабочым графіку, сёньня Лукашэнка выправіцца ў Смаргонь, дзе адчыніць новую школу ў адным з гарадзкіх мікрараёнаў, а таксама наведае Смаргонскі агрэгатны завод.

Адзін з прэзыдэнцкіх ідэолягаў, біёграф Аляксандра Лукашэнкі, пісьменьнік Эдуард Скобелеў шкадуе, што за столькі гадоў фактычна ніводнага разу не ўдалося павіншаваць прэзыдэнта. Мала за тое, Лукашэнка нават забараняе падначаленым узгадваць пра свой дзень нараджэньня. Тым ня меней, паводле Скобелева, галоўным падарункам для самога прэзыдэнта ёсьць тое, што цягам яго прэзыдэнцтва народ “узьняўся з каленяў”.

(Скобелеў: ) “У народзе калясальныя зьмены адбыліся! Ад стану запужанага статку народ выпраміў плечы, народ убачыў пэрспэктыву, народ спакойна працуе, робіць справу”.

Але ня ўсе былыя паплечнікі Лукашэнкі становяцца ў чаргу, каб павіншаваць былога боса. Былы кіраўнік юрыдычна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі, адрозна ад Эдуарда Скобелева, лічыць, што беларусы ня толькі не падняліся ва ўвесь рост, але нават сталі на карачкі.

(Пласкавіцкі: ) “Хацелася б верыць, што ўсе мы, у тым ліку і ён, сталі трохі разумнейшыя. Таму што ёсьць пэўны досьвед самастойнасьці і г.д. Але нічога падобнага канстатаваць нельга. Ня бачу, каб мы сталі разумнейшымі. Гэта першае. А другое – я ня бачу, каб нейкія каштоўнасьці, больш важкія, чым тыя, якія ёсьць у жывёлы, занялі ў нашым духу большае месца. Засталіся тыя ж жывёльныя каштоўнасьці на першым пляне, як і былі”.

Паказальна, што апытаньне шараговых грамадзянаў – маўляў, што пажадалі б прэзыдэнту ў дзень нараджэньня, паказала: у сваіх віншаваньнях людзі наўпрост прывязваюцца да падзеяў, якія адбываюцца ў краіне.

(Спадар: ) “Па вялікім рахунку, тут увогуле нейкае ўзаемнае неразуменьне паміж людзьмі і прэзыдэнтам: чалавек, які распачаў канфлікт паміж Польшчай і Беларусьсю, пераблытаў грамадзкія інтарэсы з асабістымі”.

(Юнак: ) “Галоўнае, каб ён Канстытуцыю паважаў, правільна? Мне так падаецца. Гэта самае галоўнае. Бо, каб ён яе паважаў, то не пайшоў бы на трэці тэрмін. Увогуле, я яму пажадаў бы паважаць законы беларускія, ім жа, па сутнасьці, прынятыя. Пэўна, так. І зараз яго не было б”.

За 11 гадоў ля ўлады Аляксандар Лукашэнка фактычна ніколі не займаўся самакрытыкай. Зрэшты, гэтакія ж настроі характэрныя і для ягоных прыхільнікаў – маўляў, прэзыдэнту выключна “перашкаджаюць”, а сам ён нібыта не памыляецца... А калі напачатку году Лукашэнка даваў інтэрвію рэдактару газэты “Русская Америка” Аркадзю Мару, у яго словах ускосна прагучала думка пра тое, што ён і ёсьць “мэсія” для Беларусі.

(Лукашэнка: ) “Сярэдзіна 90-х. Развал ва ўсім: у краіне, у галовах, смута. Яшчэ горш, чым у 1991-92 гадох, калі яшчэ па інэрцыі нешта рабілася. А тут – пустыя паліцы, абяздолены народ... І тут я. Мне няма яшчэ і сарака, але народ рызыкнуў. Бо беларусы – найразумнейшыя людзі! Яны перакрэсьлілі ўсіх (а былі ўсе: ад нацыяналістаў і камуністаў да фашыстаў, рэсурс адміністратыўны). Усіх перакрэсьлілі і падтрымалі Лукашэнку, адназначна. Нягледзячы ні на якія фальсыфікацыі ды іншае – перамог”.

Колькі яшчэ дзён нараджэньня плянуе адзначыць Аляксандар Лукашэнка на прэзыдэнцкай пасадзе? Гэтае рытарычнае пытаньне задае сабе былы партыйны куратар Лукашэнкі, а потым (зь “лёгкай рукі” выхаванца) – арыштант Васіль Лявонаў.

(Лявонаў: ) “Што будзе ў 2006 годзе? Зноў элегантная перамога? А можа зноў будзе абвешчанае “дастойная” параза для тых, хто паспрабуе “гуляць” у выбары? Мы ж да гэтага ўжо прызвычаіліся... Менавіта так, жадаем мы таго ці не, успрымае бальшыня беларусаў дыскусіі вакол выбараў, якія плянуецца правесьці ў наступным годзе”.

Некалькі гадоў запар у адказ на пытаньне пра падарунак прэзыдэнту, былыя паплечнікі, а цяпер апанэнты рэжыму зусім не арыгінальныя. “Квіток дадому”: маўляў, пасядзеў “наверсе”, і досыць. Да таго ж, як мяркуе палітоляг Вячаслаў Оргіш, лёзунгі, зь якімі Лукашэнка фактычна прыйшоў да ўлады, амаль не мяняліся.

(Оргіш: ) “Лукашэнка ўвесь час імкнецца дэманстраваць грамадзтву, які ён непахісны барацьбіт з карупцыяй, які сумленны, адданы справе народа. На самой справе Лукашэнка сам добра ведае, што адбываецца ў чынавенскім асяродзьдзі: хто крадзе, у якіх памерах. Час ад часу ён выцягвае на сьвет боскі асобных дзеячаў чыноўніцкай карпарацыі, іх карумпаваныя справы. Але гэта не характарызуе агульную, моцную, сыстэмную працу, скіраваную на барацьбу з карупцыяй. Таму што такой сыстэмнай працы не існуе”.

Сам Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, з аптымізмам глядзіць у будучыню. Час ад часу ён заяўляе, што ня мае маральнага права “здаць” народ, які яго абраў.

(Лукашэнка: ) “Некаторыя інваліды з ложка не маглі ўстаць, іх везьлі прагаласаваць за Лукашэнку. Мне пра гэта дакладалі… Як я пасьля гэтага магу аддаць усё, што яны тут стварылі? Як магу кінуць людзей? Ніколі!”

Аналітыкі перакананыя: шмат якія дзеяньні Лукашэнкі цягам усяго гэтага часу адбываліся з маўклівай згоды кіраўніцтва Расеі. Аднак старшыня Расейскай партыі эканамічнай свабоды Канстанцін Баравы лічыць, што зараз становішча ў беларускага лідэра больш хісткае.

(Баравы: ) “Мне здаецца, што тыя людзі, якія сёньня стаяць за Лукашэнкам і падтрымліваюць яго, ніколі не дазволяць яму дажыць да моманту, калі трэба будзе даваць паказаньні перад беларускім народам ці ў Гаагскім судзе – чые загады ён выконваў? Мяркую, яму проста не дадуць такой магчымасьці”.

Летась, да 50-годзьдзя Аляксандра Лукашэнкі, на ягонай “малой радзіме” быў наведзены ідэальны парадак. Цэнтар Копысі, дзе Лукашэнка нарадзіўся і наведваў сярэднюю школу, узяты ў плястык і шклопакеты, а дахі адміністратыўных будынкаў пакрытыя чарапіцай. Як кажуць назіральнікі, у такім аўрале не “марафеціўся” яшчэ ніводзін населены пункт Беларусі.

На здымку: пантонны мост праз Дняпро, які зьвязвае Копысь і родную вёску Аляксандра Лукашэнкі – Александрыю.



На здымках: гарадзкі пасёлак Копысь, дзе ў мясцовай радзільні зьявіўся на сьвет Аляксандар Лукашэнка, да леташняга юбілею прэзыдэнта пераўтвораны ў паказальны пасёлак.



XS
SM
MD
LG