Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Археолягі зьвяртаюцца ў КГБ, каб змагацца з "чорнамі капальнікамі"


Вячаслаў Кулік, Менск На гэтым тыдні ў Беларусі завяршаецца археалягічны сэзон. Прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук паведамілі нашаму радыё, што паводле яго вынікаў супрацоўнікі палявых экспэдыцыяў вырашылі зьвярнуцца ў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі.

Кандыдат гістарычных навук Міхась Чарняўскі называе новыя месцы варварства “чорных капальнікаў”.

(Чарняўскі: ) “Франтавыя лініі, нават самыя банальныя, усюды зрытыя. Неверагодна, што робіцца. Ёсьць Калдычэўскае возера. Там жа вялізарная лінія, дзясяткі дотаў. Таксама траншэі. Усё скрозь перакапана. У адным месцы выкапаны сьметнік германскіх салдатаў. Ляжыць вялікая куча бляшанак з-пад тушонкі. Ржавыя, канечне.Але ўсё перакапана літаральна. Вядома, шукаюць зброю, якую і знаходзяць. Нямецкая зброя добра яшчэ дзейнічае”.

Радыё Свабода раней паведамляла слухачам аб аднаўленьні каля Менску так званай “Лініі Сталіна” і пра раскопкі на аналягічных аб’ектах ў Полацку і Смаргоні. Мы высьветлілі, што гэтым займаюцца, як правіла, аматары. Па словах Міхася Чарняўскага, нездаровую цікавасьць да абарончых збудаваньняў падагрэла “вайна для Лукашэнкі” – тэатралізаванае шоў у дзень адкрыцьця “Лініі Сталіна”. “Звычайнымі мэтадамі спыніць барбарства цяпер будзе складана”, -- гаворыць навуковец.

(Чарняўскі: ) “Я падрыхтаваў нават ліст да старшыні КГБ – бо гэта неверагодна што робіцца - з прапановай ліцэнзаваць шукальнікі мэталю. Навошта ён звычайнаму чалавеку альбо нейкаму бізнэсоўцу невялічкаму? Ясна, каб нешта шукаць у зямлі. Тут яшчэ такая справа: як толькі мы публікуем, што адшукалі цудоўнае гарадзішча, могільнік, то тут жа зьяўляюцца на сваіх пікапах ці ўсюдыходах “чорныя археолягі”. Некаторыя зь іх кінулі бізнэс, бо ім больш рамантычна і прыбыткова менавіта рыць старажытныя магілы, франтавыя лініі. Некаторыя нават прапаноўваюць археолягам супрацоўніцтва ў гэтым чорным бізнэсе. Я ня ўпэўнены, што ўсе адмаўляюцца”.

Электронныя шукальнікі мэталю і больш простыя мэталёвыя дэтэктары прадае менская фірма “БэстБак”. Адзін зь яе супрацоўнікаў патлумачыў наступнае”.

(Супрацоўнік фірмы: ) “У нас ёсьць дазвол на аптовы продаж таго віду прадукцыі. Вы, напрыклад, купілі як прыватная асоба. Карыстайцеся ім. Навошта ліцэнзія, калі купляецца для ўласнага карыстаньня? Альбо як фірма, якая набыла шукальнік, які неабходны ў вытворчым працэсе. Вы ж не мініруеце нічога, я так разумею”.

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, шукальнікі мэталю праходзяць па некаторых крымінальных справах. Найбольш гучная зь іх – па танку, які быў адшуканы ў віцебскіх балотах і вывезены ў Расею. У сваю чаргу ў прэс-службе КГБ адзначылі, што цяперашняе заканадаўства Беларусі не забараняе выкарыстаньне шукальнікаў мэталю ў побытавых і вытворчых мэтах. “Калі будуць заявы ад археолягаў”, - то яны атрымаюць належную ўвагу”, - інфармавалі ў ведамстве”.
XS
SM
MD
LG