Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 жніўня ў Беларусі – трэці Спас


RFE/RL Каляндар “Свабоды”

29 жніўня ў Беларусі традыцыйна адзначаецца трэці Спас. Пасьля першага – мядовага – і другога – яблычнага, трэці Спас называлі хлебным або арэхавым, што было зьвязана з пасьпяваньнем арэхаў.

29 жніўня 1944 году тэрыторыя Беларусі была цалкам вызваленая ад нямецкіх захопнікаў.

29 жніўня 1949 году Савецкі Саюз правёў першае выпрабаваньне сваёй атамнай бомбы. Выбухі прагучалі праз чатыры гады пасьля таго, як амэрыканцы скінулі свае бомбы на японскія гарады Хірасіму і Нагасакі. Гісторыкі называюць дзень першага выпрабаваньня савецкай бомбы 29 жніўня 1949 году днём пачатку халоднай вайны паміж былымі саюзьнікамі СССР і ЗША.

29 жніўня ў розныя гады нарадзіліся філёзаф і астраном, дзяяч беларускага Асьветніцтва Ян Сьнядэцкі, які быў рэктарам Віленскага ўнівэрсытэту і кіраваў унівэрсытэцкай абсэрваторыяй; беларускі гісторык Іван Лапа – дасьледнік мінуўшчыны Полацкага Княства і Вялікага Княства Літоўскага; латвійскі камуніст Вільгельм Кнорыньш, якога ў нас ведаюць як Кнорына. Кнорын быў зацятым ворагам стварэньня асобнай беларускай рэспублікі, бо не лічыў беларусаў за нацыю.

Таксама 29 жніўня ў 1941 годзе прыйшоў на сьвет былы прэзыдэнт Югаславіі, а цяпер падсудны міжнароднага трыбуналу ў Гаазе Слобадан Мілошавіч.
XS
SM
MD
LG