Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі рубель ня будзе ўведзены з 1 студзеня 2006 году


Іна Студзінская, Менск Старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч у панядзелак на прэсавай канфэрэнцыі зрабіў шэраг важных заяваў. Па-першае, расейскі рубель ня будзе ўведзены ў Беларусі з 1 студзеня 2006 году, як плянавалася раней. Нацбанк Беларусі вядзе перамовы зь пяцьцю замежнымі банкамі аб продажы кантрольных пакетаў акцыяў беларускіх банкаў.

Старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч лічыць увядзеньне расейскага рубля ў Беларусі з 1 студзеня 2006 году нерэальным з тэхнічных прычын.

Вось што з нагоды неаднаразовага адкладаньня ўвядзеньня расейскага платнага сродку ў Беларусі гаворыць экс-старшыня Нацыянальнага банку прафэсар Станіслаў Багданкевіч:

(Багданкевіч: ) “Я думаю, што прычына – не тэхнічная. Сапраўдная прычына – у палітычных гульнях. Усе тэхнічныя пытаньні, пра што неаднаразова заяўляў Пётар Пракаповіч, былі апрацаваныя даўно, таму я ня бачу тут ніякай іншай прычыны, апрача палітычнай. Магчыма, усё ж такі Лукашэнка ўсьвядоміў, што трэба захаваць сувэрэнітэт дзеля захаваньня ўласнай ўлады, а не станавіцца правінцыяй Расейскай імпэрыі”.

Паводле Пятра Пракаповіча, пэрспэктывы тэрмінаў стварэньня манэтарнага саюзу Беларусі і Расеі залежаць ад далейшых рашэньняў найвышэйшага кіраўніцтва. Пракаповіч нагадаў: Пуцін і Лукашэнка дамовіліся, што стварэньню манэтарнага саюзу будзе папярэднічаць прыняцьце Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы, уніфікацыя заканадаўства і выраўноўваньне ўмоваў гаспадараньня для прадпрыемстваў і жыхарства дзьвюх краінаў – бо перадача паўнамоцтваў беларускай дзяржавы ў частцы эмісійнага цэнтру іншай дзяржаве – Расеі – патрабуе зьменаў у Канстытуцыі. Але з гэтым ніхто раней, калі падпісвалі розныя пагадненьні, не лічыўся.

Меркаваньне экс-старшыні Нацыянальнага банку прафэсара Станіслава Багданкевіча:

(Багданкевіч: ) “Глыбінныя прычыны – у тым, што Лукашэнка, відаць, разумее, што паступова ўладу страціць, як толькі аддасьць эмісійны цэнтар і эканамічную палітыку ў цэлым (таму што гэта зьвязана з рублём) расейскаму банку і расейскаму ўраду”.

Эканаміст Міхаіл Залескі таксама лічыць, што прычыны адкладаньня ўвядзеньня расейскага рубля будуць шукаць увесь час. Але прычына тут, на яго думку, у тым, што Цэнтрабанк Расеі і Нацбанк Беларусі ідуць цяпер у розных кірунках. Расейскія Цэнтрабанк і Мінфін ня здатныя стрымаць інфляцыю, бо расейская эканоміка “напампоўваецца” грашыма ад продажу нафты, цэны на якую перасягнулі ўжо ўсе прагнозныя паказчыкі. А тым часам, на думку эканаміста Міхала Залескага, спадар Пракаповіч навучыўся кіраваць Нацбанкам і пакрысе зьніжае працэнтавую стаўку.

(Залескі: ) “І цяпер яна дасягнула ўжо той мяжы, пасьля якой можна пачынаць нармальныя размовы з замежнымі банкамі пра іх удзел у капітале нашых банкаў. І вось цяпер, адчуваючы, што без замежных інвэстыцыяў мы проста задыхнемся, кіраўніцтва краіны напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі імкнецца палепшыць і свой імідж перад народам, і выйсьці з-пад небясьпекі эканамічнага каляпсу ў сувязі зь нястачаю тых самых згаданых інвэстыцыяў”.

(Карэспандэнтка: ) “Але гэта не небясьпечна, што кантрольны пакет прадаецца?”

(Залескі: ) “Ведаеце, у Чэхіі няма банкаў, якія належалі б чэхам. І нічога. Яшчэ за Гаўлам яны прадалі”.

Нагадаю, Нацыянальны банк Беларусі вядзе перамовы зь пяцьцю замежнымі банкамі аб продажы кантрольных пакетаў акцыяў беларускіх банкаў. Пра гэта паведаміў старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч. Гаворка ідзе як пра расейскія банкі, так і пра банкі з далёкага замежжа. Пакуль, паводле словаў Пракаповіча, “на жаль, залучэньне замежных інвэстыцыяў у банкаўскую сыстэму Беларусі ідзе не ў такім аб’ёме, як хацелася б”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG