Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца кампанія за вызваленьне асуджаных актывістаў “Кхмары”


Валер Каліноўскі, Менск У Грузіі абураныя рашэньнем суду Маскоўскага раёну Менску, які пакараў актывістаў “Кхмары” Георгія Кандэлакі і Луку Цуладзэ 15-дзённым арыштам, прызнаўшы іх вінаватымі ў дробным хуліганстве, нібыта ўчыненым імі ў прымальніку-разьмеркавальніку. Грузінскія праваабаронцы і сябры арыштаваных актывістаў “Кхмары” распачынаюць міжнародную кампанію пратэсту.

Прадстаўнік тбіліскай праваабарончай арганізацыі “Інстытут свабоды” Леван Рамішвілі заявіў Радыё Свабода пра вялікае абурэньне ў грузінскім грамадзтве ў сувязі з затрыманьнем і асуджэньнем у Беларусі актывістаў “Кхмары” Георгія Кандэлакі і Лукі Цуладзэ.

(Рамішвілі: ) “Так, тут набірае сілу пратэставы рух, і ня толькі тут, але і ў іншых дзяржавах, дзе ёсьць грузінскія супольнасьці. Пачынаецца кампанія пратэсту”.

Спадар Рамішвілі задаволены тым, як дзяржаўныя органы Грузіі адрэагавалі на арышт у Беларусі Георгія Кандэлакі і Лукі Цуладзэ.

(Рамішвілі: ) “Грузінская дзяржава вельмі катэгарычна запатрабавала вызваленьня палітычных вязьняў, і прэзыдэнт пра гэта заявіў на сустрэчы ў Казані. Грузінскі МЗС таксама робіць пэўныя захады”.

Сябар Георгія Кандэлакі і Лукі Цуладзэ Георгій Меладзэ зазначыў, што асноўныя праблемы цяпер у адсутнасьці інфармацыі аб прававых падставах арышту актывістаў “Кхмары” ў Беларусі, у тым, што да асуджаных не дапускаюць ані грузінскага консула, ані адваката. Гэты выклікае сумнеў у справядлівасьці дзеяньняў беларускіх уладаў, зазначыў Георгій Меладзэ.

(Меладзэ: ) “У нас увогуле няма ніякага доступу да матэрыялаў гэтай справы, каб паглядзець, што там напісана. І я вельмі сумняюся, што яны там хуліганілі”.

Георгій Меладзэ мяркуе, што ў Беларусі ягоных сяброў затрымалі і асудзілі незаконна, і таму хаваюць інфармацыю і пра судовае рашэньне, і пра прычыны адмены дэпартацыі.

Георгій Меладзэ паведаміў, што сябры Георгія Кандэлакі і Лукі Цуладзэ, а таксама грузінскія праваабаронцы рыхтуюць лісты ў ААН, Эўразьвяз, Раду Эўропы, “Amnesty International” і шэраг іншых міжнародных арганізацыяў аб тым, што беларускія ўлады парушаюць правы арыштаваных актывістаў “Кхмары”.
XS
SM
MD
LG