Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Время новостей”: “Менскі саміт стане часткаю кампаніі Лукашэнкі”


Юры Дракахруст, Прага Друк шырока камэнтуе вынікі саміту СНД, які прайшоў у Казані пры канцы мінулага тыдня. Пераход Туркмэністану ў стан асацыяванага сябра Судружнасьці, заявы Ўкраіны аб ступені яе ўдзелу ў Адзінай эканамічнай прасторы, працяг паўнамоцтваў Пуціна як старшыні Судружнасьці – на гэтых тэмах засяроджваюць увагу мэдыі.

Ці не галоўнай сэнсацыяй саміту СНД ў Казані стала абвяшчэньне Туркмэністанам, што ён адмаўляецца ад статусу паўнапраўнага сябра Судружнасьці і пераходзіць у асацыяваныя сябры. Француская “Liberation” цытуе словы расейскага міністра замежных справаў Сяргея Лаўрова, паводле якога “статус Туркмэністану ў СНД цяпер будзе зьведзены практычна да нуля”. Варта сказаць, што гэты крок Ашгабаду мае больш сымбалічнае значэньне – Сапармурат Ніязаў рэдка наведваў саміты СНД, Туркмэністан не далучаўся да 80 % супольных дакумэнтаў. Але й сымбалі маюць значэньне – прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі назваў рашэньне Ашгабаду паказальным фактам – упершыню сябра СНД пачынае працэс выхаду зь яго. На казанскім саміце Туркмэністан прадстаўляў віцэ-прэм’ер гэтай краіны. Інфармаваная расейская газэта “Время новостей” заўважае, што да апошняга часу гэты чыноўнік быў целаахоўнікам туркмэнскага прэзыдэнта.

На саміце ў Казані было вырашана, што наступная сустрэча прэзыдэнтаў адбудзецца ў Менску ў 2006 годзе. “Время новостей” выказвае меркаваньне, што менскі саміт стане часткай перадвыбарчай кампаніі прэзыдэнта Лукашэнкі. “У Беларусі да гэтага рыхтуюцца загадзя – просьба аб правядзеньні саміту ў Менску прыйшла яшчэ ў сакавіку сёлета”, – піша выданьне. На думку расейскай газэты, шэраг прэзыдэнтаў краінаў Судружнасьці могуць адмовіцца ехаць у Менск, каб гэта не выглядала падтрымкай Лукашэнкі падчас перадвыбарчай кампаніі.

Газэты паведамляюць, што прэзыдэнты ня здолелі абраць новага старшыні Судружнасьці. Цяпер кіраўніком зьяўляецца Ўладзімер Пуцін. Меркавалася, што яго зьменіць на гэтай пасадзе прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Паводле зьвестак “Независим’ай газеты”, супраць выказаўся таджыцкі лідэр Эмамалі Рахмонаў, які крыўдуе на Назарбаева за аднойчы кінутую фразу, што “Рахмонаў выйшаў з аулу”. Іншыя ж выданьні пішуць, што Назарбаеў сам адмовіўся ад гэтага гонару, бо ў сёлетнім сьнежні ў яго прэзыдэнцкія выбары і ён якраз не хацеў такой двухсэнсоўнай паслугі ад калегаў-прэзыдэнтаў.

Карэспандэнт расейскага “Коммерсанта” пагутарыў падчас саміту з грузінскім прэзыдэнтам Міхаілам Саакашвілі пра грамадзянаў Грузіі, затрыманых у Беларусі. Паводле выданьня, Саакашвілі лічыць, што такі крок – менскі адказ на забарону ўезду ў Грузію для Аляксандра Лукашэнкі. “Калі-небудзь у Беларусі добра стане, я ўпэўнены, але калі, ня ведаю”, – цытуе “Коммерсантъ” словы Саакашвілі.

Назіральнікі адзначаюць важную заяву ўкраінскіх прадстаўнікоў, што Кіеў будзе ўдзельнічаць у Адзінай эканамічнай прасторы ў рознахуткасным рэжыме: Украіна згодная на стварэньне ў межах чатырох краінаў зоны свабоднага гандлю, але ня мытнага саюзу з наддзяржаўнымі органамі. Прэзыдэнт Юшчанка патлумачыў, што Вярхоўная Рада ніколі ня ўхваліць дамовы, якая абмяжоўвае сувэрэнітэт Украіны, а таму Кіеў гатовы падпісаць толькі 15 пагадненьняў што да адзінай прасторы. Пуцін на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што да сакавіка наступнага году мяркуецца падпісаць 44 дамовы, але ў рамках тройкі Беларусь – Казахстан – Расея. Расейская газэта “Ведомости” цытуе прадстаўніка расейскай дэлегацыі: паводле яго, калі Ўкраіна выйдзе з Адзінай эканамічнай прасторы, то не атрымае й зоны свабоднага гандлю, у якой яна зацікаўленая.

Хаця пра фактычны выхад з СНД у Казані абвясьціў толькі Туркмэністан, большасьць экспэртаў сыходзяцца на думцы, што гэтае ўтварэньне нежыцьцяздольнае. Расея робіць стаўку на Адзіную эканамічную прастору, хай сабе й без Украіны, лідэры Ўкраіны і Грузіі нядаўна выступілі з ініцыятывай аб стварэньні Судружнасьці дэмакратычнага выбару, куды, паводле плянаў, апроч гэтых краінаў, маглі б увайсьці Малдова, Азэрбайджан, а таксама краіны Балтыі, Польшча і Румынія.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG