Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анжаліка Борыс: “Пасьля зьезду ў Ваўкавыску будуць два Саюзы палякаў”


Валер Каліноўскі, Менск Беларускія ўлады віталі абраньне новым кіраўніком Саюзу палякаў Беларусі 69-гадовага пэнсіянэра, былога дырэктара школы Юзафа Лучніка й абяцалі падтрымку новаму кіраўніцтву арганізацыі. Кіраўніцтва СПБ на чале з Анжалікай Борыс, абранае ў сакавіку, працягвае сваю дзейнасьць і не жадае дыялёгу са спадаром Лучнікам.

Сёньня а дзявятай раніцы Юзаф Лучнік, абраны на зьезьдзе ў Ваўкавыску старшынём СПБ, заняў кабінэт, зь якога месяц таму міліцыя выдаліла Анжаліку Борыс. Супрацоўнікам СПБ і гасьцём ён адразу заявіў, што дзьверы Дому польскага ў Горадні будуць адчыненыя для ўсіх.

(Лучнік: ) “Уваход для ўсіх адкрыты. Дзьверы адчыненыя – усе ўваходзяць безь ніякіх пропускаў і ніякіх дазволаў”.

Пасьля таго, як з Дому польскага выдалілі Анжаліку Борыс і ейных паплечнікаў, будынак ахоўваўся міліцыянтамі. “Цяпер іх ня будзе”, — зазначыў спадар Лучнік. Ён заявіў таксама, што гатовы да дыялёгу са спадарыняй Борыс і што ня лічыць для сябе пагрозай дзейнасьць паралельнай польскай арганізацыі, “якую можа стварыць Анжаліка Борыс”.

(Лучнік: ) “Ніколі нічога ня меў супраць дзейнасьці любых, і любой колькасьці, грамадзкіх арганізацыяў. Абы яны працавалі толькі ў адзіным кірунку, на адраджэньне нацыянальнай ідэнтычнасьці, культуры й мовы”.

Спадар Лучнік падкрэсьліў, што прымае мажлівасьць дыялёгу з Анжалікай Борыс і ейнымі прыхільнікамі.

(Лучнік: ) “Няхай прыходзяць, няхай працуюць”.

Аднак жа Анжаліка Борыс ня мае намеру сустракацца са спадаром Лучнікам.

(Борыс: ) “Я думаю, што павінен быць дыялёг з уладамі... Разумеючы, у якіх умовах адбываўся гэты зьезд, цяжка сказаць, што спадар Лучнік прадстаўляе палякаў. Таму што большасьць дэлегатаў таго зьезду не размаўляе па-польску, і ўвогуле, гэта невядомыя нам асобы”.

Паводле Анжалікі Борыс, ад цяпер у Беларусі будуць уладная структура СПБ і ўласна польская.

(Борыс: ) “Мы будзем працягваць сваю дзейнасьць. Я не магу вам цяпер сказаць, як. Гэтаксама, як і іншыя недзяржаўныя арганізацыі, якія ня маюць права на рэгістрацыю”.

Тым часам кіраўнік камітэту ў пытаньнях рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Станіслаў Буко, які пасьля сакавіцкага зьезду віншаваў з абраньнем Анжаліку Борыс, цяпер вітаў на новай пасадзе спадара Лучніка й паведаміў, што ўрад і мясцовыя органы ўлады будуць доўжыць канструктыўную працу й дапамагаць СПБ — як і іншым арганізацыям нацыянальных меншасьцяў.

(Буко: ) “Думаю, што ёсьць усе падставы так меркаваць. І яны пацьвярджаюцца той магчымасьцю, якой валодаюць спадар Лучнік, нанова абранае кіраўніцтва наагул, для нармалізацыі й выхаду з той сытуацыі, у якую трапіў СПБ”.

Прызнаны ўладамі кіраўнік СПБ Юзаф Лучнік паведаміў, што ён спадзяецца на падтрымку беларускай дзяржавы ў дасягненьні галоўных мэтаў арганізацыі. Між іншага ён падкрэсьліў, што асноўнымі крыніцамі фінансаваньня Саюзу палякаў будуць дзяржаўны бюджэт і сяброўскія складкі.

Дасюль, як паведаміў актывіст СПБ Андрэй Пачобут, сяброўскія складкі ў арганізацыі былі неабавязковымі: кожны мясцовы аддзел СПБ сам вырашаў, ці зьбіраць іх. І сума складак была нязначнай — усяго некалькі тысяч на месяц. “Калі будзе большая сума, то мала хто будзе плаціць”, — перакананы спадар Пачобут.

Раней асноўныя грошы на ўтрыманьне апарату арганізацыі й 16 Дамоў польскіх па ўсёй Беларусі пералічваліся польскай дзяржавай і і палянійнымі арганізацыямі сьвету. Цяпер і Польшча, і “Wspólnota Polska” адмовіліся фінансаваць праўладныя структуры СПБ.

Сябра Саюзу палякаў Беларусі, адзін зь лідэраў АГП Яраслаў Раманчук перакананы: улады не дамагліся нармалізацыі сытуацыі ў СПБ.

(Раманчук: ) “Безумоўна, зьезд, які яны правялі, — гэта курс на канфлікт, на канфрантацыю, на тое, каб разьбіць арганізацыю і ўзяць кантроль над яе маёмасьцю. Але я мяркую, што гэты зьезд змабілізуе легальны актыў Саюзу палякаў, і палякі самі будуць больш актыўныя ўва ўсіх палітычных кампаніях. Таму што ўлады прадэманстравалі: голас некантраляваных сяброў гэтай арганізацыі для іх такі самы, як і голас дэмакратаў — людзей, што не падзяляюць поглядаў спадара Лукашэнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG