Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мультфільмы палітычнага зьместу будуць зьяўляцца ў інтэрнэце


Любоў Лунёва, Менск Справу стварэньня мультфільмаў пра палітычную сытуацыю ў Беларусі выказалі жаданьне доўжыць многія карыстальнікі інтэрнэту ў замежжы. Між тым, сябры грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях” пакуль маюць статус сьведкаў у крымінальнай справе з факту абразы Аляксандра Лукашэнкі, якую распачала Менская пракуратура, — за мультфільмы палітычнага зьместу на інтэрнэт-сайце памянёнай арганізацыі.

Сябры ініцыятывы “Трэці шлях” Павал Марозаў і Андрэй Абозаў з 23 жніўня знаходзяцца ў Кіеве. Яны сустракаліся з украінскімі калегамі з кампаніі “Диво продакшн”, якія распаўсюджвалі мультфільмы ў інтэрнэце ў часе ўкраінскіх прэзыдэнцкіх выбараў.

З тае прычыны, што 16 жніўня супрацоўнікі КДБ у выніку ператрусу, праведзенага ў кватэрах трох сяброў “Трэцяга шляху”, забралі больш за дзясятак кампутараў і ўсе носьбіты інфармацыі, узьнікла праблема далейшай дзейнасьці сайту. У замежжы сайт удалося аднавіць. Аднак жа, як толькі зьявілася паведамленьне, што цяпер сайтам будуць займацца іншыя асобы па-за Беларусьсю, — яго ўзламалі. Нейкі час быў заблякаваны доступ.

Гаворыць Андрэй Абозаў:

(Абозаў: ) “Натуральна, спроба была перапыненая. Але на наступны дзень, 28 жніўня, уся інфармацыя была сьцёртая. Сайт заблякавалі на некалькі гадзін. Цяпер ён працуе. Правайдэр разьбіраецца, хто й як яго ўзламаў”.

Павал Марозаў лічыць, што ў пэрспэктыве справа распаўсюджваньня мультфільмаў палітычнага зьместу ў інтэрнэце будзе разьвівацца.

(Марозаў: ) “Нашы ўкраінскія калегі выказалі нам падтрымку і жаданьне дапамагчы — каб не было для нас крымінальных наступстваў. Шмат людзей выказалі жаданьне доўжыць справу стварэньня мультфільмаў. Якія гэта будуць мульцікі, стане вядома недзе праз тыдзень, ува ўсякім выпадку, цягам месяца. Так што справа гэтая не загіне”. Яшчэ адзін сябра ініцыятывы, Алег Мініч, застаецца ў Горадні. У яго таксама забралі кампутар і ўсе носьбіты інфармацыі. Апроч таго, сьледчы гарадзенскага КДБ Алег Варанецкі адняў у Алега й ягонай жонкі пашпарты й адмаўляецца іх вярнуць. Скарга на дзеяньні сьледчага дагэтуль не разгледжаная ў Менскай пракуратуры. Кіраўнік сьледчай групы Віктар Шабан паведаміў Радыё Свабода, што сьледзтва можа расьцягнуцца на нявызначаны тэрмін, і ўвесь гэты час больш за дзясятак кампутараў будуць заставацца ў КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG