Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве адкрыюць Беларускі дом (абноўлены)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Мэр Варшавы і адзін з найбольш рэальных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Польшчы Лех Качыньскі заявіў сёньня, што ў польскай сталіцы будзе адкрыты Беларускі дом, дзе будуць мець магчымасьць зьбірацца прадстаўнікі беларускай апазыцыі, недзяржаўных арганізацыяў, а таксама прыхільнікі кіраўніцтва СПБ на чале з Анжалікай Борыс.

Сёньня ў Варшаве скончыўся збор рэчаў і падарункаў для палякаў, што жывуць ў Беларусі, які быў арганізаваны муніцыпалітэтам польскай сталіцы. Актыўнасьць жыхароў Варшавы, а таксама некаторых арганізацыяў была настолькі вялікай, што акцыя была падоўжаная на тыдзень.

Цяпер, паводле ўладаў Варшавы, наперадзе вельмі складаны этап – трэба перадаць вялізную колькасьць ахвяраваных рэчаў у Беларусь. Тое, як гэта будзе рабіцца, трымаецца ў сакрэце.

Мэр Варшавы Лех Качыньскі кажа, што на гэтым дапамога польскай сталіцы Беларусі не спыніцца.

(Качыньскі: ) “Мы пачнем новы этап дапамогі ў межах нашых магчымасьцяў, а гэтыя магчымасьці ўсё ж не малыя. Мы – улада польскай сталіцы і аднаго з двух найбольшых гарадоў у Цэнтральнай Эўропе. Гэта будзе нешта новае. Бо, на жаль, мы вельмі расчараваныя захадамі беларускіх ўладаў”.

Каб прадставіць першы з праектаў дапамогі, рэалізацыю якога было вырашана распачаць менавіта сёньня, Лех Качыньскі перадаў слова Марку Буцьку – былому намесьніку амбасадара Польшчы ў Беларусі, які ад цяперашняга дня працуе ў апараце мэра Варшавы.

(Буцька: ) “Гаворка ідзе пра стварэньне Беларускага дому ў Варшаве – гэта рабочы назоў. Гэта будзе канфэрэнцыйны цэнтар, з гатэлем. Такі дом дасьць магчымасьць ладзіць сэмінары, сустрэчы, лекцыі. Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, а таксама беларускіх палякаў, якія ня маюць цяпер нават месца, дзе сустрэцца, бо ўлады ў Беларусі ім не даюць, – змогуць зьбірацца ў гэтым доме. Беларускі дом павінен стаць асяродкам інфармацыі для палякаў пра тое, што робіцца ў Беларусі. Там, я спадзяюся, будзе таксама разьмешчаная рэдакцыя незалежнага радыё, якое будзе перадаваць на Беларусь”.

Канкрэтны тэрмін адкрыцьця Беларускага дому ў Варшаве пакуль што невядомы, але, як паведаміў Марак Буцька, стварэньне такога дому маюць намер падтрымаць ня толькі варшаўскія ўлады, але і шэраг фондаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG