Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраслаў Раманчук: “Падвышэньне пэнсіяў — спроба купіць давер людзей…”


Ганна Соусь, Менск У Беларусі ад 1 верасьня будуць павялічаны на 11 адсоткаў працоўныя пэнсіі — у сярэднім іх памер дасягне 100 даляраў ЗША. Некаторыя незалежныя эканамісты называюць гэта эканамічна неабгрунтаваным папулісцкім крокам напярэдадні выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі.

У адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі, адбудзецца пераразьлік працоўных пэнсіяў, зыходзячы зь сярэдняй заробнай платы рабочых і службоўцаў у краіне за другі квартал гэтага году. У сярэднім пэнсіі павялічацца на 11 адсоткаў. Найперш я пацікавілася меркаваньнямі пэнсіянэраў што да чарговага падвышэньня (папярэдняе падвышэньне пэнсіяў — у сярэднім на 9 адсоткаў — адбылося сёлета 1 красавіка).

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, наколькі гэта будзе істотнае для Вас падвышэньне?”

(Спадар: ) “Ня думаю, што гэта будзе істотна ўплываць на мой бюджэт, бо цэны падскочылі ўжо. Так што выйгрышу асаблівага няма”.

(Спадарыня: ) “Будзе, вядома, лепей, але мне ўсё роўна не хапае. Я лічу: калі я адпрацавала 45 гадоў, то магу атрымліваць большую пэнсію — такую, каб магла на яе па-чалавечы жыць”.

(Спадар: ) “Да 100$? Прыемная навіна, калі падвышаецца. Я думаю, што калі на аднаго, то гэтага дастаткова. Я задаволены сваім прэзыдэнтам, тым, што ён так клапоціца пра пэнсіянэраў”.

(Спадар: ) “Калі аднаразовае, то неістотна, а за год — нармальна. Было ўжо адно падвышэньне, гэта — другое. Калі так будзе, то яшчэ цярпіма”.

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, што няшмат, бо ў мяне й так маленькая пэнсія. Можа быць, павялічыцца на 8—9 тысяч. Я лічу, што гэта мала”.

Цяпер сярэдні памер працоўнай пэнсіі складае 198 тысяч 400 рублёў. Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў лічыць, што павелічэньне памеру пэнсіяў не адпавядае рэальнаму росту цэнаў у Беларусі.

(Злотнікаў: ) “Калі прытрымлівацца афіцыйных зьвестак, то рост цэнаў не такі вялікі — каля 5% за паўгоду. А, напрыклад, пэнсіі будуць расьці на 11%. Але гэта афіцыйныя паказчыкі, якім я ня вельмі давяраю. Калі будуць павялічаны пэнсіі, то яны будуць даганяць рэальныя цэны, якія існуюць”.

Экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук называе чарговае падвышэньне пэнсіяў палітычным крокам беларускага лідэра.

(Раманчук: ) “Гэта пачатак ужо прэзыдэнцкай кампаніі спадара Лукашэнкі. Ён казаў, што будзе яшчэ некалькі разоў падвышаць пэнсіі дзеля таго, каб забясьпечыць сабе падтрымку на выбарах гэтай часткі насельніцтва. У нашай краіне ўжо даўно рост заробкаў і рост пэнсіяў не залежыць ад росту прадуктыўнасьці працы. І ў гэтым асноўная прычына таго, што беларуская мадэль, створаная на адміністрацыйным падвышэньні заробкаў, генэруе крызісы. І, безумоўна, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў яна сутыкнецца зь вельмі магутнымі праблемамі. Гэта падвышэньне не абгрунтавана эканамічным становішчам і зьяўляецца толькі спробай купіць давер насельніцтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG