Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы старшыня СПБ кажа, што ня ведае пра арышты актывістаў арганізацыі


Валер Каліноўскі, Менск Новаабраны старшыня Саюза палякаў Беларусі, прызнаны беларускімі ўладамі, 69-гадовы пэнсіянэр Юзаф Лучнік на сваёй першай прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што ня мае ніякіх зьвестак аб тым, што шэраг вядомых актывістаў СПБ арыштаваныя і адбываюць пакараньне, у тым ліку Тадэвуш Гавін, разам зь якім спадар Лучнік ствараў Саюз палякаў.

Новы старшыня з прызнаванага ўладамі кіраўніцтва СПБ Юзаф Лучнік быў прадстаўлены як кампрамісная фігура, якая магла б паяднаць расколатую арганізацыю. Гаворыць дэлегат зьезду ў Ваўкавыску Станіслаў Трацьцяк з Берасьця:

(Трацьцяк:) “Ён заслужаны чалавек і дзяяч Саюза палякаў, ён ствараў з Гавіным і Вітовічам арганізацыю. Думаю, што ён знойдзе шляхі і да гэтай групы асобаў, пераканае іх сваім аўтарытэтам”.

Сам спадар Лучнік пасьля абраньня заявіў, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода аб стаўленьні да тых актывістаў СПБ, якія не прызнаюць Ваўкавыскага зьезду:

(Лучнік: ) “Усіх запрашаю да супрацоўніцтва. Я ні з кім не знаходжуся ў канфлікце, мая галоўная мэта – адраджэньне польскасьці, нацыянальнай ідэнтычнасьці і польскай культуры”.

На пытаньне аб тым, як ён можа дапамагчы актывістам СПБ, якія цяпер арыштаваныя і чакаюць суду або ўжо адбываюць пакараньне, спадар Лучнік заявіў:

(Лучнік: ) “Гэта справа судовых органаў, і я не ведаю, з якіх прычын яны адбываюць пакараньне і за якія парушэньні”.

Спадар Лучнік зазначыў, што ніхто яго не прасіў неяк дапамагчы арыштаваным актывістам, і ён не мае такога намеру, бо не валодае ніякай інфармацыяй на гэты конт. Калі ж яму нагадалі, што месячны тэрмін арышту адбывае былы ягоны паплечнік Тадэвуш Гавін, ён адказаў, што “можа сядзіць і хтосьці іншы”.

Прадстаўнік абранага ў сакавіку кіраўніцтва СПБ Анджэй Пісальнік зазначае, што Лучнік “прызначаны” на пасаду кіраўніка СПБ і прапанавы як кампрамісная фігура, але кампрамісы праз сілу і страх не дасягаюцца:

(Пісальнік: ) “Гэты старшыня завецца Лучнік, але ён мог бы звацца па-рознаму -- “падкаблучнік”, ці яшчэ як, і гэта няважна. Бо гэтай арганізацыяй з гэтага моманту кіруе Аляксандар Лукашэнка. Таксама, як прафсаюзамі і алімпійскім рухам на Беларусі кіруе Лукашэнка. І цяпер ён можа казаць, што гэта “мае” ці “нашыя” палякі, бо ён займеў цяпер сваіх палякаў”.

Прадстаўнік камітэту “Салідарныя зь Беларусьсю” з польскай партыі “Права і справядлівасьць” Міхал Дворчык зазначае, што спадар Лучнік меў аўтарытэт, як адзін з заснавальнікаў СПБ, і невядома, чаму ён пагадзіўся ўзяць удзел “у такім фарсе, як Ваўкавыскі зьезд”:

(Дворчык: ) “Незалежна ад таго, як дагэтуль ацэньвалі спадара Лучніка, я мяркую, што Польшча ня зьменіць сваёй пазыцыі ў справе непрызнаньня кіраўніцтва, якое было вылучана гэтым зьездам. Польшча будзе пасьлядоўнай у сваёй пазыцыі падтрымкі кантактаў выключна з легальным кіраўніцтвам СПБ на чале са спадарыняй Борыс і непрызнаньня кіраўніцтва, абранага на гэтым зьезьдзе”.
XS
SM
MD
LG