Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індыйскія улады спрабуюць скарыстаць ільвоў супраць бандытаў


Натальля Судлянкова, Прага Урад індыйскага штату Калькута выйшаў да грамадзкасьці з незвычайнай прапановай. Гаворка ідзе пра новы мэтад барацьбы з бандытамі, якія апошнім часам рэзка актывізаваліся ў цэнтральных рэгіёнах Індыі. Улады штату вырашылі выпусьціць на волю дваццаць пяць львоў, якія, магчыма, вырашаць праблему з бандытамі.

Рэгіён Шамбалы плошчай амаль 30 тысячаў квадратных кілямэтраў цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў фактычна кантралюецца ляснымі бандытамі. У рэгіёне дзейнічаюць болей, як 25 груповак, чальцамі якіх зьяўляюцца болей за 300 чалавек. Яны, у асноўным, займаюцца выкраданьнем людзей, а потым патрабуюць грошы за іх вызваленьне. Іх абвінавачваюць у болей як 4 тысячах выкраданьнях людзей і 180 забойствах, зьдзейсьненых цягам апошніх 5 гадоў.

Урад штату вырашыў выпусьціць на волю 25 львоў. Гэтае рашэньне, на думку ўладаў, прыцягне ў рэгіён турыстаў, якія любяць назіраць за жыцьцём жывёлаў, але з другога боку, губэрнатар штату спадзяецца на тое, што львы дапамогуць выгнаць бандытаў зь лесу. Львоў спэцыяльна прывязуць зь іншага штату Індыі. Адзін з супрацоўнікаў нацыянальнай рэзэрвацыі ў Шамбале гаворыць, што раней плянавалася, што львы дапамогуць павялічыць колькасьць наведвальнікаў нацыянальнага парку. Аднак, улады спадзяюцца, што львы здолеюць зрабіць тое, чаго ня здолелі зрабіць гіены і ваўкі – запужаць бандытаў і прымусіць іх пакінуць гэты рэгіён.

Праектам вельмі зацікавілася паліцыя іншых штатаў Індыі. Калі экспэрымэнт будзе пасьпяховым, ён будзе пашыраны і на іншыя штаты. Аднак, прадпрымальнік Гуду Хан, якога бандыты пратрымалі ў закладніках некалькі тыдняў і выпусьцілі за болей, як 16 тысячаў даляраў, гаворыць, што бандыты – добрыя паляўнічыя, яны могуць забіць львоў гэтак жа, як раней забілі леапардаў, ваўкоў ды іншых жывёлінаў.

Аднак, апроч львоў, паліцыі ўжо практычна няма на што спадзявацца. Пераважная большасьць Шамбалы практычна закрытая для нізкаманэўраных аўтамабіляў паліцыі і нават джыпаў. Паліцыя пэрыядычна затрымлівае бандытаў, аднак вырашыць пытаньне радыкальна, затрымаўшы пераважную большасьць зь іх, пакуль ня атрымліваецца. Больш за тое, жанчыны, якія кіруюць бандамі, становяцца папулярнымі гераінямі. Адна зь іх – “каралева бандытаў” Фулан Дэві была асуджаная да турэмнага зьняволеньня, але пазьней яе гісторыя жыцьця стала асновай для стварэньня фільму. Фулан Дэві правяла ў турме 11 гадоў, выйшла на волю і пасьпяхова занялася палітыкай, была нават абраная дэпутатам індыйскага парлямэнту. Але яе забілі ў 2001 годзе. Індыйскія ўлады занепакоеныя такой гераізацыяй гвалту і спадзяюцца на тое, што львы, разагнаўшы бандытаў, дапамогуць вырашыць і гэтую праблему.
XS
SM
MD
LG