Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераможцы апошніх "Басовішчаў" выступяць у Менску


Севярын Квяткоўскі, Менск Сёньня а 18-й гадзіне ў менскім клюбе "Рэактар" мае адбыцца імпрэза "Рок пасьля вакацыяў". Асноўнымі удзельнікамі канцэрту будуць гурты, якія апошнія пяць гадоў атрымлівалі гран-пры рок фэстывалю “Басовішча”-- запіс у прафэсійнай студыі ў Беластоку: "Пастскрыптум", "Партызон", "Індыга", "Тарпач" і "Таварыш Маўзэр". У межах канцэрту будзе прэзэнтацыя альбому гурту "Тарпач", які завецца "Ўсё будзе".

Назва міні-фэстывалю прызёраў "Басовішча" насьледуе былой рок-імпрэзе "Рок па вакацыях". Патлумачыў Віталь Супрановіч, кіраўнік Беларускай музычнай альтэрнатывы, чыімі высілкамі арганізаваная імпрэза:

(Супрановіч:) "Мы перагаварылі зь Юрыем Цыбіным, які быў прадусарам фэстывалю "Рок па вакацыях". Канешне, ёсьць паралелі паміж тым фэстывалем, і гэтым. Але гэта розныя мерапрыемствы. Сэнс таго быў у тым, што фэстываль быў бясплатным, і на адкрытым паветры. А наш па пэўных прычынах ня можа быць на адкрытым паветры, і адбываецца ў клюбе".

У сучасных умовах не магчымы ня толькі альтэрнатыўны рок-канцэрт на адкрытым паветры.

(Супрановіч:) "Усе больш-менш знаныя гурты зь вядомых прычынаў цяпер ня могуць выступаць. Таму мы вырашылі зрабіць такі вось канцэрт: з найбольш на нашую думку пэрспэктыўнымі маладымі гуртамі".

Пад вядомымі прычынамі Віталь Супрановіч мае на ўвазе фактычную забарону на выступ для большасьці вядомых беларускіх гуртоў: "NRM", "NeuroDubel", "Крама", "Палац" ды іншых.

(Кулінковіч:) "Маладым гуртам цяпер значна прасьцей праз тое, што яны не пасьпелі сыграць там, дзе граць ня можна з гледзішча ўлады. Тое, што адбылося з намі, мусіла паслужыць урокам, груба кажучы, і для іх з гледзішча ўлады".

А вось як разважае пра пэрспэктывы маладой беларускай рок-музыкі вакалістка гурту "Тарпач" Сьвятлана Сугака:

(Сугака:) "Калі людзі хочуць што-небудзь рабіць, і што-небудзь зьмяніць, то, ня гледзячы на ўсе забароны, будуць гэтым займацца. мы не баімся, што нас забароняць: будзем неяк змагацца. пакуль не забаранілі, то і дзякуй. будзем граць пакуль... Але ўсіх не пазабараняюць -- раз. Па-другое, а як што зьмяніць, калі нічога не рабіць?"
XS
SM
MD
LG