Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прэзыдэнцкія выбары ЦВК просіць 17 мільёнаў даляраў


Уладзімер Глод, Менск Цэнтральная выбарчая камісія накіравала ва ўрад праект каштарысу прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія маюць адбыцца ў наступным годзе. Ведамства Лідзіі Ярмошынай просіць на гэтую кампанію амаль 17 мільёнаў даляраў. Такая ж папярэдняя кампанія, а апошні раз выбары кіраўніка дзяржавы ў Беларусі праходзілі ў 2001 годзе, каштавала 7 мільёнаў.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына тлумачыць рост выдаткаў выключна зьменай курсу беларускага рубля адносна даляра, якая адбылася з моманту апошніх прэзыдэнцкіх выбараў:

(Ярмошына:) "Таму што даляр з 2001 году "зваліўся" у разы два. Рэальная пакупная здольнасьць даляра. Таму і зьдзіўляцца тут няма чаму. Да таго ж узрос сярэдні заробак. А асноўны выдатак выбарчай кампаніі -- гэта выдатак на ўтрыманьне выбарчых камісіяў, заробкі іх супрацоўнікам. Вырасла і базавая велічыня. Даляр практычна стаіць на месцы, а базавая велічыня цягам году расьце. А ў нас вельмі многія лічбы бяруцца ў базавых велічынях, напрыклад, тое, што даецца кожнаму кандыдату на перадвыбарную агітацыю. Ну а паколькі даляр стаіць на месцы, дык растуць іншыя цэны -- прыкладам на бэнзін. Гэта адбіваецца на транспартных выдатках. Да таго ж у суму 35 мільярдаў беларускіх рублёў закладзены, так бы мовіць, каэфіцыэнт падвышэньня. На гэты момант уся названая сума, магчыма, і не патрэбная. Але мы зыходзім з таго, што да выбараў адбудзецца падвышэньне і цэнаў, і сярэдняга заробку, і таму заклалі каэфіцыэнт падвышэньня".

Наколькі фінансавыя разьлікі спадарыні Ярмошынай адпавядаюць рэчаіснасьці? Адказаць на гэтае пытаньне я папрасіў былога старшыню Нацыянальнага банку Беларусі Станіслава Багданкевіча:

(Багданкевіч:) "На 1 ліпеня 2001 году 1 даляр каштаваў 1382 беларускіх рублі. А на 1 ліпеня і 1 жніўня сёлета -- 2150. Гэта значыць, што беларускі рубель адносна даляра за гэты час абясцэніўся менш, чым у 1,6 разы".

(Карэспандэнт:) "Спадарыня Ярмошына казала, што каштарыс складаўся з запасам на наступны год"

(Багданкевіч:) "Запасу не павінна быць, бо ўжо ёсьць прагноз на наступны год. Курс захаваецца той жа самы, што і цяпер: 2150-2160 рублёў за даляр".

Намесьнік старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфэр пільна адсочваў апошнюю выбарчую кампанію, калі летась абіралі дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў:

(Альфэр:) "Паводле тых зьвестак, якія мы атрымоўвалі пасьля апошніх парлямэнцкіх выбараў, старшыні, ды і частка чальцоў выбарчых камісіяў за фальсыфікацыю вынікаў выбараў атрымлівалі вельмі вялікія ганарары. Але ж гэтыя ганарары з паветра не бяруцца. Для гэтага патрэбна, каб яны былі закладзеныя ў каштарыс, каб імі можна было далей вар’іраваць. Грошы "запускаюцца" пад аддзячваньне тым сябрам выбарчых камісіяў, якія найлепш адпрацавалі пад Лукашэнку. Іншага я проста не магу сабе ўявіць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG