Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Заслаўю і Полацку ляўры сталінскіх абаронцаў?


Вячаслаў Кулік, Менск У мінулыя выходныя адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі, Заслаўе, адзначыў 1020-ы дзень нараджэньня. У праграме гэтага сьвята ўпершыню былі масавыя наведваньні так званай “Лініі Сталіна”. Гэта адкапаныя абарончыя ўмацаваньні міжваеннага часу мінулага стагодзьдзя, калі Беларусь была падзеленая на дзьве часткі. Наш карэспандэнт паведамляе, што зараз ля Полацку выяўлены такія ж доты і капаніры. І тут таксама пачалі клапаціцца пра мэмарыял сталінскага часу.

Акопны мэмарыял каля Заслаўя можа быць хутка зачынены. Па словах кіраўніка гэтай палявой экспазыцыі Аляксандра Базарнава, не выконваецца загад галоўнакамандуючага аб ліцэнзаваньні і самаакупнасьці баявога аб’екту савецкай мінуўшчыны.

(Базарнаў: ) “Усё, што прэзыдэнт гаварыў зрабіць за месяц, ніхто нічога ня робіць. Мінае лета, яго фактычна ўжо няма, і незразумела як будзе зімой. Тэлевізар глядзім, бачым, што прэзыдэнт заняты больш важкімі дзяржаўнымі задачамі. Але калі нічога ня будзе, то будзем выходзіць адназначна на прэзыдэнта, бо іншага выйсьця ў нас няма”.

Заявіў Аляксандр Базарны ў інтэрвію нашаму радыё. “Першыя паразы ля Заслаўя павінны ахаладзіць гарачых энтузіястаў з Полацку”, - гаворыць пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Летапісец беларускай старажытнасьці не вітае памкненьняў раскапаць Полацкі раён умацаваньняў.

(Арлоў: ) “Мы назіраем вельмі небясьпечную тэндэнцыю. Замест таго, каб адзначаць сапраўды значныя падзеі нашай гісторыі, значныя даты, мы сутыкаемся зь іх забаронаю. Гэта было сёлета з адзначэньнем угодкаў Грунвальдзкай бітвы . Альбо апошнія падзеі, зьвязаныя са Скарынаўскім сьвятам кнігі ў Полацку. Дваццаць зь нечым гадоў заўсёды ў першыя выходныя ў верасьні гэтае сьвята адбывалася. І раптам сёлета я спачатку атрымліваю запрашэньне, а назаўтра мне тэлефануюць і прабачаюцца. Высьвятляецца, што гэтага сьвята ня будзе ўпершыню, таму што не хапіла грошай у бюджэце. І ў гэтыя ж самыя дні зьяўляецца ў газэце “СБ” , ды і ня толькі ў ёй, паведамленьне, што “ Лінія Сталіна”, якая пад Менскам паўстала, у нейкім сэнсе павінна быць прадоўжана пад Полацак. Полацкі ўмацаваны раён можа ў пэрспэктыве пераўтварыцца ў мэмарыял”.

Уладзімер Арлоў падкрэсьлівае, што на маскіраваныя артылерыйскія ўмацаваньні палююць аматары, не абцяжараныя ведамі сапраўднай гісторыі нашай Бацькаўшчыны; яны лёгка купляюцца на ідэалягічныя ўстаноўкі ўлады.

(Арлоў: ) “Я хачу сказаць, што ўсё гэта невыпадкова. Цяперашняму кіраўніку Беларусі асоба Сталіна яўна імпануе. Нямала станоўчага ён знаходзіць ня толькі ў палітыцы Гітлера, пра што ў свой час Лукашэнка гаварыў у інтэрвію газэце “Handelsblatt”, але і ў палітыцы Сталіна. Я ў трывозе бачу імкненьне пабудаваць гэтую “Лінію Сталіна” ня толькі на мясцовасьці, але і ў сьвядомасьці нашых грамадзянаў. Яна, напэўна, закліканая адсекчы сапраўдную гісторыю Беларусі, эўрапейскую гісторыю. І пераканаць беларусаў у тым, што, як кажа кіраўніцтва Беларусі і Расеі, ледзь ня з часоў першабытнага ладу жылі побач і сябравалі, хоць насамрэч разам мы апынуліся ў адной дзяржаве толькі ў канцы XVIII стагодзьдзя, калі адбылася інкарпарацыя беларускіх зямель у склад расейскай імпэрыі. І калі хтосьці працягвае лічыць вялікімі аўтарытэтамі клясыкаў марксізму-ленінізму, то я нагадаю словы Леніна, што Расея была “турмой народаў”, у якой апынулася Беларусь у XVIII стагодзьдзі. Мы зьяўляемся сёньня сьведкамі яшчэ адной хвалі рэдагаваньня гісторыі. У нас беларусаў – эўрапейская гісторыя. І гэта своеасаблівы пропуск ў эўрапейскую будучыню, а вось ўсялякія “Лініі Сталіна” – гэта вароты ў мінулае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG