Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці дэпартавалі грузінскіх грамадзянаў?


Алег Грузьдзіловіч, аэрапорт Менск-2 Сёньня мелася адбыцца дэпартацыя зь Беларусі актывістаў грузінскай моладзевай арганізацыі “Кхмара” Георгія Кандэлакі і Лукі Цуладзе. Міліцыя затрымала іх у Менску 24 жніўня нібыта для праверкі дакумэнтаў, але праз дзень КДБ заявіў, што грузінскія грамадзяне “умешваліся ва ўнутраныя справы Беларусі”. Было прынятае рашэньне аб іх дэпартацыі.

Мне не ўдалося атрымаць дакладных зьвестак, ці пасадзілі Георгія Кандэлакі і Луку Цуладзе на рэйс а 17:35 у Тбілісі. Але паставы лічыць, што грамалдзяне Грузіі дэпартаваныя – ёсьць. Супрацоўнік памежнай службы, які правяраў пашпарты пасажыраў рэйсу на Тбілісі, спачатку пацьвердзіў мне, што двух грузінаў сапраўды прывезьлі ў аэрапорт для дэпартацыі. Гэты памежнік нават паказаў два барвовыя пашпарты з грузінскімі літарамі на вокладцы – нібыта гэтых людзей. Аднак пазьней ён абвергнуў свае словы.

Памежнік адмыслова знайшоў мяне ў залі чаканьня і сказаў, што гэта ня тыя людзі, якіх я шукаю, што гэтыя людзі ляцяць з Варшавы. Пры гэтым мне падалося, што памежнік выконваў пэўнае заданьне – ён паводзіў сябе дастаткова нэрвова.

Больш ніякіх прыкметаў дэпартацыі Георгія Кандэлакі і Лукі Цуладзэ ў аэрапорце я не заўважыў. Тут сёньня шмат міліцыі і аўтамабіляў ДАІ, але супрацоўнікі аэрапорта тлумачаць, што прылятае нейкая афіцыйная асоба.
XS
SM
MD
LG