Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-старшыня Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч: Польшча можа забараніць уезд на сваю тэрыторыю дэлегатам сёньняшняга зьезду ў Ваўкавыску


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Віцэ-старшыня Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч заявіў нашаму Радыё, што згодны зь меркаваньнямі шматлікіх назіральнікаў аб тым, што сёньняшні зьезд СПБ быў дакладна падрыхтаваны, бо вядома, хто і калі павінен выступіць і якога кандадта на якую пасаду запрапанаваць.

(Анышкевіч: ) “Гэты з’езд ня будзе сьвятам дэмакратыі і права на аб’яднаньні, гэта будзе хутчэй пахаваньне, чарговае пахаваньне гэтай ідэі ў Беларусі. Гэты з’езд будзе мець дакладны сцэнар у тым сэнсе, што вядома, хто напэўна ня будзе абраны старшынём Саюзу палякаў і хто напэўна ня ўвойдзе ў склад новага кіраўніцтва арганізацыі. Новага з пункту гледжаньня ўлады спадара Лукашэнкі, бо насамрэч законнае кіраўніцтва СПБ ужо было абранае ў часе апошняга з’езду. У дадзенай сытуацыі Польшча, нажаль, ня можа зрабіць шмат канкрэтных рэчаў, бо гэта ўнутраная справа Беларусі. Польшча можа націскаць на міжнародныя арганізацыі, робіць гэта і будзе рабіць, можа не падтрымліваць фінансава новыя ўлады СПБ. Але гэта цяжкая справа, бо адначасова нельга дапусьціць, каб такія захады пагоршылі сытуацыю палякаў у Беларусі. Акрамя гэтага, Беларусь – наш сусед, і нейкія кантакты з гэтай краінай хаця б з увагі на агульную мяжу трэба падтрымліваць”.

(Дзікавіцкі: ) “Мы таксама запыталіся ў віцэ-старшыні Эўрапейскага парлямэнту Януша Анышкевіча, ці можна ў такой сытуацыі чакаць больш актыўных захадаў з боку Эўразьвязаўскіх структураў? Напрыклад, як прапаноўвае кіраўніцтва партыі “Закон і справядлівасьць”, забароны ўезду на тэрыторыю Эўразьвязу для дэлегатаў сёньняшняга зьезду?

(Анышкевіч: ) “Эўразьвяз, калі гаворка ідзе пра Эўрапейскі парлямэнт, ужо вельмі актыўны. Трэба толькі мабілізаваць да канкрэтных дзеяньняў іншыя органы аб’яднанай Эўропы, асабліва Эўрапейскую камісію. Гаворка йдзе перадусім пра фінансавую падтрымку дэмакратычных структураў і незалежных мэдыяў. Эўрапарлямэнт будзе настойваць, каб Эўрапейская камісія рабіла гэта. Напрыклад, тыя грошы, што былі выдзеленыя напярэдадні” Нямецкай хвалі”, гэта вельмі мала. Што да забароны ўезду на тэрыторыю Эўразьвязу для дэлегатаў сёньняшняга зьезду СПБ, дык, на маю думку, атрымаць згоду Эўразьвязу на такія радыкальныя крокі будзе цяжка, бо цяжка было нават дамагчыся забароны на ўезд на тэрыторыю аб’яднанай Эўропы для тых людзей, якія бралі ўдзел у фальсыфікацыі выбараў. Польшча можа гэта зрабіць напэўна, але што тычыцца ўсяго Эўразьвязу – сумняюся, але можна паспрабаваць”.
XS
SM
MD
LG