Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску прымусова высяляюць з памяшканьня мясцовую філію Фонду імя Лява Сапегі


Браніслава Станкевіч, Віцебск Гэтае грамадзкае аб’яднаньне зьяўляецца адным з буйнейшых дэмакратычных утварэньняў у абласным цэнтры. Сёньня, на думку старшыні праўленьня Фонду Хрыстафора Жаляпава, дэмакратычны досьвед на Беларусі аказаўся незапатрабаваным.

У лісьце, які грамадзкае аб’яднаньне Фонд імя Лява Сапегі атрымала з адміністрацыі Першамайскага раёну, загадана да 1-га верасьня вызваліць арандаваны офіс – двухпакаёвую кватэру ў жылым доме на праспэкце Чарняхоўскага. Начальнік раённай камунальнай гаспадаркі Ўладзімер Іваноў, які падпісаў гэты загад, паведаміў таксама, што працяг тэрміну арэнды ніяк немагчымы, бо памяшканьне вырашана здаць іншым часовым гаспадарам.

На думку старшыні праўленьня віцебскай філіі Фонду Хрыстафора Жаляпава, прычына адмовы зусім іншая.

(Жаляпаў: ) “Нас высяляюць не таму, што гэтае памяшканьне камусьці патрэбнае. Проста ёсьць падстава зачыніць нашу арганізацыю, бо яна губляе юрыдычны адрас. Мы ўвесь час займаліся праблемамі мясцовага самакіраваньня, і тыя людзі, якія цяпер прынялі рашэньне практычна зьліквідаваць Фонд імя Лява Сапегі, таксама езьдзілі па нашых праграмах у Нямеччыну, Швэцыю ды Польшчу. Тады, у 1993-м, 1994-м, 1995-м гадох яны з намі супрацоўнічалі, і лічылася, што фонд робіць вялікую справу”.

З тае пары, кажа спадар Жаляпаў, жыцьцё ў краіне зьмянілася зусім не ў дэмакратычны бок, і таму памяшканьне, якое ў 1995-м годзе гарадзкія ўлады самі прапанавалі ўзяць у арэнду, цяпер адбіраюць гвалтам.

Аўтаматычнае пазбаўленьне юрыдычнага адрасу ёсьць не адзінай праблемай віцебскай філіі Фонду імя Лява Сапегі: на сёньняшні дзень, практычна, няма куды перавезьці грамадзкую бібліятэку, якая некалькі год працавала ў памяшканьні фонду і налічвае некалькі тысяч кніг па праблемах разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці.

Кіраўнік Фонду прадбачыць вялікія праблемы з пошукам іншага памяшканьня, бо ні дзяржаўныя арганізацыі Віцебску, ні нават мясцовыя прыватныя фірмы не наважваюцца здаваць вольныя плошчы любога кшталту апазыцыйным структурам. З гэтым ужо давялося сутыкнуцца кіраўнікам некалькіх віцебскіх палітычных партыяў, якія мінулай восеньню былі таксама пазбаўленыя офісаў у адміністрацыйным будынку па вуліцы Герцана. Тады гаспадар памяшканьня – будаўнічы трэст №9 – таксама абвяшчаў, што мусіць перадаць вызваленыя пакоі новым арандатарам. Аднак яны дагэтуль стаяць незанятыя, а дзяржаўная будаўнічая арганізацыя церпіць выдаткі па іхным утрыманьні.

Заснаваны ў 1993-м годзе, Фонд імя Лява Сапегі ўжо больш як 10 гадоў займаецца праблемамі мясцовага самакіраваньня, у тым ліку, шляхам арганізацыі замежных паездак для перайманьня дэмакратычнага досьведу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG