Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Трое актывістаў “Зубра” арыштаваныя на 10 сутак за пікет у падтрымку зьняволеных грузінскіх партнэраў


Любоў Лунёва, Менск Арыштаваныя трое зь пяці ўдзельнікаў пікету, які ладзілі сябры моладзевага руху “Зубр” на знак салідарнасьці са зьняволенымі грузінскімі партнэрамі з руху “Кхмара”. Пікетоўцы 20 хвілінаў трымалі нацыянальныя грузінскі і беларускі сьцягі і расьцяжку: “Свабоду грузінскім братам!”

Пікетоўцы патрабавалі вызваліць сваіх партнэраў з грузінскага руху “Кхмара” Георгія Кандалакі і Луку Цуладзэ.

(Андрэй:) “Свабоду грузінскім братам! Яны прыехалі сустрэцца з намі. Але ж іх затрымалі, і яны знаходзяцца ў спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна. Мы намагаемся, каб іх вызвалілі. Раней былі затрыманы нашы паплечнікі з Расеі й Украіны. Цяпер дайшла чарга да грузінаў. Невядома, хто будзе наступны”.

Калі пад’ехаў аўтобус з амонаўцамі, пікетоўцы селі на тратуар. Амонаўцы цягнулі іх у аўтобус каго за рукі, каго за ногі. Усіх адвезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі.

Двух непаўнагадовых, склаўшы пратакол за несанкцыянаваны пікет адпусьцілі, а трох удзельнікаў пікету – Аляксея Ляўковіча, Аляксандра Кульбіцкага і Натальлю Ўшко – павезьлі ў суд, нягледзячы на тое, што працоўны дзень скончыўся. Іх больш за гадзіну трымалі ў аўтобусе, пакуль не прыехала судзьдзя. За дзьве гадзіны судзьдзя Любоў Валевіч разгледзела адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў пікету. Супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі пікетоўцаў у парушэньні грамадзкага парадку ў часе правядзеньня вулічных масавых мерапрыемстваў.

Аляксея Ляўковіча, Аляксандра Курбіцкага і Натальлю Ўшко судзьдзя Любоў Валевіч арыштавала на 10 сутак. Сьведкамі ў справе былі супрацоўнікі чацьвёртай роты АМОНу.

Такім чынам актывісты “Зубра”, якія патрабавалі вызваліць іх грузінскіх партнэраў Георгія Кандалакі і Луку Цуладзэ, самі апынуліся за кратамі спэцпрыёмніка. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, 27 жніўня а 16 гадзіне актывістаў грузінскага руху “Кхмара” павязуць у аэрапорт, каб дэпартаваць у Тбілісі.
XS
SM
MD
LG