Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шмат якія арганізацыі яшчэ ня вызначыліся з новай назвай для перарэгістрацыі


Міхал Стэльмак, Менск Завяршаецца кампанія перарэгістрацыі юрыдычных асобаў, якія маюць у сваіх назвах словы “нацыянальны” і “беларускі”. Нагадаем, 31 траўня Аляксандр Лукашэнка выдаў указ, якім, у прыватнасьці, забараніў мець гэтыя словы некамэрцыйным недзяржаўным арганізацыям.

Пад забарону патрапілі назвы вядомых у Беларусі некамэрцыйных арганізацыяў. У прыватнасьці, Беларускага саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара Куняўскага. Паводле яго прадстаўнікоў, скасаваньне слова “беларускі” тут успрынялі без энтузіязму. Але ў выніку доўгіх пошукаў знайшлі яму замену. Гаворыць кіраўніца юрыдычнай службы гэтай арганізацыі Ніна Навумовіч:

(Навумовіч: ) “Замест “Беларускі” слова “Бізнэс”. Атрымалася “Бізнэс саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара Куняўскага”. Мы ўжываем гэтае слова для таго, каб захаваць нашу абрэвіятуру “БСПН імя прафэсара Куняўскага”.

Паведаміла спадарыня Навумовіч. Праблема зьмены назвы напаткала і такую вядомую арганізацыю як Беларуская асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў. БАМАП абараняе інтарэсы вялікай колькасьці асобаў у транспартнай сфэры, мае шырокія міжнародныя кантакты. І таму, паводле яе прадстаўнікоў, асацыяцыя мусіла вельмі адказна паставіцца да пытаньня назвы. Але ў асацыяцыі дагэтуль ня прыйшлі да канчатковага рашэньня. Ёсць вэрсія, аднак дакумэнты, нягледзячы на хуткае сканчэньне адведзенага ўказам тэрміну, усё яшчэ не пададзены. Гаворыць прадстаўніца юрыдычнай службы гэтай арганізацыі Сьвятлана Макоўская:

(Макоўская: ) “Асацыяцыя “БАМАП”. Але гэта папярэдняя назва. На сёньняшні дзень ідзе ўзгадненьне гэтай назвы. БАМАП усе ведалі. Але ж у нас была поўная назва”.

Зазначыла Сьвятлана Макоўская. Ня вызначыліся канчаткова ў пытаньні новай назвы і такія некамэрцыйныя арганізацыі як Беларускі саюз наймальнікаў і Беларуская канфэдэрацыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Тут таксама ёсьць толькі варыянты новых назваў. Гаворыць прадстаўнік гэтых арганізацыяў Віталь Сэўрукевіч:

(Сэўрукевіч: ) “Беларускі саюз наймальнікаў праводзіць работу па перайменаваньні ў Рэспубліканскі саюз наймальнікаў. У назьве канфэдэрацыі, якая сёньня называецца Саюз некамэрцыйных арганізацыяў “Беларуская канфэдэрацыя прамыславікоў і прадпрымальнікаў” скасоўваем слова “Беларускі”.

Паводле спадара Сэўрукевіча, адначасова з падрыхтоўкай дакумэнтаў, дзе фігуруюць гэтыя варыянты назваў, кіраўнікі згаданых арганізацыяў робяць спробу захаваць старыя назвы. Яны выступілі з ініцыятывай унясеньня зьменаў ва указ Лукашэнкі, які б зрабіў выключэньне для гэтых арганізацыяў у пытаньні назваў, каб у іх захавалася слова “беларускі”.

Пра гэтую ініцыятыву ведаюць іншыя некамэрцыйныя арганізацыі. Аднак іх прадстаўнікі маюць сумнеў у яе хуткай рэалізацыі. Вось, у прыватнасьці, што думае на гэты конт кіраўніца Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Людміла Шабанава:

(Шабанава: ) “Для таго, каб вырашыць гэтае пытаньне, патрэбен новы ўказ прэзыдэнта. Альбо патрапіць на прыём да прэзыдэнта. Але гэта немагчыма. Ён знаходзіцца ў камандзіроўцы”.

Зазначыла спадарыня Шабанава. Паводле яе, Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА) ўжо падала дакумэнты на рэгістрацыю новай назвы. Гэтая арганізацыя будзе называцца “Аўтамабільная асацыяцыя “БАА”.
XS
SM
MD
LG