Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія хоча мець прадстаўніка ў Менску


Уладзімер Глод, Менск Сябра Эўракамісіі, адказная за вонкавыя сувязі і эўрапейскую палітыку добрасуседзтва, былая міністарка замежных справаў Аўстрыі Бэніта Фэрэра-Валднэр заявіла ў Брусэлі, што Эўразьвяз хоча мець свайго сталага прадстаўніка ў Беларусі. Ім, на думку спадарыні Фэрэра-Валднэр, пакуль можа стаць прадстаўнік Эўракамісіі ў рангу Часовага паверанага.

На сёньня Эўракамісія, якая паводле свайго статуса, ёсьць выканаўчай уладай Эўразьвязу, ня мае свайго прадстаўніцтва ў Беларусі. Існуе толькі офіс у Кіеве, які ўзначальвае амбасадар Боўг з Вялікай Брытаніі. Гэты офіс ахоплівае сваёй увагай адразу тры краіны СНД -- Украіну, Малдову ды Беларусь. Што тычыцца Менску, дык тут ёсьць прадстаўніцтва праграмы ТАСІС, якое толькі ўскосна можна назваць прадстаўніцтвам Эўракамісіі.

Сёлета Менск наведаў амбасадар Боўг, які ўручыў копіі сваіх даверчых лістоў міністру замежных справаў Беларусі Сяргею Мартынаву. Падчас прэсавай канфэрэнцыі я спытаў амбасадара Боўга, калі ён спадзяецца перадаць арыгіналы даверчых лістоў кіраўніку беларускай дзяржавы. Спадар Боўг тады адказаў, што ад яго тут нічога не залежыць: маўляў, кіраўнік дзяржавы сам вызначае, калі ён прымае даверчыя лісты. Але да гэтага часу гэтая працэдура не адбылася. Мабыць, таму спадарыня Фэрэра-Валднэр гаворыць аб усталяваньні стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю на ўзроўні Часовага паверанага, які будзе прызначаны ад офісу ў Кіеве.

Як хутка гэта можа адбыцца? З такім пытаньнем я зьвярнуўся ў кіеўскі офіс Эўракамісіі. І вось што гаворыць на гэты конт адказны супрацоўнік офісу Штэфан Скофманд:

(Скомфанд:) "На цяперашні момант Беларусь акрэдытаваная ў нас, у дэлегацыі ў Кіеве. Пакуль што гэта так і застаецца. Мы маем канешне абмежаваныя магчымасьці, але у хуткім часе будзе місія ў Беларусі. але не самастойная дэлегацыя, а дэлегацыя ў выглядзе "Часова паверанага". Яна будзе працаваць пад кіраўніцтвам кіраўніка дэлегацыі ва Ўкраіне. Але мы хацелі б мець ад гэтага часу ў Менску сталага прадстаўніка. Мы спадзяемся, што будзем мець часовага прадстаўніка" да 2006 года. Але гэта будзе кіравацца дэлегацыяй у Кіеве. Цяпер мы маем бюро ТАСІС у Менску, але яно займаецца тэхнічнымі пытаньнямі. Калі ж будзе часовы прадстаўнік, дык ён будзе займацца ўжо і палітычнымі пытаньнямі. Аднак для гэтага Эўракамісія мусіць знайсьці пэўныя грошы і прыняць пэўнае палітычнае рашэньне".

Старшыня Аб''яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Анатоль Лябедзька вітае заяву прадстаўніцы Эўракамісіі:

(Лябедзька:) "Мы насамрэч на працягу некалькі апошніх гадоў выступалі за тое, каб павялічыць прысутнасьць Эўракамісіі ў Беларусі. Нашыя прапановы зводзіліся да наступнага: альбо адкрываецца прадстаўніцтва Эўракамісіі, альбо сама спадарыня Фэрэра-Валднэр прызначае свайго прадстаўніка па Беларусі. Другі варыянт быў для нас больш прымальным, таму што гэта вызваляла яго ад узгадненьня занадта часта пазыцыі з афіцыйным беларускім бокам. Вырашана, што ў Менску будзе прадстаўнік Эўракамісіі. Я лічу, што гэта пазытыўны крок, крок наперад. І можа гэты паскорыць выпрацоўку стратэгіі і тактыкі дзеяньняў Эўразьвязу адносна Беларусі".
XS
SM
MD
LG