Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ваўкавыску затрымалі кіраўніка Гарадзенскага гарадзкога аддзелу СПБ


Сяргей Астраўцоў, Горадня Міліцыянты затрымалі ў Шчучыне двух гарадзенцаў — актывіста Саюзу палякаў журналіста Андрэя Пачобута і карэспандэнта газэты “Салідарнасьць” Івана Романа. Іх даставілі ў гарадзенскі Ленінскі РАУС, а потым завезьлі назад у Шчучын і, паводле апошняй інфармацыі, пакінулі ў пастарунку да раніцы. А тым часам у Ваўкавыску затрымалі кіраўніка Гарадзенскага гарадзкога аддзелу Саюзу палякаў Мечыслава Яскевіча — нібыта для высьвятленьня ягонай асобы.

Супрацоўніца Польскага тэлебачаньня Агнешка Рамашэўска прыехала ў Шчучын, каб пацікавіцца лёсам затрыманых журналістаў. Яе затрымалі міліцыянты, хацелі забраць відэакасэту, але неўзабаве яны адпусьцілі польскую журналістку.

Нагадаю, што сёньня ў Горадні ў міліцыю выклікалі старшыню Саюзу палякаў Анжаліку Борыс, яе намесьніка Веслава Кеўляка і журналіста Анджэя Пісальніка. Анджэй лічыць, што гэта ня проста зьбег акалічнасьцяў, уся гэтая кампанія запалохваньня зьвязана з заўтрашнім паўторным зьездам Саюзу палякаў, які мае адбыцца у Ваўкавыску.

(Пісальнік:) “Улады баяцца нашай прысутнасьці. Напэўна нават не таго, што можа адбыцца нейкая акцыя пратэсту, нейкая маніфэстацыя, а магчыма таго, што нашая прысутнасьць неяк паўплывае на дэлегатаў, якіх загналі на гэты зьезд амаль сілай, прынамсі пад прымусам. І калі б такі дэлегат, што ўвесь час вагаецца — ці ўдзельнічаць у гэтым? — раптам убачыў бы каго-небудзь з нас, дык можа ён вырашыў бы дзейнічаць ня так, як хочацца ўладам каб ён рабіў падчас правядзеньня гэтага зьезду”.
XS
SM
MD
LG