Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладыя беларусы заклікаюць мясцовыя ўлады Польшчы падтрымаць грамадзянскую супольнасьць Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня на цэнтральным чыгуначным вакзале Варшавы пад бел-чырвона-белымі сьцягамі адбылася незвычайная прэсавая канфэрэнцыя, у якой бралі ўдзел маладыя беларусы, якія знаходзяцца ў адпачынку-навучаньні, арганізаваным моладзевай арганізацыяй польскай Дэмакратычнай партыі – Малады цэнтар.

Малады цэнтар, а таксама украінскія студэнты, якія бралі ўдзел у “аранжавай рэвалюцы”, запрасілі беларусаў з Маладога фронту, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, беларускага ліцэю ды іншых арганізацыяў на польскае ўзьбярэжжа Балтыйскага мора, каб тыя разам з адпачынкам пазнаёміліся з досьведам пабудовы грамадзкай супольнасьці і сыстэмай самакіраваньня ў Польшчы. Па вяртаньні з Гданьску на варшаўскім вакзале адбылася прэсавая канфэрэнцыя, у часе якой маладыя польскія палітыкі выказалі спадзяваньне, што польскі досьвед спатрэбіцца маладым беларускім элітам у пабудове дэмакратыі ў сваёй краіне. Вось што сказаў адзін зь кіраўнікоў Маладога цэнтру Марыюш Самуляк

(Самуляк: ) “Без гэтых элітаў зьвяржэньне рэжыму Лукашэнкі нічога ня дасьць. Бо хто ведае, ці ня будзе часам чарговага дыктатара, яшчэ больш горшага. Зьяўленьне такіх беларускіх элітаў вельмі важнае для дэмакратызацыі Беларусі”.

Беларусы, якія бралі ўдзел ў адпачынку-навучаньні, накіравалі зварот да мэраў усіх польскіх гарадоў з заклікам замест кантактаў з уладамі тэрмінова распачаць працу зь беларускімі няўрадавымі арганізацыямі. Гаворыць адзін з аўтараў звароту Франак Вячорка.

(Вячорка: ) “Ня ведаю, які гэта будзе мець эфэкт, але спадзяюся, што наш зварот разварушыць гэтую сыстэму, што кожная гміна задумаецца над тым, як дапамагчы сваім суседзям на справе. Бо цяпер, калі ідзе нейкая дапамога, дык гэта альбо на вельмі высокім узроўні, альбо ад фундацыяў, якія абсалютна незалежныя”.

У навучаньні браў удзел таксама Генрых Вуец – адна зь легендаў “Салідарнасьці”, былы палітвязень і былы дэпутат польскага парлямэнту.

(Вуец: ) “Цяпер мы адзначаем 25-я ўгодкі паўстаньня “Салідарнасьці”, але варта памятаць, што заклік “Салідарнасьці” аб мірнай рэвалюцыі застаецца надалей актуальны. Каля нас ёсьць дыктатура. У 1980-м годзе мы зьвярталіся да ўсіх сяброў у Эўропе з заклікам змагацца разам. Мы адваявалі сваю свабоду, цяпер гэта зрабіла Украіна і тое самае будзе і ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG