Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рудабелцы прадстаўнікі ўлады ўдзельнічалі ў сходзе па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў


Казімер Яноўскі, Акцябарскі раён У Акцябарскім раёне Гомельшчыны — у Рудабелцы — сход па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў прайшоў з удзелам прадстаўнікоў улады.

Адрозна ад іншых раёнаў, у Акцябарскім міліцыя хаця й правярала дакумэнты ў некаторых удзельнікаў сходу, але не разганяла яго.

Сход, у сваю чаргу, пагадзіўся, каб на ім прысутнічала спэцыяліст аддзелу ідэалёгіі райвыканкаму Антаніна Палуян. Выдалены быў толькі малады чалавек у цывільным, які назваўся стажорам райвыканкаму, але ніякіх дакумэнтаў на пацьвярджэньне не паказаў.

Расказвае каардынатар сходаў у рэгіёне Андрэй Толчын.

(Толчын: ) “Калі мы правяралі дакумэнты ў прадстаўнікоў улады, то адзін зь іх назваўся стажорам выканкаму. Але ні пашпарту, ні пасьведчаньня супрацоўніка выканкаму ён не паказаў. Мы папрасілі яго пакінуць памяшканьне. Што ён і зрабіў. Прадстаўніцы выканкаму Палуян сход дазволіў прысутнічаць. Гэта пазначана й у пратаколе сходу. Яна паводзілася даволі цывілізавана — занатоўвала, што ёй патрэбна. Нашы сходы праходзяць адкрыта. Яны не зьяўляюцца нейкімі падпольнымі мерапрыемствамі ці змовамі”.

Сход дэмакратычных актывістаў па стварэньні першаснай структуры Аб`яднанай грамадзянскай партыі й абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў праходзіў ў Акцябарскім учора ўвечары. А сёньня я папрасіў ідэоляга Антаніну Палуян падзяліцца сваімі ўражаньнямі наконт сходу.

(Палуян: ) “Маё ўражаньне такое, што гэта ня сход. Таму што катэгорыя людзей, якія там прысутнічалі (як вам сказаць?), — гэта ня тая катэгорыя людзей. Павінны быць прысутныя, аб`яднаныя нейкай ідэяй. А гэтыя людзі, яны як бы “отреченные от всего мира”. Яны ня могуць валодаць усімі гэтымі пытаньнямі”.

Удзел у дэмакратычным сходзе ў Акцябарскім прадстаўніка ўлады — другі такі выпадак у рэгіёне. Колькі дзён таму ў Буда-Кашалёве на сходзе па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў прысутнічаў і нават меў магчымасьць выступіць начальнік аддзелу ідэалёгіі Вячаслаў Кірыленка.

Як расказваюць відавочцы, ён хваліў праграму АГП, згадваў выказваньне кітайскага філёзафа Канфуцыя наконт хлеба, ідэалёгіі й войска. І ня толькі.

Апавядае ўдзельнік сходу ў Буда-Кашалёве, палітык Віктар Карняенка.

(Карняенка: ) “Спадар Кірыленка выступаў публічна за плюралізм у ідэалёгіі. Я яму прапанаваў: калі насамрэч гэта так, то ў Буда-Кашалёве ёсьць першасная арганізацыя АГП, ёсьць кіраўніцтва гэтай партыі. Калі ласка, дайце людзям выступіць па раённым радыё, выкласьці альтэрнатыўныя погляды, альбо ў раённай газэце надрукуйце. Кірыленка адказаў, што гэтага ён зрабіць ня можа. Вось вам і ўся ідэалёгія, увесь плюралізм”.

За выключэньнем Акцябарскага й Буда-Кашалёву, у іншых раёнах сходы па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў адбываліся, можна сказаць, у экстрэмальных умовах. У Ельску мясцовыя ўлады наагул сарвалі сход.
XS
SM
MD
LG