Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць ад саміту СНД?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Лідэры Садружнасьці Незалежных Дзяржаў сёньня сустракаюцца ў сталіцы Татарстану – Казані. Яны абмяркоўваюць рэформу СНД, Нагорна-Карабахскі канфлікт, іншыя праблемы. Чакаецца, што саміт завяршыцца падпісаньнем шэрагам дакумэнтаў, скіраваных на барацьбу з тэрарызмам і экстрэмізмам. Аднак, многія палітыкі і аналітыкі лічаць СНД неэфэктыўнай арганізацыяй. Дык чаму ж тады лідэры постсавецкіх дзяржаваў працягваюць сустракацца?

Чарговым разам многія назіральнікі выказалі меркаваньне, што і гэтая сустрэча будзе такой жа неэфэктыўнай, як і папярэднія. Аляксей Малашэнка, супрацоўнік Маскоўскага Цэнтру Карнэгі сказаў нашаму радыё, што СНД выразна атрымала паразу ў сваёй місіі інтэгратара постсавецкіх краінаў.

(Малашэнка:) “У сэнсе эканамічнай ці палітычнай арганізацыі постсавецкай прасторы значэньне гэтай арганізацыі роўнае нулю.”

Аналітыкі таксама падкрэсьліваюць, што СНД аказалася ня ў стане выпрацаваць скаардынаваную зьнешнюю палітыку, не нашмат болей прагрэсу і ў эканамічным супрацоўніцтве. Малашэнка кажа, што цяжка спрагназаваць, у які бок арганізацыя будзе разьвівацца.

(Малашэнка:) “Мяркую, што на гэтай сустрэчы, а можа на адной ці дзьвюх наступных, будзе канчаткова вырашана, у што гэта ўсё выльецца: або зьнікне канчаткова, або пераўтворыцца ў нейкую форму прэзыдэнцкага клюбу.”

Пры гэтым, самі лідэры дзяржаваў робяць публічныя заявы, што СНД павінна захавацца. Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, кажа, што дзеля эканамічнай інтэграцыі і павышэньня дабрабыту людзей. А ўкраінскі прэзыдэнт Віктар Юшчанка прыехаў у Казань з прапановамі пра шляхі пашырэньня супрацоўніцтва краінаў СНД з Украінай. Ён зьбіраецца вынесьці на абмеркаваньне пытаньне пры мэханізмы зоны свабоднага гандлю ўнутры Садружнасьці. Назіральнікі адзначаюць, што ў інтарэсах Украіны стварыць рэальны свабодны гандаль замест сыстэмы гандлю, дзе дамінуе Расея. А паколькі Расея выступае супраць гэтай ідэі, то яна можа перашкодзіць далейшай інтэграцыі.

Віктар Юшчанка і ягоны грузінскі калега Міхаіл Саакашвілі – самыя вострыя крытыкі спосабаў функцыянаваньня СНД – у якасьці прыярытэту абралі шлях у Эўразьвяз. Аднак яны працягваюць удзельнічаць у самітах, бо, як адзначаюць назіральнікі, разумеюць, што збліжэньне з Эўропай ня можа адбыцца імгненна, і ігнараваньне СНД выглядала б прынамсі несур’ёзна. Два тыдні таму яны сустракаліся ў Тбілісі і абмяркоўвалі магчымасьць утварэньня новага рэгіянальнага альянсу дзеля абароны дэмакратыі на постсавецкай прасторы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG