Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады рыхтуюцца да зьезду Саюзу палякаў Беларусі ў Ваўкавыску


Алесь Дашчынскі, Менск На уездах ў горад Ваўкавыск Гарадзенскай вобласьці выстаўленыя пасты ДАІ. Тут рыхтуюцца да правядзеньня зьезду палякаў Беларусі.

Супрацоўнікі міліцыі працягваюць кантраляваць уезды ў Ваўкавыск. Гэта тлумачыцца, нібыта, пошукам засуджаных, якія ўцяклі зь месцаў абмежаваньня волі. Жыхары гораду заўважылі міліцэйскі транспарт, які мае не мясцовыя нумары. Паводле галоўнага рэдактара “Мясцовай газэты” Андрэя Шантаровіча, сілавыя структуры таксама рыхтуюцца да зьезду.

(Шантаровіч: ) “З маёй інфармацыі, АМОН і гарадзенскі батальён міліцыі будуць у рэзэрве, а правапарадак будуць забясьпечваць сіламі мясцовага райаддзелу міліцыі”.

У райаддзеле міліцыі гэтае інфармацыі, аднак, не пацьвярджаюць.

Дэлегатаў зьезду цяпер возяць на экскурсіі па горадзе.

(Шантаровіч: ) “Ім паказваюць, як мы тут добра жывём. Наперадзе ехала міліцэйская машына, два аўтобусы й ззаду — я на сваім аўтамабілі. Яны ехалі на прадпрыемства “Белак”, якое выпускае малочныя прадукты. Калёна спынілася, людзі пачалі выходзіць. Натуральна, я пачаў фатаграфаваць гэтых дэлегатаў. Да мяне падышоў чалавек з павязкай і сказаў, што я ня маю права тут здымаць. Да іх не падпускаюць. Усе адварочваюцца, нікога немагчыма сфатаграфаваць. Дастаткова сур’ёзная ахова: яны пачалі тэлефанаваць, паказваць на мяне пальцам і запісваць нумары маёй машыны”.

Паводле спадара Шантаровіча, падтрыманы ўладамі кіраўнік Саюзу палякаў спадар Кручкоўскі, якога журналісты шукалі амаль цягам тыдня, адмовіўся сустракацца з прэсай.

Дапамогу ў правядзеньні зьезду аказваюць прадстаўнікі Ваўкавыскага райвыканкаму. Паводле намесьніка старшыні райвыканкаму Ўладзімера Захарчука, “кожнаму ёсьць сваё даручэньне”.

(Захарчук: ) “Дапамагчы дзе разьмясьціцца — каб далі раённы Дом культуры. Зьвярталіся па дапамогу ў аўтапарк. Мы напісалі туды ліст, каб ім далі тое, што яны прасілі”.

Дэлегатаў зьезду разьмяшчаюць у інтэрнаце аграрнага каледжу, бо там таньнейшыя нумары. У Ваўкавыск прыяжджаюць журналісты. Але мясцовы гатэль зачынены, бо ўсе месцы забраніраваў райвыканкам. Дом культуры, дзе мае праходзіць зьезд, актыўна прыбіраюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG