Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя разагнала пікет "Зубра" у падтрымку зьняволеных грузінскіх актывістаў (абноўлены з фота)


Любоў Лунёва, Менск На знак салідарнасьці з грузінскімі грамадзянамі з арганізацыі “Кхмара” Георгіем й Лукой Цуладзэ сябры моладзевага руху “Зубр” наладзілі пікет у цэнтры беларускай сталіцы.

Пяцёра актывістаў руху “Зубр” сталі на праспэкце Францішка Скарыны насупраць рэстарацыі “Патыё-Піца” з расьцяжкай: “Свабоду грузінскім братам!”. Яны трымалі грузінскі й беларускі нацыянальныя сьцягі.

Сябры моладзевага руху “Зубр” мелі сустрэчы са сваімі грузінскімі партнэрамі з арганізацыі “Кхмара” Георгіем Кандэлакі й Лукой Цуладзэ. Яны абураны дзеяньнямі беларускіх уладаў. Адзін зь пікетоўцаў патлумачыў Радыё Свабода мэту акцыі.

(Андрэй: ) “Свабоду грузінскім братам! Яны прыехалі сустрэцца з намі. Але ж іх затрымалі, і яны знаходзяцца ў спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна. Мы намагаемся, каб іх вызвалілі. Раней былі затрыманыя нашы паплечнікі з Расеі й Украіны. Цяпер дайшла чарга да грузінаў. Невядома, хто будзе наступны”.



Мінакі намагаліся хутка абысьці месца правядзеньня пікету. Адзін чалавек спыніўся. Ён паведаміў, што прыехаў у Менск з Расеі.

(Раман: ) “Свабоду належыць правільна ўспрымаць. Я ня ведаю, якая свабода ў Беларусі. За ідэю людзей нельга пазбаўляць свабоды”.

Праз 20 хвілінаў пад’ехаў амонаўскі аўтобус. Пікетоўцы паселі на ходнікі. Амонаўцы пацягнулі хлопцаў — каго за рукі, каго за ногі — у аўтобус. Усіх павезьлі ў ленінскае аддзяленьне міліцыі.

XS
SM
MD
LG