Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У сілавых структурах не паведамляюць, калі адбудзецца дэпартацыя актывістаў “Кхмары”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Трэці дзень знаходзяцца ў менскім ізалятары актывісты грузінскай моладзевай арганізацыі “Кхмара” Георгі Кандэлакі й Лука Цуладзэ. Наш карэспандэнт спрабаваў даведацца пра ўмовы ўтрыманьня грузінскіх грамадзян і іхны далейшы лёс.

Актывісты “Кхмары” Георгі Кандэлакі й Лука Цуладзэ трапілі ў ізалятар на вуліцы Акрэсьціна ўвечары 24 жніўня, адразу пасьля допыту ў крымінальнай міліцыі Маскоўскага раёну Менску. Апранутыя яны былі па-летняму, ня мелі пры сабе прадметаў асабістай гігіены, што вельмі патрэбна ў ізалятары.

У якіх жа ўмовах аказаліся вязьні?

Дзяжурны ізалятару на вуліцы Акрэсьціна пра ўмовы ўтрыманьня Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ паведаміў сьцісла. Паводле яго, грамадзяне Грузіі знаходзяцца у звычайнай камэры, колькасьць вязьняў у ёй не перавышае нормы. Паводзяць сябе добра, дысцыпліны не парушаюць. Наагул, усё ў іх добра, у тым ліку, — і з харчаваньнем.

(Дзяжурны: ) “У нас кормяць добра”.

Сёлета ў красавіку пяцёх актывістаў моладзевых арганізацыяў Украіны гэтаксама затрымалі ў Менску. Да дэпартацыі яны адседзелі 10 дзён у ізалятары на Акрэсьціна. Сярод іх быў кіраўнік Нацыянальнага альянсу Ўкраіны Ігар Гузь. Вось што ён згадаў пра менскі ізалятар.

(Гузь: ) “За 10 дзён нас ніхто ня вывеў — ня даў дазволу падыхаць сьвежым паветрам. Адзін раз толькі дазволілі памыцца, і мы гэтым скарысталіся. Таксама там ёсьць праблема з паветрам. Бо такія вокны, што не адчыняюцца. Ёсьць і з санітарыяй праблемы”.

Цягам знаходжаньня ў ізалятары на Акрэсьціна ўкраінцы трымалі галадоўку пратэсту, таму Ігар Гузь нічога ня змог сказаць пра якасьць харчаваньня ў ізалятары.

Праваабаронца з арганізацыі “Вясна” Алесь Каліта адбываў пакараньне на Акрэсьціна пасьля мінулагодняга рэфэрэндуму. Паводле Алеся Каліты, кормяць там двойчы на дзень і па-рознаму.

(Каліта: ) “З раніцы каша аўсяная, нейкі лёгкі суп, хлеб ды гарбата, вельмі гарачая, у кубках бяз ручак. А на вячэру зноў суп, каша, і можа быць шніцаль. А можа й ня быць”.

Ведаючы, што пасьля такой ежы ў ізалятары заўсёды хочацца падсілкавацца, актывісты “Вясны” прыгатавалі харчовую перадачу для Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ — сыр, каўбасы, сала й гародніну. Таксама праваабаронцы перадаюць актывістам “Кхмары” прадметы асабістай гігіены. Яны мяркуюць, што пасьля затрыманьня Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ не адвозілі ў гатэль і не далі магчымасьці забраць свае рэчы.

Раней абяцалася, што дэпартуюць актывістаў “Кхмары” ў суботу, 27 жніўня, але цяпер не выключаецца й больш позьні тэрмін. У аддзеле сувязяў з грамадзкасьцю КГБ спачатку заявілі, што дэпартацыяй будзе займацца ўправа КГБ па Менску й Менскай вобласьці, і адбудзецца яна дакладна ў суботу. Ды потым гэтыя зьвесткі аспрэчылі. Аднак у КГБ не сказалі, калі й як дэпартуюць грамадзян Грузіі. У Міністэрстве замежных спраў цьвердзяць, што гэтым мусіць займацца міліцыя. Аднак у прэсавай службе МУС таксама заяўляюць, што пра час і месца дэпартацыі нічога ня ведаюць.

Нагадаем: актывістаў “Кхмары” Георгія Кандэлакі й Луку Цуладзэ затрымалі ў Менску 24 жніўня — нібыта, для праверкі дакумэнтаў. 25 жніўня пракурор Маскоўскага раёну Менску падпісаў пастанову аб дэпартацыі іх за “парушэньні візавага рэжыму”.

У той жа дзень у КГБ заявілі, што Георгі Кандэлакі й Лука Цуладзэ, нібыта, “умешваліся ва ўнутраныя справы Беларусі”. Прадстаўнікі беларускай моладзевай арганізацыі “Зубр”, з актывістамі якой кантактавалі ў Беларусі грамадзяне Грузіі, назвалі іх затрыманьне “палітычнай правакацыяй”.
XS
SM
MD
LG