Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узбэцкія улады вырашылі прыбраць са сваёй тэрыторыі амэрыканскую базу


Кастусь Бандарук, Прага Вышэйшая палата ўзбэцкага парлямэнту прагаласавала за вывад з тэрыторыі краіны амэрыканскай паветранай базы. Раней, амэрыканскія прадстаўнікі пацьвердзілі, што ўзбэцкія ўлады папрасілі ЗША ліквідаваць базу ў Каршы-Ханабад на поўдні Ўзбэкістану. Цягам 6 месяцаў ЗША павінны вывесьці адтуль усе баявыя самалёты і 1000 сваіх вайскоўцаў. Чым патлумачыць гэтае рашэньне, і якія могуць быць наступствы гэтага кроку?

Пост-савецкая база ў Ханабадзе, дзе маглі прызямляцца найбольшыя транспартныя самалёты, была цягам апошніх чатырох гадоў адной з найважнейшых амэрыканскіх матэрыяльна-тэхнічных базаў. Увосень 2001 году менавіта адтуль стартавалі амэрыканскія бамбавікі супраць аўганскіх талібаў. Пасьля адхіленьня талібаў ад улады, база званая амэрыканцамі К-2 служыла ў якасьці пасадачнай пляцоўкі для перавозкі зброі, паліва і гуманітарнай дапамогі, а таксама як заправачная станцыя для авіяцыі ЗША ў паўднёвай і цэнтральнай Азіі.

Паводле брытанскага экспэрта Джэймса О’Галарама, Узбэкістан прыняў рашэньне аб ліквідацыі амэрыканскай базы пад ўплывам Расеі.

(О’Галарам: ) “ Не падлягае сумневу, што гэта не адбылося без умяшаньня Масквы. Расеі не падабалася экспансія ЗША каля яе межаў і пранікненьне на былую савецкую прастору. Я ўпэўнены, што Пуцін ухваліў гэты крок Карымава. Абодва бакі палічылі, што ў палітычным сэнсе гэта будзе добрае рашэньне”.

Узбэкістан і іншыя краіны цэнтральнай Азіі, а таксама Пакістан і Расея , далучыліся да анты-тэрарыстычнай кааліцыі з прагматычных меркаваньняў. Расея разьлічвала на тое, што ЗША перастануць асуджаць Маскву за вайну ў Чачэніі, а Карымаў спадзяваўся, што яны заплюшчаць вочы на ягонае дыктатарскае кіраваньне.

Мірнае існаваньне так званай “ аўганскай” кааліцыі закончылася разам з першай “ каляровай рэвалюцыяй” у Грузіі. ЗША падтрымалі яе, а пасьля -- “аранжавую” рэвалюцыю на Ўкраіне. Апрача таго, Вашынгтон рэзка асудзіў ўзбэцкія ўлады за крывавае здушэньне бунту ў Андыжане. У Ташкент накіравалася група ўплывовых амэрыканскіх сэнатараў на чале з Джонам МэкКэйнам, якія заклікалі правесьці міжнароднае сьледзтва ў справе Андыжану. Сэнатараў падтрымала дзяржаўная сакратарка ЗША Кандаліза Райс, што дадаткова раззлавала Карымава.

Дзякуючы міжнароднаму хадайніцтву, каля 400 узбэцкіх уцекачоў, якія апынуліся ў Кіргістане не былі дэпартаваныя на Радзіму, але былі эвакуаваныя ў Румынію. Расея, Кітай, Казахстан і Узбэкістан палічылі ўсё гэта праявамі амэрыканскай экспансіі, і стварылі кааліцыю супраць “ каляровых рэвалюцыяў”.

На думку былога брытанскага амбасадара ў Ташкенце- Крэйга Марэя, пад уплывам новых саюзьнікаў Іслам Карымаў зрабіў глупства. Ён кажа, што Злучаныя Штаты могуць абысьціся без Узбэкістану, бо яны маюць шырэйшае поле для манэўру ў сьвеце чым Масква і Пэкін. Дарэчы, Кіргістан і Таджыкістан запэўнілі ЗША, што амэрыканскія базы могуць заставацца на іх тэрыторыі датуль, пакуль яны палічыць гэта патрэбным.
XS
SM
MD
LG