Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анджэй Пісальнік: Некаторыя чальцы Саюзу палякаў выходзяць з арганізацыі, каб ня ехаць на паўторны зьезд.


Сяргей Астраўцоў, Горадня Ў Вакавыску заўтра мае паўторна адбыцца 6-ы зьезд Саюзу палякаў. Гэтага дамагаліся беларускія ўлады. На яго вылучаныя 189 дэлегатаў. Ранкам для іх адбудзецца імша ў мясцовым касьцёле Сьвятога Вацлава, а сам зьезд распачнецца а 10-й раніцы ў раённым Доме культуры. Сходы па вылучэньні дэлегатаў адбыліся пры актыўнай падтрымцы ўладаў. Але ў некаторых гарадах, у тым ліку ў Менску, сябры СПБ адмовіліся дасылаць сваіх прадстаўнікоў на ваўкавыскі зьезд.

У сёньняшнім нумары газэты “Glos znad Niemna” Тадэвуш Кручкоўскі, якога па-ранейшаму прызнаюць кіраўніком Саюзу палякаў улады, піша пра заўтрашні зьезду, які адбудзецца у Ваўкавыску. Ён зазначае, што ніхто з тых, хто ўцягнуты ў канфлікт вакол Саюзу палякаў, названы ім вайной, ня мае маральнага права выстаўляць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні СПБ. Спадар Кручкоўскі таксама піша, што ён асабіста ня ведае прыкладаў перасьледу ў Беларусі мясцовых палякаў. Вось як старшыня Саюзу Анжаліка Борыс пракамэнтавала артыкул Кручкоўскага:

(Борыс:) “Ён мусіць так выказвацца, як яму кажуць. Ён выконвае заданьне ўладаў. Ніхто з нас не зьбіраўся туды ехаць, гэта ня зьезд палякаў”.

Але нават пры жаданьні паехаць туды многія прыхільнікі Борыс не змаглі б: заснавальніка Саюзу палякаў Тадэвуша Гавіна на месяц пасадзілі за краты, супраць іншых актывістаў распачата крымінальная справа, саму спадарыню Борыс у суботу выклікаюць на 10 гадзінаў у міліцыю. Гэта якраз час, калі у Ваўкавыску распачнецца паўторны зьезд СПБ. Сёньня Анжаліцы Борыс і яе намесьніку Веславу Кеўляку ўжо давялося наведаць міліцыю. Гэта таксама датычыць і журналіста Анджэя Пісальніка, якога выклікалі на допыт, яшчэ аднаго актывіста — Андрэя Пачобута сёньня затрымалі міліцыянты.

(Пісальнік:) “Трэба падкрэсьліць, што ўлады гэтыя сходы арганізавалі, шмат выпадкаў калі старшыні мясцовых аддзелаў проста адмаўляліся ад сваіх пасадаў, а нават пісалі заявы аб выхадзе з Саюзу палякаў, каб сваім аўтарытэтам не дапамагаць уладам”.

Анджэй Пісальнік зазначыў, што ўлады сваім транспартам прывозілі людзей на такія сходы. Дарэчы, старшыня Галоўнай рады Саюзу палякаў мінулага скліканьня Канстанцін Тарасевіч пацьвердзіў мне, што яны зьвярталіся да ўладаў па дапамогу, каб правесьці гэтыя сходы. Анджэй Пісальнік працягвае:

(Пісальнік:) “Некаторыя дэлегаты былі вылучаны на паўторны зьезд пад прэсынгам, цяпер ёсьць інфармацыя, што яны пішуць заявы аб выхадзе з арганізацыі, каб ня ехаць на гэты зьезд. Зразумела, што іх могуць сілай прывезьці, пасадзіць у гэтыя крэслы і прымусіць галасаваць”.

6-ы зьезд Саюзу палякаў адбыўся ў Горадні 12-13 сакавіка сёлета. З абраных 332 дэлегатаў у ім удзельнічалі 286. На зьезьдзе прысутнічалі прадстаўнікі польскай дыпляматыі і арганізацыяў з Польшчы, якія супрацоўнічалі з СПБ, а таксама — прадстаўнікі беларускай улады. На зьезьдзе паўторна балятаваўся тагачасны старшыня СПБ Тадэвуш Кручкоўскі, а таксама кіраўніца аддзелу адукацыі СПБ Анжаліка Борыс, большасьць дэлегатаў, якія бралі ўдзел у галасаваньні, аддалі перавагу ёй.

Дакладна праз два месяцы Міністэрства юстыцыі скасавала вынікі зьезду. Мінюст назваў легітымным кіраўніком Саюзу спадара Кручкоўскага і абавязаў яго вызначыць месца і дату паўторнага правядзеньня зьезду. Гэтае рашэньне не прызнала Галоўная рада СПБ новага скліканьня, якая зьбіралася ў горадні 14 траўня. Не прызналі гэтае рашэньне і ўлады Польшчы. Праз канфлікт вакол Саюзу палякаў абвастрыліся беларуска-польскія дачыненьні. Беларускія ўлады пачалі перасьледаваць прыхільнікаў Анжалікі Борыс і яе саму.
XS
SM
MD
LG