Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Івашкевіч: “Гэта ня будуць выбары. Камісіі падрыхтаваныя да фальсыфікацый” <b/>


Сяргей Навумчык, Прага. Госьць Свабоды – намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

(Навумчык: ) “Віктар, я ведаю, што ты цяпер ў Нясьвіжы. Што ты робіш у гэтым старажытным горадзе?”

(Івашкевіч: ) “Мы праводзілі сход па вылучэньню дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Быў абраны адзін чалавек ад Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”.

(Навумчык: ) “Колькі слоў пра тое, як ідзе працэс вылучэньня кандыдатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Ці можна сказаць, што ён блізкі да завяршэньня?”

(Івашкевіч: ) “Так, на сёньня адбыліся сходы ў 109 раёнах, вылучана ўжо 209 дэлегатаў, прадстаўнікі розных партыяў і беспартыйныя. Яшчэ пройдзе дзесятак сходаў, а ў дваццаці раёнах сходы не ўдасца правесьці. Чаму? Таму што ў нас ёсьць абмежаваньне, што ня меньш як 25 чалавек павінны быць на сходзе, і не паўсюль у раёнах, асабліва ў Магілеўскай і Гомельскай вабласьцях (гэта ў чарнобыльскіх зонах) ёсьць столькі актывістаў, якія б адкрыта прыйшлі на сход і абралі дэлегатаў на Кангрэс”.

(Навумчык: ) “Некаторыя палітолягі – зрэшты, як і палітыкі з ліку патэнцыйных кандыдатаў, -- гавораць, што ў прапанаваным вамі фармаце (маю на ўвазе партыі, якія бяруць удзел у Кангрэсе), наўрад ці можна казаць пра поўную рэпрэзэнтатыўнасьць адзінага кандыдата нават што да той часткі насельніцтва, даволі немалой, якая гатовая галасаваць супраць Лукашэнкі. Такую думку днямі выказаў у эфіры Свабоды адзін з лідэраў сацыял-дэмакратычнага руху Аляксей Кароль. Іншымі словамі – на Кангрэсе будзе вызначаны адзіны кандыдат, але ён будзе мець падтрымку толькі ў прыхільнікаў партыяў, неангажаваная ж партыямі частка электарату за яго можа і не прагаласаваць...”

(Івашкевіч: ) “На сёньняшні дзень мэта - мабілізаваць актыў, які будзе зьбіраць подпісы за гэтага "адзінага кандыдата", і будзе весьці за яго агітацыю. На сходах людзі даюць свае адрасы, каардыаты - і такіх людзей, згодных зьбіраць подпісы за адзінага кандыдата , ўжо запісана 4 066 чалавек. Гэта, так бы мовіць, "жаўнэры дэмакратычнага войска", якія будуць выбіраць свайго "генэрала". А што тычыцца электарату, дык натуральна, зь ім яшчэ трэба працаваць. Але другая справа, што “незалежны” кандыдат, у якога няма каманды валантэраў, можа і ня выйсьці на ўзровень электарату, бо ён папросту не зьбярэ подпісы”.

(Навумчык: ) “Зноў жа ў эфіры Свабоды акадэмік Вайтовіч выказаў меркаваньне, што, магчыма, ня варта засяроджвацца на адной кандыдатуры. Ягоны аргумэнт: калі вызначыць аднаго, дык яго могуць папросту не зарэгістраваць -- “падставы “ знойдуцца. Таму, лічыць спадар Вайтовіч, павінны быць некалькі кандыдатаў ад апазыцыі...”

(Івашкевіч: ) “Справа ў тым, што па-першае, гэта ня будуць выбары. Выбарчыя камісіі падрыхтаваныя да фальсфыікацыяў улады будуць праводзіць "чорную прапаганду" сураць дэмакратычных сілаў. Насмрэч, гэта кампанія, якая, карыстаючыся нагодай выбараў, дазволіць актывізаваць насельніцтва і ўзьняць яго на змаганьне за дэмакратычныя пераўтварэньні ў грамадцтве. У гэтым сэнсе нам патрэбны "адзіны кандыдат" як кансалідуючы момант, як сьцяг. Здымуць з рэгістрацыі? Значыць, мы будзем дамагацца, каб яго аднавілі. Таму што спадзяваца на добрую волю ўладаў немагчыма, можна толькі дамагацца сілай. А дзе той канфлікт будзе -- ці ў моманце нерэгістрацыі нашага кандыдата, ці ў моманце фальсыфікацыі выбараў, калі яму напішуць 15 працэнтаў, -- гэта, у прынцыпе, ня мае значэньня. А даваць веер варыянтаў Лукашэнку, каб ён вызначаў: "Вось гэтага -- адхілю, а гэтага, слабенькага, пакіну" -- мы лічым немэтазгодным”.

(Навумчык: ) “Віктар, ты ўжо ня першы год непасрэдна займаешся арганізацыяй сустрэч апазыцыйных актывістаў у рэгіёнах – пачынаючы з 1994 года, калі лідэры БНФ аб’езьдзілі ці ня ўсю заходнюю частку Беларусі, ды і іншыя рэгіёны краіны. У гэтым сэнсе, у цябе – унікальны вопыт сустрэч і з партыйнымі актывістамі рэгіёнаў, і , як кажуць, з простымі людзьмі. Ці бачыш ты зьмену настрояў людзей – і да ўлады, і да апазыцыі? Ці ёсьць нейкая дынаміка?”

(Івашкевіч: ) “Калі параўноўваць з перыядам дзесяцігадовай даўніны, калі адбываліся прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары ў 1994 і 1995 гг., дык вядома, зараз на сходы зьбіраецца дзесятая частка ад таго, што зьбіралася тады. Тады людзі былі разьняволеныя, тады яны масава ішлі пачуць розных прэтэндэнтаў, даведацца пра варыянты, актыўна гэта абмяркоўвалі. А сёньня, па-першае, немагчыма знайсьці афіцыйна памяшканьні для гэтых сустрэчаў. А мы ж тады у 1994-1995 гадах сустракаліся ў Дамах культуры. Зараз жа сустракаемся па прыватных хатах, куды прыязжаюць пажарнікі, міліцыя, якім быццам паведамілі, што там гвалняць якую дзяўчынку, ці што пажар пачаўся. Існуе прэсінг, людзі запалоханыя. Тыя чатыры тысячы чалавек, якія схадзілі на сходы, нягледзячы на гэты прэсінг - гэта мужныя людзі, якія сваім ўдзелам у сходах ужо змагаюцца. Асноўная частка людзей пакуль баіцца адкрыта выказаць сваё зацікаўленьне выбарчым працэсам, а ня тое, каб адкрыта выступіць. І тут яшчэ наперадзе вялікая праца, каб людзей з гэтых “схованак” выцягнуць”.
XS
SM
MD
LG