Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Справа гонару" Лукашэнкі скончылася зьбіцьцём Сьвятланы Завадзкай"


Алесь Дашчынскі, Менск На днях прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка прысвоіў званьне героя Украіны апазыцыйнаму журналісту Георгію Гангадзэ, забітаму ў верасьні 2000 году. Паводле ўказу, гэтае званьне пасьмяротна прысвоена за грамадзянскую мужнасьць і журналісцкую дзейнасьць. Пасьля прыходу да ўлады прэзыдэнт Віктар Юшчанка заявіў, што раскрыцьцё забойства Гангадзэ ёсьць справай гонару. Некалькі гадоў таму кіраўнік Беларусі таксама заяўляў, што знайсьці зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага – цытата: "гэта справа гонару". Ці стрымаў сваё слова Аляксандар Лукашэнка?

Паводле праваабаронцаў, абедзьве расправы над журналістамі - ва Ўкраіне і ў Беларусі - маюць падобны сцэнар. Георгій Гангадзэ зьнік у цэнтры Кіева, па дарозе дадому, а праз паўтары месяца знайшлі ў лесе абезгалоўлены труп. У далучнасьці да забойства ва Ўкраіне вінавацілі высокапастаўленых асобаў, аднак падчас кіраваньня Леаніда Кучмы справа ня рухалася. Пасьля прыходу да ўлады прэзыдэнт Віктар Юшчанка заявіў, што раскрыцьцё забойства Гангадзэ ёсьць для яго справай гонару. Ён стрымаў слова: нядаўна затрымалі падазраваных асобаў, супрацоўнікаў міністэрства ўнутраных спраў. Вядомы адвакат Гары Паганяйла параўноўвае справы Гангадзэ і Завадзкага.

(Паганяйла: ) "Яны вельмі падобныя па аб''ектыўных абставінах. Адносна Гангадзэ злачынства раскрыта і яно было зьвязана з сілавымі ведамствамі. Мы не выключаем, што да выкраданьня Завадзкага таксама маюць дачыненьне сілавыя структуры. Той жа Малік быў дзейным байцом "Алмазу" Міністэрства ўнутраных спраў, а Ігнатовіч - былы баец гэтага падразьдзяленьня. Трэці ўдзельнік банды - слухач акадэміі МУС. Па справе Завадзкага праходзіць яшчэ шэраг сьведкаў са спэцпадразьдзяленьняў і з аховы прэзыдэнта. Дзяржаўныя структуры дачынныя да палітычна матываваных зьнікненьняў, адсюль і вакуум вакол расьледаваньня гэтых спраў. Пакуль не памянялася ўлада ва Украіне, сьледзтва па Гангадзэ некім тармазілася".

Прыкладна пяць гадоў таму Лукашэнка заявіў, маўляў, "гэта справа гонару і пракуратуры, і Міністэрства ўнутраных спраў - знайсьці Завадзкага. Дзіма - выдатны хлопец! Зьміцера мы ўсё роўна знойдзем. Мы яго знойдзем, але вінаватым зьвернем галовы."

Нагадаем, Зьміцер Завадзкі раніцай 7 ліпеня 2000 году накіраваўся ў аэрапорт Менск-2 сустрэць з Масквы Павала Шарамета. Аднак больш яго ніхто ня ўбачыў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Завадзкага выкралі Ігнатовіч і Малік, каб адпомсьціць за ягонае інтэрвію "БДГ". Менскі абласны суд прыгаварыў злачынцаў да пажыцьцёвага зьняволеньня. Аднак Завадзкі дагэтуль ня знойдзены.

(Паганяйла: ) "Фактычна, рэальных, дзейных мер ў пошуку і вырашэньні лёсу Зьмітра Завадзкага ў Беларусі не праводзіцца. Названыя ягоныя выкрадальнікі. У выраку гаворыцца, што Малік і Ігнатовіч зьдейсьнілі злачынства разам з шэрагам неўстаноўленых сьледзтвам асобаў. Цягам пяці гадоў яны так і ня могуць знайсьці гэтых "неўстаноўленых асобаў". Гэтыя ж асобы вядомыя Маліку й Ігнатовічу. Дык што ж гэта за сьледзтва? Таму альбо суд беспадстаўна зьвінаваціў Ігнатовіча і Маліка, альбо сярод саўдзельнікаў ёсьць асобы, якіх ня хочуць называць.У нармальнай краіне падобныя злачынствы павінны быць раскрытыя".

Калі б сьледзтва сапраўды займалася справай Завадзкага, то за пяць гадоў можна было б сабраць і прад''явіць пацярпелым і грамадзтву пэўныя зьвесткі. Тым больш, Лукашэнка назваў "справай гонару" пошук Зьмітра Завадзкага. Маці журналіста Вольга Завадзкая:

(Завадзкая: ) "На ўсе нашыя запыты, у тым ліку пісьмовыя, ніякіх адказаў не даюць. Так што верыць Лукашэнку... Я яму ўжо даўно ня веру, груба кажучы, рыльца ж у пушку, таму ён не зацікаўлены, каб падчас яго праўленьня гэта ўсё адкрылася".

"Справа гонару," пра якую аб''явіў Лукашэнка, скончылася зьбіцьцём амонаўцамі жонкі выкрадзенага журналіста Сьвятланы Завадзкай.

(Сьвятлана: ) "Як можна верыць у гэтыя словы і як можна верыць у словы: "Зьміцер - мой боль", калі жонцы Зьмітра Завадзкага амонаўцы б''юць у твар? За столькі гадоў, калі б гэта было шчыра, прэзыдэнт мусіў хоць бы пацікавіцца, як жыве сям''я Завадзкага, калі гэта ягоны боль. Ад самага пачатку я ня верыла ў шчырасьць гэтых слоў. Пакуль ў Беларусі не пераможа дэмакратыя, датуль гэтыя справы будуць замарожаныя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG