Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць менчукі наконт забудовы гістарычнага цэнтру?


Іна Студзінская, Менск Да канца жніўня павінен быць распрацаваны праект дэталёвага плянy рэстаўрацыі гістарычнага цэнтру Менска. На пачатку верасьня гэты праект будзе накіраваны на экспэртызу і ўзгадненьне ў дзяржаўных структурах, у тым ліку і кіраўніком дзяржавы. А потым -- грамадзкае абмеркаваньне. Але ў Верхнім горадзе дзень і ноч ідзе ўжо будоўля. Рэкорднымі тэмпамі ўзводзіцца шматузроўневая паркоўка на Нямізе – тэрмін здачы ІУ квартал 2005 года. А на скрыжаваньні вуліц Леніна ды -- гатэль “Эўропа”, яго мяркуюць здаць да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Нашая карэспандэнтка правяла апытаньне на вулицах Менску.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да такой інтэнсыўнай забудовы гістарычнага цэнтру новымі сучаснымі будынкамі?”

(Спадарыня: ) “У Эўропе, калі будуюць у старым горадзе, хоць бы вонкава захоўваюць тую абалонку, зь якой дыхае стары горад, у якой ёсьць памяць стагодзьдзяў, памяць людзей, якія тут жылі. Разбурыць усё, узьвесьці штосьці сваё, саўковае, і абазваць гэта даўніной, абазваць гэта Эўропай – гэта таксама вельмі па-саўковаму”.

(Карэспандэнтка: ) “А як вы ставіцеся да будаўніцтва вялікай паркоўкі на Нямізе?”

(Спадарыня: ) “Вельмі адмоўна. Гэта тое самае, што клюбы ў храмах і танцпляцоўкі на могілках. Мне чамусьці падаецца, што Няміга – тое месца, якое павінны былі нашчадкі пакінуць у спакоі, хоць бы з падзякі, з ушанаваньня памяці ўсіх тых, хто там жыў. Вельмі багатае на падзеі месца. Не машынам там таўчыся, а людзям, ды яшчэ з пашанай ды з паклонам”.

(Спадар: ) “Была забудова, якую разбурылі ўшчэнт. На яе падмурках пабудавалі іншыя будынкі. А потым – узяць і зьнесьці, а на гэтым месцы будаваць падобны будынак, не такі самы, а падобны – гэта не зьяўляецца гістарычнай каштоўнасьцю...

(Кар: ) “А як вы ставіцеся да будаўніцтва паркоўкі на Нямізе, таксама ў гістарычным цэнтры. Ці патрэбна яна там?”

(Спадар: ) “Там таксама гістарычны цэнтар, і там, я ведаю, раскопкі вяліся, архэалягічныя знаходкі былі. Але тое, што паркоўка патрэбная ў цэнтры горада, гэта так. І паркоўка сучасная, шматпавярховая, функцыянальная, магчыма, схаваная пад зямлёй а не наадварот, у выглядзе хмарачосу, але паркоўкі патрэбныя”.

(Кар: ) “Мы стаім каля будоўлі. Ведаеце, што ў гістарычным цэнтры будуецца?”

(Хлопец: ) “Гатэль. Які, ня ведаю”.

(Карэспандэнтка: ) А як вы думаеце, ці павінен ён тут быць?” (Хлопец: ) “Калі будуюць, напэўна, патрэбны.

(Карэспандэнтка: ) “А ці ведаеце вы, што тут гістарычны цэнтар, і ў прынцыпе, зьнішчана амаль усё, што раней было?”

(Хлопец: ) “Так. Але тут побач ратуша, маглі ў старым стылі пабудаваць што-небудзь яшчэ”.

(Карэспандэнтка: ) “А Ратуша вам падабаецца?”

(Хлопец: ) “Так. Прыгожы будынак, упісаўся нармальна”.

(Карэспандэнтка: ) “А як вы ставіцеся, што ў гістарычным цэнтры новыя будынкі зьяўляюцца?”

(Спадар: ) “А чаму б не? Калі гатэль будзе прыгожы, і дапаўняць гістарычны цэнтар. Архітэктары таксама ж не дурныя людзі, і многія з іх вывучалі гісторыю, і неабыякавыя да архітэктуры. Калі будзе прыгожа, я толькі “за”.

(Кар: ) “А як вы ставіцеся да будаўніцтва паркінгу на Нямізе?”

(Голас: ) “Для гораду, напэўна, неабходнасьць ёсьць у стаянках таксама. У прынцыпе, нармальна. Галоўнае, каб добра будавалі”.

(Кар: ) “А тое, што зьнішчаюць гістарычны цэнтар, вас не хвалюе?”

(Голас: ) “Я думаю, што яго не зьнішчаюць, а тыя дамы, якія рэальна могуць стаяць, іх адрэстаўруюць на тыя грошы, якія прынясе гэты гандлёвы цэнтар, паркоўка. Таму што калі ня будзе гандлю, няма за што будзе рэстаўраваць нашу архітэктуру старадаўнюю”.

(Спадарыня: ) Вельмі сумна, што ў цэнтры гораду разбураецца старое, тое, што варта шанаваць. А будуецца нешта кшталту нашага разуменьня”.
XS
SM
MD
LG