Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Барысава папярэдзіла рэдактара "Барысаўскіх навінаў"


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня пракуратура Барысава вынесла афіцыйнае папярэджаньне рэдактару недзяржаўнай газэты "Барысаўскія навіны" Анатолю Букасу. Пракуратура лічыць, што выданьне друкавала матэрыялы, якія парушаюць заканадаўства.

Падставай для папярэджаньня, паводле пракуратуры, сталі дзьве публікацыі ў “Барысаўскіх навінах”, зьмешчаныя ў чэрвені і ліпені, пра судовы разгляд крымінальнай справы Анатоля Букаса. Як сьцьвярджае пракуратура, у гэтых публікацыях быў парушаны закон аб друку, які забараняе абнародваньне незавершаных матэрыялаў судовай справы без пісьмовага дазволу судзьдзі. У выпадку паўторнага парушэньня, як гаворыцца ў дакумэнце, пракуратура будзе ставіць пытаньне пра закрыцьцё газэты.

Спадар Букас лічыць гэтае папярэджаньне неабгрунтаваным:

(Букас: ) ”Барысаўскія навіны” надрукавалі артыкул Аляксандра Абрамовіча пад назовам “Суд праходзіў у адны вароты”, у якім аўтар распавёў гаворку пра неаб’ектыўны разгляд крымінальнай справы супраць мяне. За тое, што быццам бы я абразіў Веру Пратасэвіч, рэдактарку мясцовай афіцыйнай газэты. Я лічу, што барысаўскія ўлады такім чынам дамагаюцца мэты закрыць самую тыражную на Барысаўшчыне недзяржаўную газэту. Не трэба забываць, што ў будучым годзе спадар Лукашэнка рыхтуе прэзыдэнцкія выбары з намерам працягу сваіх паўнамоцтваў. І гэта, я лічу, робіцца ў парушэньне Канстытуцыі. Пра гэта наша газэта не раз распавядала на сваіх старонках”.

Паводле Анатоля Букаса, менавіта гэта зьяўляецца сапраўднай прычынай вынесенага яму папярэджаньня. Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама лічыць, што барысаўская пракуратура кіравалася ў сваіх дзеяньнях палітычнымі мэтамі, а не літарай закону. Гаворыць намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Гэтае папярэджаньне з прававога пункту гледжаньня ніякіх падставаў пад сабою ня мае. Мы зноў-такі становімся сьведкамі, як рэдакцыю спрабуюць прыцягнуць да адказнасьці за распаўсюд інфармацыі, якая адпавядае сапраўднасьці. Гэта па-першае. Па-другое, яна зьяўляецца адкрытай. Бо ўсё тое, пра што ішла гаворка на судовым працэсе, гэта адбывалася падчас адкрытага судовага разьбіраньня. Мне цяжка ўявіць, у чым было злоўжываньне свабодай друку з боку “Барысаўскіх навінаў”. На мой погляд, тое, што адбываецца, становіцца зразумелым, калі нагадаць, што не далей як учора другая барысаўскай газэта “Кур’ер з Барысава” страціла свайго выдаўца і заснавальніка”.
XS
SM
MD
LG