Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З брата Сяргея Скрабца ўзялі падпіску аб нявыезьдзе


Уладзімер Глод, Менск 25 жніўня Аляксандр Скрабец -- малодшы брат былога кіраўніка дэпутацкай групы "Рэспубліка" у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня, апазыцыйнага палітыка Сяргея Скрабца -- быў выкліканы ў рэспубліканскую пракуратуру. Там у яго ўзялі падпіску аб нявыезьдзе.

Аляксандр Скрабец лічыцца саўдзельнікам справаў свайго старэйшага брата. Як і былога дэпутата, яго абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Перадусім, сьледзтва лічыць абодвух братоў вінаватымі ў выманьваньні крэдытаў у дзяржавы. Сёньня ў пракуратуры Скрабцу-малодшаму паведамілі, што такім чынам яны нанесьлі шкоду дзяржаве ў памеры 498 тысячаў даляраў. Акрамя таго, абодва браты абвінавачваюцца ў падбухторваньні знаёмага, каб той даў хабар дзяржаўнаму абвінаваўцу і судзьдзі Берасьцейскага абласнога суду ў памеры 30 тысячаў даляраў. Аляксандр Скрабец ня ведае, чаму да яго раптам ужылі меру стрыманьня :

(Скрабец:) "Я не разумеў, чаму зь мяне раней не бралі падпіску. А цяпер не разумею, чаму раптам яе з мяне ўзялі. Я наагул нічога не разумею".

Аляксандр Скрабец у траўні на працягу амаль тыдня знаходзіўся ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары часовага ўтрыманьня. Аднак яго адпусьцілі на волю пасьля таго як ён паабяцаў зьяўляцца, калі гэта запатрабуе сьледзтва. Паводле Скрабца-малодшага, на працягу трох месяцаў яго ўжо неаднойчы выклікалі на допыты, і кожны раз ён своечасова наведваў пракуратуру.

Сам Сяргей Скрабец, які цяпер знаходзіцца на абсьледаваньні ў турэмным шпіталі ў Менску, абвінавачваньні абвяргае. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што крэдыты браліся ў банку ўжо пасьля таго, як яго абралі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня. І таму, згодна з Законам аб статусе дэпутата, ён раней спыніў прадпрымальніцкую дзейнасьць. Абвінавачваньні на свой адрас экс-парлямэнтар ацэньвае, як помсту за палітычную дзейнасьць. Менавіта таму ён катэгарычна адмаўляецца даваць любыя паказаньні.
XS
SM
MD
LG