Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя хакеры зьнішчылі форум “Палітыка, грамадзтва, улада” на афіцыйным сайце Віцебску


Браніслава Станкевіч, Віцебск Цягам апошніх сутак для наведнікі Віцебскага гарадзкога парталу www.vitebsk.by ня мелі магчымасьці ўзяць удзел у абмеркаваньні грамадзка-палітычных тэмаў, бо ўсе ранейшыя матэрыялы форуму зьнішчаныя.

Як паведаміў мадэратар форуму Сяржук Серабро, форум “Палітыка, грамадзтва, улада” праіснаваў у Віцебску крыху больш за год. Ён даваў людзям магчымасьць вольна выказвацца пра палітычныя падзеі ў сьвеце, і, па сутнасьці, заставаўся апошнім беларускім палітычным форумам, зьмешчаным на афіцыйнай гарадзкой інтэрнэт-старонцы.

Паводле спадара Серабра, найбольш папулярнымі перад зьнішчэньнем былі тэмы пра беларускую мову ў перадачах “Нямецкай хвалі”, пра выбары адзінага кандыдата ад апазыцыі і пра магчымасьць дэфолту ў Беларусі, а таму некаторыя ўдзельнікі форуму не выключаюць таго, што яго зьнішчылі невыпадкова. Тым ня менш, на думку мадэратара, пакуль няма падставаў гаварыць пра гвалтоўнае закрыцьцё форуму афіцыйнымі ўладамі, і найбольш верагоднай ёсьць вэрсія пра чарговую хакерскую атаку.

Сёньня палітычны форум у Віцебску практычна пачаў працаваць наноў, і для абмеркаваньня на ім прапанаваны адзін з апошніх матэрыялаў Радыё Свабода: гутарка Сяргея Навумчыка і Зянона Пазьняка “Незалежнасьці можна дамагчыся малымі сіламі, але ўтрымаць Незалежнасьць малымі сіламі цяжка”.
XS
SM
MD
LG