Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: "Эўракамісія кідае грошы на вецер"


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня МЗС Беларусі адрэагаваў на рашэньні Эўракамісіі наконт арганізацыі незалежнага радыёвяшчаньня на Беларусь, а таксама на патрабаваньні выканаўчага воргану Эўразьвязу да афіцыйнага Менску выканаць 12 рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы адносна свабоды прафсаюзнага руху ў краіне.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Есін, ацэньваючы ўчарашняе рашэньне Эўракамісіі, якая падпісала кантракт з “Нямецкай хваляй” на арганізацыю радыё і інтэрнэт-вяшчаньня на Беларусь, заявіў, што для беларускіх уладаў гэта не стала сэнсацыяй.

(Есін: ) “Мы разглядаем гэты праект як бескарысны. На тле цяперашніх шматлікіх сацыяльна-эканамічных і іншых праблемаў у Эўропе Эўрапейская камісія лёгка выкідвае на вецер грошы эўрапейскіх падаткаплатнікаў. Гэтыя сродкі, мы мяркуем, маглі б быць накіраванымі на сапраўды надзённыя патрэбы саміх дзяржаваў Эўразьвязу ці на аказаньне неадкладнай дапамогі трэцім краінам, якія маюць у гэтым патрэбу. Мы гэтага не баімся”.

Адказаў спадар Есін і на іншую ініцыятыву Эўракамісіі, якая на мінулым тыдні вылучыла беларускаму ўраду ультыматум: калі цягам 6 месяцаў беларускі ўрад не возьме на сябе абавязак выканаць 12 рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы аб свабодзе прафсаюзнага руху і цягам 8 месяцаў не рэалізуе іх, то Беларусь вывядуць з Генэральнай сыстэмы гандлёвых прэфэрэнцыяў Эўразьвязу. Вось як адказаў спадар Есін на пытаньне беларускай “Свабоды” аб рэакцыі ўраду Беларусі на гэты ультыматум Эўракамісіі.

(Есін: ) “Рэспубліка Беларусь падтрымлівае актыўныя кантакты з названымі вамі арганізацыямі, але хацеў бы падкрэсьліць, што мы не з’яўляемся сябрамі Эўразьвязу, і ў гэтым пытаньні мы кантактуем выключна з Міжнароднай арганізацыяй працы”.

Пры гэтым спадар Есін падкрэсьліў, што адпаведная інфармацыя прадстаўляецца і ў Эўразьвяз. Спадар Есін запэўніў, што Беларусь у поўным аб’ёме выконвае абавязацельствы перад Міжнароднай арганізацыяй працы, і што ўрад ужо “рэалізуе комплекс захадаў, скіраваных на выкананьне рэкамэндацыяў камісіі ў справе расьсьледаваньня МАП”, і адпаведная інфармацыя накіраваная ў Сакратарыят Міжнароднага бюро працы. Аднак пры гэтым афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі заявіў пра катэгарычнае непрыманьне “палітызацыі прафсаюзнай праблематыкі.”
XS
SM
MD
LG