Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы пачалі дасьледаваць радовішчы медзі на літоўскай мяжы


Тацяна Поклад, Вільня Беларускія геолягі паводле дзяржаўнай замовы распачалі дасьледаваньне радовішчаў медзі і малібдэну на беларуска-літоўскім памежжы, каля літоўскага запаведніка “Дзукійскі нацыянальны парк”. Геалягічная служба Літвы папярэджвае, што Беларусь можа маніпуляваць гэтым, падобна пагрозе пабудаваць у басэйне Нёмну сьвінакомплексы у адказ на праекты Літвы стварыць радыёактыўны магільнік пры мяжы зь Беларусьсю і Латвіяй.

Кіраўнікі дзяржаўнага геалягічнага прадпрыемства Беларусі перадалі літоўскім калегам інфармацыю пра дасьледчыя працы з мэтай пошуку медзі і малібдэну на беларуска-літоўскім памежжы, у раёнах каля вёсак Парэчча і Бершты на Гарадзеншчыне.

Гэтыя тэрыторыі дасьледавалі і раней. Літоўскія геолягі каля 20 гадоў таму у гэтых мясьцінах знайшлі ня толькі малібдэн і медзь, але радовішчы ўраніту і срэбра. Аднак пошукі былі спыненыя.

Віцэ-дырэктар Геалагічнай службы Літвы, кіраўнік літоўска-беларускага праекту па стварэньні геалягічных мапаў памежжа, Ёнас Саткунас:

(Саткунас: ) “Гэтая выкапні знаходзяцца у пластах на досыць значнай глыбіні – калі казаць у геалягічных тэрмінах, каля 450 м ад паверхні зямлі. Яны былі нейкі час таму выяўленыя і на літоўскім баку – каля Марцінконяў, Кабялёў, іншых бліжэйшых вёсак. Але, каб пачаць здабычу з такой глыбіні, найперш патрэбна дасьледаваць пласты радовішчаў, вызначыць радовішча, якія акупіцца распрацоўваць, -- натуральна, акупіцца ня толькі у эканамічным сэнсе, але і -- найперш – у экалягічным, -- з улікам шкоды асяродзьдзю. Літва даўно спыніла такія дасьледаваньні, бо ня бачыць для іх пэрспэктываў на тэрыторыях, дзе прырода патрабуе асаблівае аховы, -- у Дзукійскім нацыянальным парку, ды іншых гэтак званых асабліва датклівых тэрыторыях. Беларускія геолягі працягваюць пошукі, сьвідруюць шахты, якія каштуюць мільёны, разглядаюць пэрспэктывы новай выведкі і магчымай пабудовы тут прадпрыемстваў па вытворчасьці мэталяў. Калі у выніку пры самай мяжы зьявіцца шахта і адпаведная інфраструктура, прадпрыемствы, -- зразумела, як гэта паўплывае на асяродзьдзе.”

Пасьля сустрэчы з беларускімі калегамі кіраўніцтва Геалягічнай службы Літвы зрабіла заяву пра геалягічныя дасьледаваньні на памежжы у зоне Парэчча (Беларусь) – Кабялі (Літва) каля тэрыторыяў дзьвюх літоўскіх запаведнікаў і папярэдзіла, што гэтым фактам Беларусь можа маніпуляваць, падобна як заявай пра намеры будаваць два буйных сьвінакомплексы у басэйне Нёмну – нібыта у адказ на праекты Літвы пабудаваць сховішча для маларадыяктыўных адкідаў блізу мяжы зь Беларусьсю, меней чым у кілямэтры ад нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG